Аб'ёмы будаўніцтва ў Мінску будуць скарачацца, насельніцтва краіны не павінна канцэнтравацца ў сталіцы - людзі павінны ісці туды, дзе ёсць працоўныя месцы і патрабуецца рабочая сіла, заявіў кіраўнік дзяржавы ў час наведвання комплексу жылой забудовы ў мікрараёне "Усходні" ў Мінску.

Напрыклад, сказаў ён, у Светлагорску хутка пачне будавацца новы камбінат пад кітайскія крэдыты. "Туды патрэбныя людзі, будзе будавацца жыллё. Не можаш пабудавацца ў Мінску - едзь туды і будуйся", - цытуюць Лукашэнку афіцыйныя крыніцы.

Пры гэтым ён запэўніў: людзі, якія даўно стаяць на чарзе на жыллё ў Менску, павінны яго пабудаваць. "Але льгатаваць і падштурхоўваць людзей трэба туды, дзе патрэбна рабочая сіла. Трэба зыходзіць з тых прынцыпаў, на якіх сёння жыве свет", - заявіў Лукашэнка.

Што датычыць будаўніцтва жылля за свой рахунак і за сродкі камерцыйных крэдытаў, то ніхто не будзе гэтаму перашкаджаць, сцвярджае кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама папярэдзіў аб недапушчальнасці павышэння цэнаў на будаўніцтва па раней заключаных кантрактах. "Тут мы не можам біць так чалавека. Гэтую праблему трэба вырашыць хоць кроў з носу, чаго б нам ні каштавала. Абараніць тых, хто ўжо заключыў дагаворы і ў каго жыллё ўжо будуецца", -- сказаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?