15 жніўня з-пад адміністрацыйнага арышту зьнік актывіст АГП Аляксей Прыходзька: з прыёмніка-разьмеркавальніка яго з падазрэньнем на апэндыцыт даставілі ў больніцу, адкуль ён уцёк. Актывіст ПБНФ, выпускнік філфаку Мазырскага пэдунівэрсытэту Дзяніс Рабянок падаў у пракуратуру скаргу на дыскрымінацыю: яго адмаўляюцца прымаць на працу па разьмеркаваньні, бо ён займаецца «антыдзяржаўнай палітычнай дзейнасьцю». Актывіст АГП Леанід Судаленка, які балятуецца ў ПП НС, 18 жніўня зьвярнуўся ў ЦВК са скаргай наконт ціску на сяброў ягонай ініцыятыўнай групы Н.Цалуйку і М.Хаменку. 18 жніўня сьледчы КДБ Аляксандар Залеўскі адхіліў хадайніцтва БХК пра спыненьне крымінальнай справы па факце ўхіленьня ад падаткаў, па якой Гаспадарчы суд Менску прыняў апраўдальны прысуд. Менскі гарсуд 19 жніўня адмовіўся разглядаць скаргу актывіста АГП Уладзімера Раманоўскага наконт працэсу фармаваньня акруговых выбарчых камісій, бо гэта «па-за межамі яго кампэтэнцыі». 19 жніўня ў Гомелі спачатку не змаглі пабрацца шлюбам па-беларуску актывісты ліквідаванага цэнтру «Гарт» Юнэля Сальнікава й Віталь Крупенька, а пасьля скаргі дабіліся свайго. Выхад недзяржаўнай «Новой газеты Сморгони» 19 жніўня быў спынены на 3 месяцы загадам міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча: выдаўцу Рамуальду Ўлану закідаюць, што ён ня можа выдаваць газэту, бо прадпрымальнік не зьяўляецца юрыдычнай асобай. Аляксандар Бухвостаў, лідэр ліквідаванай Беларускай партыі працы, 19 жніўня накіраваў наглядную скаргу старшыню Вярхоўнага суду Беларусі Валянціну Сукалу з нагоды ліквідацыі партыі. ЦВК 20 жніўня пацьвердзіў нерэгістрацыю ініцыятыўных груп Зінаіды Бандарэнкі (АГП), Валер’я Шчукіна. Сьледчы АБЭЗ Аляксандар Лянкевіч 20 жніўня наведаў бяз ордэру офіс АГП, каб знайсьці антыканстытуцыйную літаратуру. У Гомелі 20 жніўня суд ліквідаваў ГА «Ініцыятыва» . Вадзім Болбас быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 20 жніўня на сустрэчы Сяргея Антончыка з палітычнымі й грамадзкімі актывістамі Сьветлагорску падчас праверкі дакумэнтаў: у яго не было з сабой пашпарта. 21 жніўня міліцыянты спынілі аўтамабіль, у якім ехаў Андрэй Клімаў з жонкай Тацянай, і канфіскавалі каля 200 кніг «Шпацыры з вупаром» і «Відавочныя ісьціны». У ноч на 23 жніўня ў Барысаве быў абкрадзены перадвыбарны штаб незалежнага кандыдата Зьмітра Бародкі. Юрыст Аляксандар Шавель зь Бярозы 23 жніўня быў аштрафаваны на 2 б.в.: падчас адміністрацыйнага працэсу 18 жніўня ён выказаў крытыку на адрас пракурора й быў абвінавачаны ў непавазе да суду. 23 жніўня да актывіста «Маладога фронту» Аляксея Шэіна (Ракаў) зьявіўся ўчастковы, які абвясьціў, што Шэін у вышуку, бо не сплаціў 1 млн 125 тыс. руб. штрафу. 23 жніўня пачаўся судовы працэс: ПБНФ патрабуе адмяніць папярэджаньне, вынесенае Мінюстам за ўдзел у акцыі «Ланцуг неабыякавых чытачоў». 23 жніўня прафсаюз РЭПАМ падаў скаргу на рашэньне Мінюсту аб адмене рэгістрацыі арганізацыі. На 26 жніўня ў Горадні прызначаны пачатак суду над Валер’ем Леванеўскім.
АШ
Каментары