У Тураве (Жыткавіцкі раён) 14 студзеня пры правядзенні зварачных работ узарваўся кіслародны балон.
Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў, пацярпелі двое рабочых.
Зварачныя работы праводзіліся на цэнтральным водаправодзе сеткі халоднай вады. У выніку разрыву трубы без вады засталіся 220 кватэр у 12 жылых дамах, 434 прыватныя дамы, дзве школы, шэсць кацельняў, бальніца, яслі-сад і гасцініца.
Праца кацельняў не спынялася, бо яны маюць запас вады на двое сутак. Астатнія спажыўцы атрымліваюць ваду з калонак.

Паведамленне пра выбух паступіла ў МНС у 16.37.

Балон МАФ (метылацэтылен-аленавая фракцыя) знаходзіўся ў фургоне «ГАЗ-53», там жа гарэла печ-«буржуйка» і стаяў балон з кіслародам. Балон МАФ разгерметызаваўся, адбыўся выхад фракцыі з наступным гарэннем, з-за чаго, мяркуецца, узарваўся кіслародны балон.

У будцы рамонтнай брыгады ўзнік пажар. Рабочыя атрымалі апёкі другой і трэцяй ступені галавы і рук, 12 і 25% цела. Яны шпіталізаваны. Прычына здарэння — парушэнне транспарціроўкі і эксплуатацыі зварачнага абсталявання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?