Нерухомасць33

Дом пад Лагойскам аднавілі пасля выбуху: ні цяпла, ні вады — фотарэпартаж

І нават газ на ўсякі выпадак не падводзілі — прычыны выбуху дагэтуль невядомыя.

«Два тыдні таму нас усіх запрасілі сюды прыехаць. Да дома. Быў прадстаўнік райвыканкама, будаўнікоў. І кажуць нам: «Вось вам ключы. Забірайце. Дом здадзены». Мы пытаемся: «Пакажыце дакументы якія — што тут, дзе?» А нам: «Бярыце ключы», — у роспачы расказвае мне новая-старая жыхарка сумна вядомага дома ў вёсцы Малінаўка пад Лагойскам, Тамара Буклеева.

Выбух у ваенным гарадку ля вёскі Малінаўка пад Лагойскам адбыўся ў лютым. Цалкам разбураны пад’езд вялікага трохпавярховага дома, адзін чалавек загінуў, яшчэ некалькі атрымалі цяжкія траўмы.
Аднак ужо праз месяц улады вырашылі дом… аднавіць. І нават тэрміны назвалі — да 1 ліпеня. Аднавілі да 1 кастрычніка.

Гаспадыня адной з кватэр, якая паказвае мне вынікі аднаўлення, у роспачы нездарма: будынак толькі звонку выглядае новабудоўляй і цацкай. Унутры — дзіркі ў столі, тонкія драўляныя дзверы, цвіль на сценах і холад з сырасцю.

«Тут няма ні ацяплення, ні вады гарачай. Ніякіх умоваў для жыцця. У XXI стагоддзі гэта проста непрымальна. Жыць тут немагчыма».

Ці магчыма тут жыць — не ведаю. Але за пятнаццаць хвілін, якія мы сядзім на кухні з гаспадыняй кватэры, размаўляючы пра «радасці» вяртання дадому, я паспяваю замерзнуць. Таму прашу мне паказаць скляпенні і кватэры з той часткі будынка, якая была знішчаная выбухам. У скляпеннях сустракаем яшчэ аднаго «перасяленца».

Мужчына сярод лужынаў прыладжвае дзверы — будаўнікі чамусьці вырашылі, што яны тут непатрэбныя. Над галавой пластыкавыя трубы без якога-небудзь ацяплення. Страшна падумаць, што з імі будзе ў маразы.

Пытаюся пра абяцаныя ўладамі кампенсацыі. Мне расказваюць пра 2 мільёны рублёў, якія выдалі адразу пасля выбуху. І ўсё. Больш атрымалі толькі жыхары знішчаных кватэр. Сяброўка маёй спадарожніцы, напрыклад.

Усю яе маёмасць дзяржава ацаніла ў… 2200 долараў.
Лаўлю сябе на думцы, што змесціва майго заплечніка з фотаапаратам, ноўтбукам і дыктафонам каштуе больш.

Вяртаемся ў кватэру да Тамары. Яна хоча мне паказаць сцяжкі паміж ацалелай часткай дома і новазбудаванай. Цяпер час ад часу дома ў Тамары будуць нечаканыя і шумныя госці — будаўнікі. Яны прыйдуць падкручваць сцяжкі, каб дом не разваліўся на часткі. Сцяжкі схаваныя карабамі, вісяць проста над канапай.

«А гэта ў нас злучэнні. Клямкамі злучылі сцены са столлю. Раптам абваліцца пасля выбуху.
Клямкі схавалі за карабамі і сказалі, што калі дом прасядзе, то адчыняць і падкруцяць. Вось так мы тут сейсманебяспечна жывем».

Пакуль Тамара ў кватэры толькі начуе. З катом.

Цяжарную дачку адправіла да радні: у такіх умовах захварэць — раз плюнуць. Калі будзе гарачая вада і цяпло, і ці будзе ўвогуле — невядома.
У райвыканкаме гавораць, што дом здадзены ў тэрмін і адпавядае ўсім нормам. Толькі абжыць трэба.

Нягледзячы на стаханаўскія тэмпы па здачы дома, следства пакуль так і не высветліла прычыны выбуху, што знішчыў будынак.

У Следчым камітэце расказваюць аб прадаўжэнні тэрміна расследавання да 30 снежня. Жыхары перакананыя, што яго зацягваюць адмыслова — няма вінаватых, няма на каго падаваць у суд за знішчаную маёмасць і маральную шкоду.

Цяжка сказаць, ці маюць яны рацыю. Толькі вось газ да дома больш не праводзілі ўвогуле. Далей ад граху, напэўна.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Даішнік, якога збіў машынай пенсіянер пад Мінскам, памёр у бальніцы. Яму зладзілі пышнае пахаванне18

Даішнік, якога збіў машынай пенсіянер пад Мінскам, памёр у бальніцы. Яму зладзілі пышнае пахаванне

Усе навіны →
Усе навіны

У небе над Рэчыцай — дрон2

Што вядома пра экс-афіцэра Службы бяспекі Лукашэнкі Андрэя Спасава, якога пасадзілі за палітыку2

У ЕС прыйдзецца плаціць па тры еўра за кожны тавар, куплены па-за межамі Еўрасаюза анлайн8

Ціхан Клюкач загінуў12

На Сызранскім НПЗ у Расіі бушуе пажар пасля атакі БПЛА, ёсць загінулыя3

Беларусам прыходзяць паведамленні аб аўтамабільных штрафах ад неіснуючых арганізацый1

Расіяне прыдумалі новую мутную схему, як ездзіць на люксавых аўто з беларускімі нумарамі і эканоміць грошы6

Ціханоўская: У Беларусі не павінна быць ніводнага палітвязня. Мы працягнем змагацца, каб кожны і кожная выйшлі на свабоду11

«А куды падзеліся сметніцы ў Мінску?» Камунальнікі пракаментавалі скаргі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Даішнік, якога збіў машынай пенсіянер пад Мінскам, памёр у бальніцы. Яму зладзілі пышнае пахаванне18

Даішнік, якога збіў машынай пенсіянер пад Мінскам, памёр у бальніцы. Яму зладзілі пышнае пахаванне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць