Затрыманых у Менску ўдзельнікаў акцыі з нагоды 20-годзьдзя прыняцьця дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі сёньня будуць судзіць у судзе Савецкага раёну Менску. Іх абвінавачваюць у дробным хуліганстве (артыкул 17.1 адміністрацыйнага кодэксу) за нібыта нецэнзурную лаянку.

Паводле праваабаронцаў, затрыманых — Міколу Дземідзенку, Касю Давыдзік, Андрэя Кіма і Вячаслава Сіўчыка — ноч пратрымалі ў турме на Акрэсьціна.

27 ліпеня актывісты апазыцыі мелі намер ускласьці кветкі да помнікаў Якубу Коласу, Янку Купалу і Максіму Багдановічу ў Менску.

На плошчы Якуба Коласа, дзе пачалася акцыя, сабралася прыблізна 30 чалавек. Міліцыянты з прымяненьнем сілы затрымалі чатырох удзельнікаў акцыі, заштурхнулі ў міліцэйскую машыну і даставілі ў Савецкае РУУС.

Артыкул 17.1 прадугледжвае штраф ад 2 да 30 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?