Архіў

Сяргей Паўлоўскі. Хэпі-энд для Чарнобыля (Тэма нумару)

№ 08 (129) 1999 г.


 

Хэпі-энд для Чарнобыля

 

У трынаццатую гадавіну Чарнобыльскай катастрофы мы павядзем гутарку пра культурны кантэкст гэтай падзеі. Найчасьцей яе называюць трагедыяй. Не забываючы, што трагедыя — гэта яшчэ й азначэньне жанру, прачытаем Чарнобыль як тэкст і параўнаем яго з творамі Васіля Быкава і Ўільяма Голдынга. Нарэшце, паспрабуем дачытаць гэты твор да ўдалае разьвязкі — да хэпі-энду. Ці, прынамсі, уявіць сабе нейкі выйсны канец гэтай гісторыі.

Часам зьяўляецца такое адчуваньне, што ў нас у Беларусі ўжо склалася табу на любыя «адвольныя інтэрпрэтацыі» паняцьця Чарнобыль. Яго недатыкальнасьць нагадвае недатыкальнасьць сьвятарных кароваў савецкага часу — Леніна, КПСС, Камунізму. І дакладна як і тады, гэтае табу тым больш жорсткае, чым менш само паняцьце зьвязваецца з канкрэтным, эфэктыўным, ратавальным дзеяньнем і чым больш за кулісамі табу робіцца ўсялякіх таемных справаў. Адзін дасьведчаны экспэрт сказаў мне: Чарнобыль — гэта нячысты бізнэс і нячыстая палітыка. Трагічны патас Чарнобыля становіцца ўсё больш непраглядным прыкрыцьцём згаданага бізнэсу і палітыкі ад шырокага грамадзтва...

Чаму для параўнаньня і зразуменьня Чарнобыля ў сёньняшняй «НН» мы абралі раман Уільяма Голдынга «Валадар мух»? Чарнобыль цяжка назваць лякальнай катастрофай. І ўсё ж адбылася гэтая аварыя ў замкнёнай краіне, якая мала адрозная ад няжылае выспы ў Ціхім акіяне. Там наўкола вада, тут — жалезная заслона: дзяржаўная мяжа, таталітарная ідэалёгія, адміністрацыйная сваволя.

Раман Голдынга распавядае пра эпізод другой сусьветнай вайны. Самалёт з ангельскімі хлопчыкамі на борце церпіць катастрофу на невялікай няжылай выспе ў Ціхім акіяне. Выратоўваюцца толькі хлопчыкі — ад шасьці да дванаццаці гадоў. Увесь твор — гэта гісторыя іх выжываньня. Спачатку яны склікаюць сходы і вырашаюць трымаць сыгнальны агонь на вяршыні гары. Потым пачынаюць паляваць на сьвіней. Апошні занятак, шал забойства і пах крыві, прыводзіць іх да зьдзічэньня. З уласьцівай падлеткам няўстрымнасьцю яны ператвараюцца ў дзікуноў. Яны абрастаюць патламі, яны брудныя, усё цела ў іх — у запёках ад ранаў. Твары размаляваныя рознакаляровай глінай. У рытуальным танцы яны нібы выпадкова забіваюць свайго раўналетка. Потым ужо лягчэй і сьвядома забіваюць другога. Нарэшце сярод іх застаецца толькі адзін хлопчык, які яшчэ мае ў сабе цывілізацыйныя стопары — Ральф.

Перад самым фіналам раман Голдынга нагадвае тыповыя канцоўкі Васіля Быкава. Зьдзічэлыя хлопчыкі ўчыняюць аблаву на Ральфа. У экстазе яны падпальваюць увесь востраў. Паранены Ральф выбягае да акіяну, які цяпер уяўляецца адначасова сьмяротным сыходам і адзіным ратункам. Патас апісальніка жыва прыпамінае быкаўскую «Аблаву», калі галоўны герой кідаецца ад загоншчыкаў у дрыгву і парынае ў ёй, успрымаючы такую сьмерць як паратунак.

І вось тут адбываецца самае галоўнае адрозьненьне паміж той культурай і, можа быць, цывілізацыяй, якую прадстаўляе Быкаў, і той, якую прадстаўляе нобэлеўскі ляўрэат Голдынг. У Быкава гэта канец, у Голдынга — працяг і пасьля — хэпі-энд. Уцякаючы, хлопчык Ральф налятае з разгону на чалавека, які стаіць на беразе. Гэта капітан у белай фуражцы. Палаючы востраў быў заўважаны з крэйсэра і капітан прыплыў у разьведку.

— Добры дзень, — кажа капітан Ральфу.

— Добры дзень.

— Дарослых тут няма? — Ральф ківае. — У вас тут што, вайна? Абышлося без забойстваў, спадзяюся. Няма мёртвых целаў?

— Толькі два. Іх зьнесла ў акіян.

Сьмерць азначае незваротную страту. Забойства — незваротную віну.

Але недалёка ад берага відаць выразны абрыс крэйсэра. Кашмар скончыўся.

У Быкава крэйсэра — не бывае. Не бывае іншай зямлі, не бывае паратунку. Уявіць сабе такі канец у Голдынга, як, зрэшты і ва ўсёй заходняй маскультуры высокага кшталту, немагчыма, там гэта ў лепшым выпадку ўспрымалася б як недасказанасьць, як чыста тэхнічная недаробленасьць тэксту. І ня толькі ў культуры. У жыцьці. Там абавязкова мусіць быць працяг. Тут усё можа абарвацца на самым кашмарным месцы. Як Чарнобыль. Чарнобыль у нашай сьвядомасьці абарваны на самым кашмарным месцы. За 13 гадоў прапаганда папрацавала для гэтага на поўную катушку — як афіцыйная, так і апазыцыйная. Чарнобыль — сьмерць — радыяцыя — безнадзейнасьць — беспрасьвецьце. Няма крэйсэра й ня можа быць. Жыцьцё ў прынцыпе ня мае ніякага сэнсу. За ХХ стагодзьдзе беларуская ідэя аж вывернулася ўся ў гэткім мазахістычным парываньні. Душылі камуністы, стралялі немцы, ударыла радыяцыя...

Было. Але каб жа хоць слоўца да гэтага — пра тое, што жыць — варта.

Каб адчуць розьніцу, я паспрабаваў мэханічна прыставіць да Быкава Голдынгаў крэйсэр. Уявіце сабе, селянін Роўба, які ўцякае ад аблавы ў дрыгву, ужо разьвітаўся з жыцьцём, але тут зусім блізка пачуліся стрэлы — гэта былі свае, сяляне-партызаны, якія змагаліся супраць калгасаў. Або — селянін Роўба разьвітаўся — і тут відмо анёла спусьцілася зь неба і, сьветлае й чыстае, падхапіла яго на рукі, панесла з сабою ў сонечную прастору вечнага шчасьця. Гэта няпраўда? Але гэта праўдападобна — у першым выпадку з пункту гледжаньня фактаў, у другім — з гледзішча хрысьціянскае сьвядомасьці. Мы адстойваем праўду жыцьця, але самі ў жыцьці мысьлім толькі катэгорыямі праўдападабенства. Мысьленьне паспалітага чалавека — гэта не аналітычная зводка генштабу, а заўсёды — мастацкая літаратура. Менавіта так мы думаем або мусім думаць пра сваё жыцьцё, каб яно мела сэнс і працяг, і працяг сэнсу. Нашыя жаданьні абавязкова павінны збывацца. На зямлі ці на небе. Інакш мы ператвараемся ў дзікуноў, у фізіялягічныя арганізмы, інакш нам сапраўды няма для чаго жыць.

Уявіце, каб героі быкаўскай «Ваўчынае ямы» пры канцы твору знайшлі крыніцу, якая б іх ацаліла, і, умыўшыся ў ёй, паглядзелі на сонца і адзін на аднога і падумалі, што сталі блізкімі людзьмі. Ці хоць бы і без крыніцы — нават паміраючы ад хваробы — адчулі між сабой крэўнасьць. Была б зусім іншая гісторыя. Вы скажаце — нацяжка. А мне думаецца, што ў гэтым і хаваецца праблема выжываньня і чалавечага аптымізму беларусаў. Будзе новае лета і новае сонца, і землі ачысьцяцца, і воды ачысьцяцца, і ўнукі адселеных брагінцаў вернуцца ў свой старажытны Брагін — падноўлены і прыўкрасны, маляўнічы, туды, дзе прайшло жыцьцё дзядоў і бацькоў.

У грамадзкім усьведамленьні Чарнобыля дакладна гэтаксама не хапае крэйсэра, надзеі на хэпі-энд, увогуле надзеі. Чарнобыль падбіў жыцьцяздольнасьць нацыі ня столькі радыёнуклідамі, колькі гэтай вось безнадзёгай. Нацыя — у сваёй сьвядомасьці абкладзеная незразумелай і абсалютнай пагрозай — ніяк ня бачыць уласнае будучыні. Застаецца толькі марудна апускацца ў нішто.

Цікава было б пачытаць раман пра Чарнобыль заходняга аўтара. Якую б канцоўку прыдумаў ён? Які можа быць гэты хэпі-энд для Чарнобыля?

А можа ўжо позна? Можа, за трынаццаць гадоў наш кінафільм расьцягнуўся ў бясконцую мыльную опэру, а ў мыльных опэрах не бывае хэпі-энду?

Адна фраза ў Голдынгавым рамане асабліва запыніла ўвагу. Непрыкметная, на першы погляд, фраза. Капітан, агледзеўшы хлопчыка Ральфа і ягоных загоншчыкаў — брудных, зарослых, пабітых, размаляваных — кажа:

— Здавалася б, ангельскія хлопчыкі — вы ж усе ангельцы, праўда? Маглі б выглядаць больш прыстойна...

Перанесшы сказанае на нашыя рэаліі і на Чарнобыль, я адчуваю згаданую цывілізацыйную розьніцу. Так нагадваем мы ўсе тых бездапаможных са сваім горам хлопчыкаў-падлеткаў. І капітан кажа: здавалася б, беларусы — вы ж усе беларусы, праўда?..

Папрок гучыць як надзея.

Сяргей Паўлоўскі


Каментары

Цяпер чытаюць

«Хачу ўзяць інтэрв’ю» — «Не» — «Давайце я вас сфатаграфую» — «Не». Бяляцкі расказаў пра сустрэчу ў калоніі з Пратасевічам1

«Хачу ўзяць інтэрв’ю» — «Не» — «Давайце я вас сфатаграфую» — «Не». Бяляцкі расказаў пра сустрэчу ў калоніі з Пратасевічам

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску затрымалі мужчыну, які цалкам голы вылез з каналізацыі на вачах у мінакоў7

Былы дэпутат Вярхоўнай Рады Алег Цароў, якога завочна асудзіла і шукае Украіна, наведаў Беларусь8

Церцель заявіў пра ліквідацыю «сеткі», якая праслухоўвала пілотаў8

«Я ўсё роўна буду ваяваць за Украіну». Гісторыя 18‑гадовага сваяка Ціханоўскай, якога затрымалі за спробу ўступіць ва УСУ21

Церцель: Паміж Беларуссю і Польшчай ідзе дыялог, мы дасягнём выніку11

Зяленскі: Мірны план могуць вынесці на рэферэндум4

Што за прэпарат для пахудзення хацеў Лукашэнка ад амерыканцаў?13

Хрэнін расказаў Лукашэнку пра заступленне на баявое дзяжурства «Арэшніка»2

Лукашэнка прыняў з дакладам Церцеля, абмяркоўвалі «новыя прапановы ЗША»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Хачу ўзяць інтэрв’ю» — «Не» — «Давайце я вас сфатаграфую» — «Не». Бяляцкі расказаў пра сустрэчу ў калоніі з Пратасевічам1

«Хачу ўзяць інтэрв’ю» — «Не» — «Давайце я вас сфатаграфую» — «Не». Бяляцкі расказаў пра сустрэчу ў калоніі з Пратасевічам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць