«Заяўкі на Новы год пачынаюцца ў лютым». Дырэктар цырка — пра ажыятаж
На мінулым тыдні распавядалася пра тое, што беларусы зноў сутыкнуліся з праблемамі пры куплі квіткоў на навагоднія прадстаўленні ў Белдзяржцырку. Месцы на шоу разабралі за лічаныя хвіліны. Аналагічная сітуацыя была і ў мінулым годзе.
У эфіры тэлеканала АНТ сітуацыю пракаментаваў дырэктар Беларускага дзяржаўнага цырка ў Мінску Уладзімір Шабан, піша Onliner.by.
У святочны перыяд у цырку плануюць паказваць праграму «Навагодняя акваторыя». Яна будзе ісці больш за месяц — з 12 снежня па 17 студзеня. Летась паказаў было 60, але сёлета колькасць павялічылі: іх, паводле слоў дырэктара Белдзяржцырка, мае быць 80. Пры гэтым квіткі на ўсе навагоднія шоу раскупляюць на 100%. У некаторыя дні ў цырку шоу, якое доўжыцца 2,5 гадзіны, пакажуць 3 разы.
— Давайце пачнём з самага пачатку. Люты 2026 года — першая заяўка на навагодні паказ. Гэта яшчэ не браніраванне. Але на працягу года ўсе заяўкі загадчык касаў складвае ў стосік, і калі з'яўляецца графік, мы пачынаем працу з імі. Даецца 5 дзён, каб вы аплацілі сваю заяўку. І калі нехта не робіць гэтага на працягу 5 дзён, мы тут жа аддаём гэтыя квіткі ў продаж.
Уладзімір Шабан адзначыў, што абсалютна ўсе квіткі раскупілі на працягу арыентыровачна 10 дзён. Што датычыцца не калектыўных, а асабістых пакупак, то праблем з сайтам у момант продажу, паводле яго слоў, не ўзнікла.
— Ёсць людзі, якія жывуць гэтым. І як толькі з'яўляюцца [квіткі], яны адразу [ставяць] лайк — і ўсё, яны яго браніруюць. Могуць не выкупляць, але браніруюць.
Усяго ў зале 1558 месцаў. Калі памножыць іх на колькасць паказаў, атрымліваецца больш за 120 тысяч квіткоў, аднак і гэтай колькасці зноў аказалася мала.
— Вось кажуць: прафсаюзы, прафсаюзы! Але гэта хто? Нашы грамадзяне. Самыя звычайныя людзі. Як і ўсе арганізацыі, мы іх не дзелім. Тут не трэба ківаць на прафсаюзы. Мы для ўсіх грамадзян дзейнічаем аднолькава. Але так, сапраўды, стосік ад іх вялікі. Мы ж не можам ім сказаць — прыходзьце ў сярэдзіне лістапада, станавіцеся ў агульную чаргу ў касы. Што тады будзе рабіцца тут на праспекце?
Што датычыцца іншых масавых заявак, то частка квіткоў забраніраваная для акцыі «Нашы дзеці». Што датычыцца турфірмаў, то не — на іх не прыпадае значная частка пакупак. Кажучы пра пляцоўкі для перапродажу квіткоў, Уладзімір Шабан падкрэслівае: там цяпер значна больш абвестак пра жаданне выкупіць квіткі, чым прадаць іх.
Кошт квіткоў у касах ад 20 да 150 рублёў.
— Ці варта чакаць, што квіткі яшчэ з'явяцца?
— Так, адмоўныя. Бывае і па 100, і па 200 адразу.
— А ў наступным годзе будуць укаранёныя дадатковыя механізмы з вашага боку пры продажы квіткоў?
— Яны адпрацаваныя. Якіхсьці іншых я не бачу. Браніраваць загадзя і маніторыць.
Каментары