Калі ў краіне няма прадстаўнічага органа — яго трэба стварыць знізу. Калі ў краіне няма справядлівых выбараў — трэба арганізоўваць іх самім. Менавіта па такой логіцы вырашыла дзейнічаць расійская апазіцыя, арганізаваўшы ўнікальны ў сучаснай гісторыі палітычны эксперымент: усеагульныя выбары ў Каардынацыйную раду апазіцыйных сілаў.

Галоўную ролю тут адыгралі сучасныя тэхналогіі і спонсарская падтрымка, на якую такія праекты ў Расіі яшчэ могуць разлічваць.

Яшчэ дзесяць ці пяць гадоў таму, без развітога электроннага банкінгу, інтэграцыі інтэрнэту з мабільнай сувяззю, без тэлевізійных трансляцый анлайн і сыходу гарадской тэлевізійнай аўдыторыі ў інтэрнэт, такое мерапрыемства было б немагчымае.

Расійскія апазіцыйныя выбары зрабіліся ўнікальным для краіны практыкаваннем у электроннай дэмакратыі.

Паўдзельнічаць у выбарах можна было, не сыходзячы з дому: усё праз сайт Цэнтральнага выбарчага камітэту.
Так зрабілі некалькі дзясяткаў тысяч людзей па ўсёй Расіі і нават за яе межамі. Вядома, усё гэта не дало нікому стоадсоткавай гарантыі, што сярод зарэгістраваных і верыфікаваных не было махляроў і прыкалістаў — але пагрэшнасць, мяркую, была цалкам дапушчальных памераў. То былі выбары і не ў Дзяржаўную думу: калі б размова ішла аб іх і калі б у распараджэнні былі не прыватныя сродкі актывістаў, а дзяржаўны бюджэт, можна было б сістэму і ўдасканаліць. Пакуль што яна спрацавала бездакорна — калі не лічыць тое, што ў першыя гадзіны галасавання сайт абрынуўся пад моцнай ddos-атакай, арганізаванай можна зразумець кім, мяркуючы па гістэрычнай рэакцыі дзяржаўных СМІ і дзяржаўных "блогераў" на гэтае мерапрыемства.
Выбары сталіся таксама ўнікальным для Расіі актам грамадзянскай самаарганізацыі і дэманстрацыі сілы грамадзянскай супольнасці.
Для ўдзелу ў выбарах зарэгістраваліся 150 тысяч чалавек, прайшлі верыфікацыю амаль 100 тысяч і прагаласавалі амаль 82 тысячы.

Калі на выбарах у сапраўдны парламент няма сапраўдных дэбатаў — трэба арганізоўваць дэбаты самім. Сапраўдныя дэбаты праходзілі кожны вечар у жывым эфіры незалежнага тэлеканала «Дождь». Кандыдаты фармавалі кааліцыі, спрачаліся, абвінавачвалі адно аднаго — усё вельмі сур’ёзна. Лібертарыянцы і еўрасацыялісты, расійскія і нерасійскія нацыяналісты, кансерватары і дэмакраты, ЛГБТ-актывісты і сталіністы — была прадстаўленая ўся палітра магчымых палітычных рухаў Расіі, назіраць за гэтай разнастайнасцю было нязвыкла і прыемна.

Які палітычны сэнс у праведзеных выбарах?

Любая апазіцыя існуе для таго, каб прапанаваць і ствараць тое, чаго не можа прапанаваць улада — і тут гэта было зроблена.
Каардынацыйная рада мае рэальную легітымнасць і рэальны мандат дзейнічаць ад многіх тысяч людзей. Каго прадстаўляюць тыя апазіцыянеры, хто адмовіўся браць у гэтых выбарах удзел, цяпер не зусім і зразумела.
З расійскіх апазіцыйных выбараў магла б навучыцца і беларуская апазіцыя.
Калі ў краіне няма свабодных выбараў і дыскусій пра шляхі развіцця краіны, але ёсць грамадскі попыт на гэта — усё можна правесці і самастойна. І з дапамогай сучасных тэхналогій, і з дапамогай атраманту на палец тым, хто прагаласаваў, які не адмыецца прынамсі да канца дня галасавання, як тое рабілі на першых свабодных выбарах у Іраку.
Менавіта так, а не на сумнеўнай прадстаўнічасці кангрэсе беларуская апазіцыя магла б абраць адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары 2015 г. — калі яна хоча, каб гэта быў сапраўды народны кандыдат.
Менавіта так маглі б фармавацца аб'яднанні беларускай апазіцыі (АДС, КРДС і што там потым было): у выглядзе рэальнага народнага апазіцыйнага парламенту, на выбары ў які галасы сапраўды падлічваюцца. А значыць, чыя легітымнасць будзе большай, чым у «палаты прадстаўнікоў». Інтэрнэт гэта ўсё дазваляе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?