Нерухомасць

Адзін паверх, чатыры спальні, сем сотак і суседства з Ярмошынай. У Драздах прадаюць катэдж за $4 мільёны

З вуліцы дом выглядае даволі сціпла ў параўнанні з некаторымі суседнімі асабнякамі. Аднак вышыня столяў у ім дасягае шасці метраў.

Фота тут і далей: Realt.by

На сайце Realt.by з'явілася аб'ява аб продажы катэджа ў адным з самых прэстыжных раёнаў Мінска — Драздах.

Гісторыя гэтага месца як раёна для эліты пачалася яшчэ ў савецкія часы, калі тут размяшчаліся дачы вышэйшага кіраўніцтва БССР. У 2000‑х непадалёк ад урадавай рэзідэнцыі пачалі актыўна будаваць катэджы. Высокапастаўленыя чыноўнікі і набліжаныя да Лукашэнкі спартсмены атрымлівалі зямлю ў падарунак, а бізнэсмены — куплялі.

Выстаўлены цяпер на продаж дом знаходзіцца на Дароўскім завулку, праз два дамы ад катэджа былой старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.

Пабудавалі яго ў 2014 годзе на ўчастку ў сем сотак. Нягледзячы на тое, што катэдж аднапавярховы, яго агульная плошча складае 311,3 квадратнага метра.

Звонку дом не вылучаецца асаблівай раскошай. У афармленні фасада спалучаюцца светла-карычневая цэгла і цёмныя вертыкальныя панэлі. Для аўтамабіля прадугледжаны навес.

Мяркуючы па планіроўцы, катэдж разлічаны на вялікую сям'ю з дзецьмі. Цэнтральнае месца ў ім займае гасцёўня плошчай амаль 64 квадратныя метры, злучаная з кухняй-сталовай плошчай крыху больш за 22 квадратныя метры.

У інтэр'еры гасцёўні спалучаюцца прыглушаныя колеры сцен, масіўная мяккая мэбля, дэкаратыўныя пано і дыван з традыцыйным арнаментам. Тут ёсць камін з каменным парталам, электроннае піяніна і тэлевізар, за якім усталяваная дэкаратыўная перагародка з вертыкальных элементаў вышынёй да столі.

У асобным блоку размясцілі гаспадарскую спальню плошчай амаль 30 квадратных метраў з уласнай гардэробнай, ванным пакоем і саунай.

Яшчэ тры пакоі адведзеныя пад дзіцячыя спальні. Для дзяцей прадугледжаны асобны санвузел.

Акрамя таго, у доме ёсць пральня, дадатковая гардэробная, кацельня-кладоўка, халоднае памяшканне для захоўвання прадуктаў і гасцявы санвузел. З трох бакоў дом часткова агінае прасторная тэраса.

За катэдж разам з мэбляй просяць 12 мільёнаў рублёў, што эквівалентна $4 мільёнам.

Каментары

Цяпер чытаюць

У 49 гадоў памёр палкоўнік Дунаенка, герой скандалу з прастытуткамі9

У 49 гадоў памёр палкоўнік Дунаенка, герой скандалу з прастытуткамі

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, чаго хацеў чалавек, які ўчора падпаліў сябе ў цэнтры Варшавы3

Мірскі замак увайшоў у топ-100 найлепшых крэпасцяў свету3

У Арменіі вырашылі прыбраць расійскіх памежнікаў са сваіх межаў2

На Магілёўшчыне каля дарог сталі з'яўляцца ласі, якія свецяцца ў цемры1

У Кіеве на запыт Польшчы затрымлівалі беларускага добраахвотніка

«Лічаныя хвіліны — і на свет з’явіўся наш герой дня». Мінчанка расказала пра роды на плошчы Перамогі да прыезду медыкаў

Паца-Ваца і «Пагоня» — у Варшаве адкрыўся офіс Святланы Ціханоўскай. Паказваем, як там усё выглядае ФОТЫ42

Дом сям’і Віктара Бабарыкі выставілі на аўкцыён6

Нейтральная, але безабаронная. Швейцарыя расчароўваецца ў сваім нейтралітэце11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У 49 гадоў памёр палкоўнік Дунаенка, герой скандалу з прастытуткамі9

У 49 гадоў памёр палкоўнік Дунаенка, герой скандалу з прастытуткамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць