Падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай ўмовам утрымання ў СІЗА КДБ, я расказаў выбаршчыкам толькі пра факты фізічных здзекаў і катаванняў, бо на іх фоне ўсё астатняе мела другаснае значэнне. Але сёння я хацеў бы вярнуцца да тэмы «асветы масаў» і апавесці пра мастацкія густы работнікаў «нябачнага фронту».

Абавязковая «адукацыйная праграма» для вязняў «амерыканкі» складалася перадусім з цудоўнага вінегрэта фільмаў пра вялікага Лукашэнку, вялікі Савецкі Саюз, вялікую Расію і тых, хто пагражае «велічы вялікіх». Прапагандысцкая чарнуха пра ЗША, пра сусветны ўрад і пра тое, як Масква залатагаловая апантана супрацьстаіць падкопам праклятых імперыялістаў, мяне асабліва не здзіўляла. Аднак антысеміцкія кінастужкі накшталт «Расеі з нажом у спіне» вытворчасці студыі «Поле Кулікова» прымусілі не на жарт задумацца. Аўтар сцэнарыя і вядучы Кастусь Душенаў, ён жа галоўны рэдактар ​​часопіса «Русь Праваслаўная», дарэчы, некалькі гадоў таму быў у Расіі асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі за распальванне міжнацыянальнай варожасці. Таму паняцце антысемітызму, як вы разумееце, у кінастужцы было выкарыстанае не ў сэнсе «руху за мужчынскае ўстрыманне».

Яшчэ ў самым пачатку карціны глядач даведваецца пра тое, што: «гэта фільм пра пагібельнае габрэйскае засілле ў сучаснай Расеі, фільм пра габрэйскі фашызм і мэтанакіраваны генацыд рускага народа, пра д’ябальскі сатанінскі культ талмудысцкіх юдаістаў і пра яго страшнае чалавеканенавісьніцкае веравучэнне». Падчас прагляду ваш шаноўны слуга даведаўся пра тое, што ўлада ў Расеі, аказваецца, належыць не Пуціну, Сечыну, Іванову і Цімчанку, а вельмі дзіўным габрэям з нечалавечымі здольнасцямі, якімі «ўся доблесная ўлада нашпігаваная, як бочка селядцамі».

Сюжэт быў падступны. Доўга і знаходліва цудоўныя эксперты разважалі пра ўсталяванне ў Расіі «рэжыму габрэйскага фашызму». Потым выступалі правінцыйныя святары, што выкрывалі сусветны сіянізм. Прадстаўнікі брацкай Сербіі ласкава расказвалі беларускім зэкам таямніцу пра тое, што аб’ядноўвае габрэяў з косаўскімі албанцамі. Гэта значыць, падчас трансляцыі серыяла з тэлевізійных экранаў ліліся неймаверныя порцыі нянавісці і ксенафобіі. Голас за кадрам называў людзей, якія падтрымліваюць габрэяў, не інакш як «жыдоўствуючымі». У тытрах насупраць радка «сцэнарыст» я спадзяваўся ўбачыць прозвішча выдатнага суаўтара — рэйхсміністра народнай асветы і прапаганды Германіі 1933–1945 гадоў. Аднак права інтэлектуальнай уласнасці, як, уласна, і правілы прыстойнасці, захаваныя таксама не былі. Колькасць праваслаўных святароў у кінастужцы стварала ўражанне, што Расійская праваслаўная царква трымаецца антысеміцкіх поглядаў адкрыта і афіцыйна. Толькі выйшаўшы на волю, я даведаўся, што РПЦ зусім не звар’яцела і паспела некалькі разоў асудзіць актыўнасць псеўдаправаслаўных «ісконнікаў».

Чаму супрацоўнікі айчынных спецслужбаў дазваляюць праводзіць у беларускіх гарадах «Усерасійскі з’езд нацыянал-сацыялістаў»? Адкуль бярэцца любоў да антысеміцкіх аўтараў у людзей, закліканых абараняць беларускае грамадства ад праяваў нацыянальнай нянавісці і ксенафобіі? Чаму ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі не баяцца прымушаць вязняў глядзець адкрыта фашысцкія фільмы, за якія ў Расіі ФСБ саджае ў турму? «Апрычнікі» Аляксандра Лукашэнкі ненавідзяць габрэяў за тое, што яны далі свету 10 запаветаў, якія цяпер выконвае ўвесь цывілізаваны свет і якія чамусьці не выконваюцца «мінскім абкамам»?

Я хачу нагадаць афіцыйным уладам Беларусі, што антысемітызм караецца эканамічна, не кажучы ўжо пра маральныя і інтэлектуальныя наступствы. Калі «байцы нябачнага фронту» вырашылі дапамагчы Ахмадынежаду і паваяваць з габрэямі, яны могуць паставіць на сваёй арганізацыі крыж ўжо цяпер. Параза — гэта не тая раскоша, якую габрэі могуць сабе дазволіць. Як, уласна кажучы, і беларусы. Вас, таварышы чэкісты, хтосьці ўвёў у зман. Народы, якія навучыліся жыць без сваёй дзяржавы, перамагчы немагчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?