Каханне і сэкс33

На СТБ запусцілі новае рэаліці для пошуку кахання. Удзельнікам прапаноўваюць нюхаць потныя майкі і даіць казу

У шоу «Формула кахання» над героямі як толькі не здзекаваліся. Але казалі, што галоўны крытэрый — «вернасць традыцыйным каштоўнасцям».

Вядучымі шоу на СТБ сталі Юлія Крыніцкая і Тарас Прысяжны. 

У кожным выпуску ўдзельнічаюць шэсць чалавек — тры жанчыны і тры мужчыны. Каб разбіць іх на пары, прыдумалі розныя заданні, якія мусяць задзейнічаць пяць органаў адчування. 

Для першага выпуску сцэнарысты, здаецца, выкарысталі ўсе магчымыя клішэ пра каханне — ад матылькоў у жываце да «жанчыны любяць вушамі». У нейкі момант пачынаеш хвалявацца, што ад прытарных слоў вядучых павысіцца ўзровень цукру ў крыві.

Дарэчы, удзельнікаў для «Формулы кахання» дапамагала шукаць «Міс Беларусь» Элеанора Качалоўская. А прапанову паўдзельнічаць атрымліваў нават сталініст-ябацька з Гомеля Віталь Драбышэўскі (яму актуальна, бо праз залішнюю цікавасць сілавікоў да мужчыны яго некалькі гадоў таму кінула жонка).

У прэм’ерны выпуск трапілі блогерка Караліна Шадурская (прызналася, што не супраць, каб партнёр зарабляў менш за яе — бо такая сітуацыя была з усімі мужчынамі ў яе жыцці), кіраўніца кафэ Людміла Маркоўская (прыйшла па брутальнага мужчыну каўказскай знешнасці), адміністратарка рэстарана Алеся Апанасовіч (тут галоўным патрабаванне было, каб мужык быў рукасты — і дроў насекчы мог, і разетку адрамантаваць). 

А партнёраў ім трэба было выбіраць з прадпрымальніка Барыса Краўцова (адразу папярэдзіў, што дзеля дзяўчыны скакаць вышэй за галаву не будзе), артыста Дзмітрыя Георгіў (ахарактарызаваў сябе як нарцыса, які шукае сэксотачку) ды фінансавага кансультанта Уладзіміра Шульгі (прызнаўся, што месцамі катэгарычны душніла).

На першым «эксперыменце» ўдзельнікам ставілі запісы галасоў адно аднаго, а ім трэба было вырашыць, чый больш падабаецца. Перад гэтым арганізатары далі прачытаць розныя літаратурныя фрагменты — ад ліста Таццяны да Яўгена Анегіна да «Зоркі Венеры».

Ужо на гэтым этапе дзяўчыны былі ў шоку ад таго, наколькі непрыемныя галасы ў іх патэнцыйных каханых. Мужчыны таксама не вельмі высока ацанілі ўдзельніц, але ўсё ж ім нешта спадабалася.

Пад час другога «вопыту» прыйшлося нюхаць вопратку. Вядучыя растлумачылі: за тры дні да здымкаў удзельнікам раздалі майкі і загадалі насіць іх і займацца сваімі звычайнымі справамі. Карыстацца любымі араматычнымі сродкамі было забаронена.

Відавочна, што ўдзельнікам было непрыемна. Дзмітрый прызнаўся, што яшчэ да таго, як адкрыў першы пакет, зразумеў, што пах гэтай футболкі яму не спадабаецца — і пасля гэта пацвердзілася.

«Быццам там і курыцу пасмажылі, і выйшлі на балкон папаліць цыгарэту… Быў просты такі водар мужчынскага бесклапотнага жыцця», — падзялілася ўражаннямі Караліна.

А пах адной мужчынскай цішоткі адчулі нават вядучыя, якія стаялі на адлегласці.

Цікава, што яе ўласнік адразу зразумеў, што змог выдзеліцца. Барыс прызнаўся, што схадзіў у ёй двойчы на трэніроўку. Таму і атрымалася біялагічная зброя.

Але ж нехта знайшоў і майкі, якія прыемна пахлі.

У трэцім этапе ўдзельнікам прапанавалі пакаштаваць любімую ежу патэнцыйных каханых. У чацвёртым дазволілі дакрануцца да рук праз сцяну. А ў пятым нарэшце далі паўтары хвіліны паглядзець на іншых удзельнікаў.

Тут у кагосьці адбыўся шок, бо былі выпадкі, калі па ўсіх іншых конкурсах дзяўчына лічыла, што хлопец ёй пасуе, але ж знешне ён зусім не спадабаўся. Яшчэ адна зразумела, што ўдзельнік, які ёй спадабаўся, знешне вельмі падобны на яе мінулага.

Карацей, расчаравання хапіла з усіх бакоў. 

Пасля гэтых пакут удзельнікаў адправілі на «спецзаданне» — у хаціну пасярод лесу. Чамусьці вырашылі, што гэта дапаможа зблізіцца хлопцам і дзяўчатам. Маўляў, у экстрэмальных умовах лепш раскрываюцца людзі. 

Да сціплага жылля (якое назвалі «Хутарам кахання») трэба было яшчэ дабрацца праз нейкае балота. Ужо тут у кагосьці з мужчын адбылася істэрыка.

Караліна спрабавала падтрымліваць узровень пазітыву хаця б на ўзроўні плінтуса: «Падумайце, калі мы яшчэ зможам трапіць у такую жопу».

Паўразбураная хата таксама ўразіла: мэбля, старэйшая за любога з канкурсантаў, брудны посуд, смецце паўсюль. Проста кадры з фільма жахаў. А людзі марылі, што прывязуць іх на базу адпачынку спонсара шоу!

Групу падзялілі на пары і далі асабістыя заданні — прыбрацца, абагрэць хату, прыгатаваць ежу і іншае.

Нават казу прыйшлося даіць — але ж хлопцам гэта нават спадабалася.

Атмасферу агулам можна было апісаць «хаця б не пазабіваліся». 

Але ж галоўным пунктам праграмы нечакана стала ноч. Нягледзячы на стомленасць, кампанія амаль увесь час правяла ў душэўных размовах. 

У выніку ў фінале шоу утварылася дзве пары — ім падарылі пуцёўкі на адпачынак. Паабяцалі, што на гэты раз не ў хаціну, а ў беларускі санаторый. 

Каментары3

  • БЕРАСЦЬ
    17.10.2026
    Ну а што - задума норм. Калі б па-беларуску тое рабілі — цаны не было б
  • Хвіліначку
    17.10.2026
    Хіба на скрыншотах не беларускі санаторый?
  • Столько вопросов
    17.10.2026
    А Дробышевский в итоге дошел? В выпуске с ним можно было бы героев отправить "сближаться" в СИЗО. Или его для реалити-шоу и задерживали недавно?

Цяпер чытаюць

Беларусы ўдзельнічалі ў аперацыі «Вівальдзі». Іх падраздзяленне ўзяло 20 палонных і знішчыла больш за сто байцоў праціўніка3

Беларусы ўдзельнічалі ў аперацыі «Вівальдзі». Іх падраздзяленне ўзяло 20 палонных і знішчыла больш за сто байцоў праціўніка

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі папрасіў у Еўрасаюза 70 мільярдаў еўра на абарону15

Якую зброю і разведвальныя даныя Украіне могуць даць толькі ЗША?17

Прызналі палітвязнямі яшчэ 8 чалавек. Сярод іх і падпалкоўнік Дзмітрый Зара1

Беларускі футбольны суддзя зрабіў прапанову дзяўчыне перад гульнёй ВІДЭА2

Абнавілі патрабаванні да аўташколаў і экзаменаў на права кіравання

Знік беларус, які збіраўся ляцець з Аўстрыі на канцэрт Каржа ў Франкфурце

«Бульба» з Оршы пайшоў ваяваць за Расію — цяпер сястра шукае яго ці хаця б яго парэшткі10

УСУ нанеслі ўдар па Сургуцкім ЗCК у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе прыблізна за 2400 км ад мяжы Украіны2

Раніцай на Гомельшчыну зноў заляцела расійская «Бандэроль»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусы ўдзельнічалі ў аперацыі «Вівальдзі». Іх падраздзяленне ўзяло 20 палонных і знішчыла больш за сто байцоў праціўніка3

Беларусы ўдзельнічалі ў аперацыі «Вівальдзі». Іх падраздзяленне ўзяло 20 палонных і знішчыла больш за сто байцоў праціўніка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць