Навіны
Лукашэнкавы прызначэньні
Вiктар Гайсёнак, былы міністар адукацыі, прызначаны паслом Беларусі ў Аўстрыi. Сярод іншых прызначэньняў кідаецца ў вочы падвышэньне Ўладзiмера Ўсхопчыка, які браў штурмам віленскую тэлевежу ў 1991-м, у намесьнiкі мiнiстра абароны. Памяняюць і кіраўніка хакейнай фэдэрацыі: пра гэта абвесьціў мiнiстар спорту Яўген Ворсiн. Раней ім быў кiраўнiк службы бясьпекi прэзыдэнта Ю.Бародзіч, які цяпер прызначаны прадстаўнiком КГБ Беларусi ў ФСБ Расеi i ўжо год, як жыве ў Маскве. «Цi можна, жывучы ў iншай дзяржаве, кiраваць унутранымi справамi суседняй?» — задаў на прэс-канфэрэнцыі пытаньне Я.Ворсiн.
Стаўка рэфінансаваньня зьніжаная
Нацбанк зьнізіў яе на 10%. З 22 мая яна будзе 100% гадавых. На пачатку году яна была 175% гадавых, аднак з 15 сакавiка пачалося яе зьнiжэньне, бо інфляцыя меншае (5,1% за красавік). Гэтая стаўка вызначае, пад які працэнт прадпрыемствы могуць браць у банках крэдыты. Між тым аб’ём валавога ўнутранага прадукту, вырабленага ў Беларусi ў студзенi-красавiку, аказаўся на 5% большы, чым летась. У прамысловасьцi рост на 6,1%, у сельскай гаспадарцы i на транспарце спад — на 8,5 і 14,4%. 33,9% прадпрыемстваў стратныя. Рэнтабэльнасьць прадукцыi зьнiзiлася з 13,9% летась у гэты пэрыяд да 9,5 сёлета.
Бяды дадалі прымаразкі: загiнула 14% пасеяных азiмых i 5% яравых, шмат дзе памерзьлі мнагалетнія травы і агародніна.
Кароляка маюць вывезьці
20 траўня скончыўся тэрмiн, якi далі берасьцейскаму пробашчу З.Кароляку на «добраахвотны» выезд. 4 гады Камiтэт па справах рэлiгiяў адмаўляў яму ў прадаўжэньнi рэгiстрацыi, аднак Кароляк, як i належыць у такiх выпадках iншаземцу, рэгiстраваўся ў аддзеле вiз i рэгiстрацыяў раз на тры дні, аж пакуль яму не загадалі выбірацца ў Польшчу. Берасьцейскія каталікі працягваюць дыжурыць проста ў касьцёле, каб адстаяць свайго ксяндза.
Паводле інфармацыяў БелаПАН падрыхтаваў Б.Т.
Збліжэньне з народам
Пасьля шырока адзначанага ўладамі Дня перамогі і шырока адзначанае народам Радаўніцы 10 траўня на працу ня выйшлі адразу два намесьнікі старшыні Крычаўскага райвыканкаму. М.Гердзій прынёс потым бальнічны ліст, а другі, А.Ляпешка, ніяк ня змог апраўдаць прагул. Дык вымусілі яго напісаць заяву на звальненьне па асабістым жаданьні. Зразумела, такое нязначнае злачынства не магло быць прычынай для звальнення. Мабыць, нешта тут яшчэ было.
Пасьля гэтай значнай для Крычава падзеі становіцца неяк радасна і ўтульна — выходзіць, тыя, хто кіруе намі сёньня, вельмі блізкія да народу. Бо часьцяком пасьля розных сьвятаў простыя рабацягі альбо «хварэюць», альбо прагульваюць працу. А тут такія «вялікія» людзі! Збліжэньне з народам у сёньняшняй улады адбываецца не на словах, а на справе.
А.К., Крычаў
У Наваполацку зьявіцца сьмецьцезавод
У Наваполацку праблему адкідаў плянуюць вырашыць з дапамогай новага прадпрыемства, што мусіць зьявіцца неўзабаве: у Нафтаградзе пабудуюць сьмецьцеперапрацоўчы завод.
Сёлета мяркуюць скончыць падрыхтоўку праекту, а з наступнага году за справу возьмуцца будаўнікі. Мэр Наваполацку Аляксандар Камароў заявіў, што ўжо знайшлася фірма зь Нямеччыны, што згадзілася крэдытаваць будоўлю. Крэдыт гэны немцы даюць на 15 гадоў пад малыя працэнты. Завод будзе абслугоўваць Полацак з Наваполацкам ды ўвесь раён.
Тры гады турмы за жарцік
У Наваполацку днямі засудзілі «тэлефоннага тэрарыста» — вучня сёмае клясы СШ №7. Раніцай 23 сакавіка ў 9.45 невядомы патэлефанаваў у прыёмную наваполацкае СШ №9 і паведаміў, што ў будынку — бомба. Сакратарка школы скеміла, што голас быў як падлетка 13—14 гадоў.
Тэрмінова прыбыла міліцыя, пажарныя, брыгада «Хуткай дапамогі», сапёрна-піратэхнічная група з вайсковай часткі з Полацку. Усіх са школы (каля 700 чалавек) эвакуявалі, будынак ачапілі. Але выбуховых прыладаў у школе, як заўжды, не апынулася. Неўзабаве міліцэйскія сьледчыя «вылічылі» самога жартаўніка.
14-гадовы хлапчук, нагледзеўшыся тэлевізіі, вырашыў праверыць, ці апэратыўна спрацуюць экстраныя службы. Патэлефанаваў у суседнюю школу (іх падзяляе якіх мэтраў 100) і з задавальненьнем назіраў, як завіхаюцца сапёры.
Айчыннае правасудзьдзе яго засудзіла не шкадуючы, роўна як Чыгіра: тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады. Дый рахункі ад гарадзкіх службаў ягоным бацькам прыйдзецца аплаціць.
Андрэй Аляксандраў, Наваполацак
Садкі зачыняюцца
Магілёўскі гігант індустрыі, аб’яднаньне «Хімвалакно», зачыніла 7 дзіцячых садкоў, у якія хадзіла каля 3000 дзяцей. Дырэкцыя тлумачыць свае дзеяньні нястачай грошай. Неаплочаныя рахункі па ўтрыманьні садкоў складаюць пад 150 мільёнаў рублёў. «Хімвалакно», на якім працуе 20000 чалавек, і самое не піруе.
Сьмерць на вынас
Чэрыкаўскія ўлады дазволілі разьбіраць і выкарыстоўваць па новай маёмасьць, што яшчэ засталася некранутая ў забруджанай радыяцыяй зоне. 10 гадоў тут трымалі адмысловыя атрады аховы, дасылалі спэцыялістаў, каб паступова і бяз шкоды навакольлю ўтылізаваць брудную маёмасьць. А цяпер во як. І пацякла радыяцыя з зоны...
«Зэніт» усё бунтуе
Яшчэ адзін дырэктар магілёўскага заводу «Зэніт» падтрымаў традыцыю, паводле якой кожны зь іх праз год працы сыходзіць у адстаўку. Гэта ўжо чацьверты адстаўны кіраўнік за апошнія 5 гадоў. Кожны раз гэта зьвязана зь незадаволенасьцю працоўных як станам прадпрыемства, так і мэтадамі кіраваньня: на заводзе дзейнічае моцная суполка Свабоднага прафсаюзу. Кожны новы дырэктар, прыходзячы на працу, пачынаў з барацьбы з прафсаюзам, але рабочыя лідэры вельмі хутка знаходзілі шляхі законнага супраціву. Колішняе абароннае прадпрыемства жыве ня лепшыя часы. На «Зэніце» з сакавіка людзі чакаюць заробку.
Сымон Глазштэйн, Магілёў
Рэгіёны хочуць большага ўдзелу
18—19 траўня ў Горадні адбылася нарада прадстаўнікоў рэгіянальных партыйных, грамадзкіх і прафсаюзных арганізацыяў дэмакратычнага характару. Зь Віцебску прыехалі Язэп Навумчык і Вадзім Баршчэўскі, з Гомеля — Віктар Карніенка, Алег Грамыка, з Магілёва — Віталь Васількоў і Анатоль Фёдараў; зь Ліды — Станіслаў Суднік, з Барысава — Анатоль Аскерка, з Маладэчна — Алесь Капуцкі, з Салігорску — Мікалай Дзялендзік, са Слуцку — Аляксандар Катляроў. А сустракалі ўсіх Сямён Домаш, Сяргей Мальчык, Аляксандар Мілінкевіч.
У выніку перамоваў утварылі Каардынацыйную Раду «Рэгіянальная Беларусь», каардынатарам якой абралі Сямёна Домаша, і Каардынацыйнай радзе Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі прапанавалі ўключыць у свой склад кіраўніка «Рэгіянальнай Беларусі». Хочуць дабіцца, каб думкі рэгіёнаў пыталіся наконт усяго, што рыхтуюць дэмакратычныя сілы ў сталіцы.
Антон Лабовіч, Горадня
Хлеб падаражэў
На 30% падаражэў хлеб звычайных гатункаў. Бо дорага абыходзіцца купляць на яго збожжа за мяжой, тлумачаць ува ўрадзе.
б.т.
Каментары