Грамадства

У Гродне на таргі выставілі старадаўні вадзяны млын на Ласасянцы

Старадаўні вадзяны млын на заходняй ускраіне Гродна, які ў XVIII стагоддзі будавалі яшчэ пры Антонію Тызенгаўзе, выставілі на аўкцыён. Некалі тут малолі збожжа, потым маляўнічыя руіны ля рачных парогаў сталі папулярнай фотазонай, а восенню 2025 года пабудову ўвогуле абнеслі стужкай з-за рызыкі абвальвання, піша Domovita.by.

Фота: vgr.by

Цяпер руіны будынка на вуліцы Рачной, 21А разам з двума ўчасткамі каля вады ацанілі ў 185 257 рублёў — прыкладна $61 619 па курсе Нацбанка. Будучаму інвестару дастанецца каларытнае месца з трохсотгадовай гісторыяй, але зацягваць з рэстаўрацыяй не выйдзе: на поўнае аднаўленне млына даюць 3 гады.

Былы млын знаходзіцца непадалёк ад моста цераз Ласасянку, які вядзе ў бок Сапоцкіна. Некалі гэта была грунтоўная пабудова на 283 квадратныя метры, але да нашых дзён захаваліся толькі каменны падмурак і частка сцен з цэглы і буту. Даху, перакрыццяў, падлогі, вокнаў і дзвярэй тут даўно няма.

Фота: vgr.by

Да нядаўняга часу атмасферныя разваліны і шумныя парогі ракі прыцягвалі мясцовых фатографаў, хоць бераг паступова зарастаў і захламляўся. У верасні 2025 года лакацыяй заняліся спецыялісты МНС і камунальнікі. Праверка паказала, што каля 70% сцен ужо абвалілася, а астатняе можа абрынуцца ў любы момант, таму тэрыторыю прызналі небяспечнай і абгарадзілі стужкай.

Млын знаходзіцца проста ў межах горада, і гэта ўжо відавочны плюс для будучага інвестара. І, вядома, галоўная перавага гэтага лота — вялікі зямельны надзел ля вады. Разам з рэшткамі пабудовы купец атрымае ў арэнду на 50 гадоў адразу два ўчасткі плошчай 0,5162 і 0,1725 гектара. У суме выходзіць амаль 69 сотак, якія выдзяляюць пад аднаўленне будынка і яго далейшае абслугоўванне.

Фота: vgr.by

Мытня, спрэчка з-за дарогі і вясельны падарунак

Вадзяныя млыны на хуткай рэчцы Ласасянцы працавалі яшчэ з пачатку XVI стагоддзя, а канкрэтна гэты ўпершыню з’явіўся ў вопісах каралеўскай эканоміі ў 1712 годзе — ужо старым. У другой палове XVIII стагоддзя пры гродзенскім старасце Антонію Тызенгаўзе на яго месцы ўзвялі цагляную пабудову для прамысловага комплексу «Кунштат». Пазней па рацэ прайшла дзяржаўная мяжа, і каля плаціны вырас сапраўдны памежны пераход з мытняй, тавернай і 6‑метровым каменным слупом.

Фота: vgr.by

Потым млын перайшоў у прыватнае валоданне, і спакойнага жыцця тут не было. У 1820 годзе ўладальнік Меер Заляшанскі нават скардзіўся ўладам на паручніка О’Брыена дэ Ласі, які разбурыў драўляную дарогу і перакапаў пад’езд да будынка. У другой палове XIX стагоддзя пабудова згарэла, але ў 1883 годзе яе перабудаваў прадпрымальнік Вольф Вільбушэвіч. Маёнтак Ласосна з двума млынамі яму падарыла на вяселле маці, і справа пайшла ўгару: новы гаспадар абнавіў турбіны, а ягоныя сыны ладзілі тут інжынерныя эксперыменты.

Фота: vgr.by

У гады Другой сусветнай вайны ўсё металічнае абсталяванне вывезлі ў Германію. Апошні раз збожжа тут малолі ў пачатку 1960‑х гадоў — пазней вытворчасць спынілася, і пабудова з часам прыйшла ў заняпад. А вось суседні млын на Рачной, 25 захаваўся куды лепш — сёння там працуе лазневы комплекс «Стары млын».

Цэннік і задачка з зорачкай для інвестара

Пачатковая цана лота — 185 257 рублёў, або каля $61 619 па курсе Нацбанка. Каб прыняць удзел у таргах, трэба ўнесці задатак 20 000 рублёў. Заяўкі прымаюць да 22 снежня, а сам аўкцыён пройдзе 28 снежня.

Проста выкупіць зямлю і знесці старадаўнюю пабудову не выйдзе — да продажу прыкладаюцца абавязковыя ўмовы па захаванні будынка. За паўтара года пасля аўкцыёну купец павінен распрацаваць і зацвердзіць праект рэканструкцыі млына. Архітэктуру і стылістыку гістарычнай пабудовы пры гэтым давядзецца захаваць, а цалкам скончыць работы і ўвесці аб’ект у эксплуатацыю — максімум за 3 гады.

Каментары

Цяпер чытаюць

У СІЗА памёр 63‑гадовы палітвязень Юрый Лукша7

У СІЗА памёр 63‑гадовы палітвязень Юрый Лукша

Усе навіны →
Усе навіны

Абяцалі 1000 даляраў. Беларус паехаў на заробкі ў Расію і там двойчы трапіў у працоўнае рабства3

«А дзе ЖЭС?» Беларус сам адмыў увесь пад’езд пасля пражывання там бяздомнага ВІДЭА3

У Мінскай і Віцебскай абласцях таксама падаражэў праезд

Хакер узламаў адзін з самых папулярных менеджараў пароляў

Францыя і Вануату спрачаюцца за два бязлюдныя астравы. Што ў іх такога важнага?

Пасля дубайскага шакаладу і матчы — «смугар». Эксперты называюць яго харчовым трэндам 2027 года4

У Гродне мужчыну здымалі з казырка балкона шматпавярховага дома2

Выкрадзеныя дакументы Расстата даюць уяўленне пра страты расійскіх вайскоўцаў і наймітаў у Афрыцы

Адбываюцца ператрусы ў людзей, якія атрымлівалі стыпендыі па праграме ЕС EU4Belarus — SALT, і іх сваякоў53

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У СІЗА памёр 63‑гадовы палітвязень Юрый Лукша7

У СІЗА памёр 63‑гадовы палітвязень Юрый Лукша

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць