Трымайся, Наташа! — невідушчая дзяўчына вучыцца на юрфаку БДУ
Наталля Кавалевіч ад нараджэння нічога не бачыць. У яе ДЦП ды шэраг іншых дыягназаў. Нягледзячы на гэта, дзяўчына скончыла гістфак з чырвоным дыпломам, цяпер вучыцца на юрыста. Марыць пра добрую працу і сям’ю.
Рэальна глядзець на рэчы
Наталля Кавалевіч — студэнтка юрыдычнага факультэта БДУ. Сама яна з Брэста, там у яе маці і брат.
Наташа з’явілася на свет з букетам дыягназаў: атрафія зрокавых нерваў (цалкам сляпая), цэрэбральны параліч, тазабедраны вывіх. Прычына, хутчэй за ўсё, у траўме, якую перанесла маці падчас цяжарнасці.
Наташа скончыла спецыялізаваную школу-інтэрнат для інвалідаў па зроку ў Гродне. Пасля школы большасць аднакласнікаў паступала ў медкаледж на масажыста. А Наташа захацела стаць гісторыкам.
«Які гістфак, трэба рэальна глядзець на рэчы!» — адгаворвалі ў школе.
Маці Галіна Анатолеўна падтрымала дачку. Вадзіла на падрыхтоўчыя курсы, плаціла за рэпетытараў. Так дзяўчына, якая не бачыць, стала студэнткай гістфака Брэсцкага ўніверсітэта.
«Аднакурснікі спачатку пабойваліся. Потым, калі стала адказваць, пацягнуліся, пасябравалі. Добрая група была…», — узгадвае Наташа вучобу ў Брэсце.
Потым пачалася практыка ў школе. Наташы падабалася працаваць з дзецьмі. Яна прыдумала сістэму праверкі ведаў з улікам сваіх асаблівасцяў. Разлічвала, што яе пакінуць у школе. Але маладому спецыялісту з чырвоным дыпломам месца там не знайшлося.
У пошуках лепшай долі
Наташу размеркавалі ў дзіцячую бальніцу, паабяцаўшы даць пасля гадзіны ў школе.
«Я тры гады спрабавала дабіцца месца ў школе. Прасіла, каб далі хаця б надомнікаў. Я разумела, што губляю вопыт, ні прафесіяналізму не набываю, ні грошай не зарабляю», — узгадвае дзяўчына.
Неяк, лежачы ў бальніцы, пазнаёмілася з жанчынай. У той дачкаінвалід, якая працуе на спецыялізаваным прадпрыемстве. Заробак такі, што належна даглядаць маці, купляць тыя ж памперсы, было праблемна.
Тады Наташа ўсур’ёз задумалася, што ў жыцці трэба нешта мяняць.
Вырашыла атрымаць другую адукацыю — юрыдычную, каб знайсці лепшую працу. Пачала ўпотайкі, не кажучы маці, займацца з рэпетытарам па матэматыцы. Урэшце расказала і пераканала, што гэта варта. З болем у сэрцы маці адпусціла сляпую дачку на вучобу ў Мінск.
Як пражыць студэнтцы на 1,6 мільёна?
Цяпер Наташа, студэнтка-трэцякурсніца, здае залікі, рыхтуецца да экзаменаў. Але перспектывы перайсці на чацвёрты курс пакуль што цьмяныя.
Усё залежыць ад таго, ці зможа яе маці, пенсіянерка, далей аплачваць вучобу, 18 мільёнаў за год.
Наташа жыве ў інтэрнаце БДУ, што на Пятроўшчыне. Сама дабіраецца ва ўніверсітэт на метро, ходзіць у краму, банк, на пошту.
Як інвалід 1-й групы, яна атрымлівае пенсію — 1,6 мільёна рублёў у месяц. У асноўным з яе і жыве. Часам нейкія сумы (500—800 тысяч) пералічваюць універсітэт ці арганізацыя інвалідаў.
З пенсіі выплачвае крэдыт за нэтбук і за рэпетытара па англійскай мове (каля 600 тысяч). Заняткі з ім даўно скончыліся, а крэдыт плаціць яшчэ з год. Плюс тэлефон, інтэрнэт, паслугі пральні, цырульня, манікюр. Усё тое, што трэба звычайнай маладой жанчыне, з папраўкай на яе асаблівасці (не бачыць, дрэнна ходзіць і паўнацэнна можа працаваць толькі правай рукой). Калі ў Брэсце побач з ёй была маці, то тут усё даводзіцца рабіць самой.
Рэшту грошай траціць на ежу. Што купляе? Гледзячы, колькі застанецца:
«Мне раяць пахудзець, і я старалася купляць садавіну, мяса. Але апошнім часам не хапае. Таму бяру бульбу, макароны. А кілаграмы ад гэтага, самі ведаеце, не меншаюць», — кажа Наташа з сумнай усмешкай.
«Бывае, калі доўга без грошай сядзець, прыходзіш у краму і «зрываешся» — набываеш нейкую фігню, кшталту шакаладкі. А потым ужо цягнеш, як можаш».
Мару пра сям’ю, а не — хаця б дзіця нарадзіць
Сёлета Наташы спаўняецца 30 гадоў. Яна марыць давучыцца, знайсці добрую працу, стварыць сям’ю. Пажадана поўную, а не — хоць бы дзіця нарадзіць. Спрабавала адшукаць шчасце на сайтах знаёмстваў, ды няўдала.
«Калі не скончу юрфак, калі не складзецца маё працоўнае, асабістае жыццё, то буду думаць, каб з’ехаць адсюль», — прызнаецца дзяўчына. Яна расказвае гісторыі сваіх знаёмых, таксама невідушчых. Адзін — дырэктар фірмы таксі ў ЗША, другі — выкладае фізіку ў нямецкім універсітэце.
«Там стаўленне лепшае. Ты нікога не пужаеш, не здзіўляеш», — кажа Наташа.
Змяніць стаўленне да інвалідаў у Беларусі — яшчэ адна, бадай што, самая недасяжная яе мара:
«Трэба не спрабаваць пасадзіць людзей на дамапогі, а даць магчымасць ім самім на сябе зарабляць і самім сябе забяспечваць. Канешне, добра што ёсць такія прадпрыемствы, як «Святлопрыбор», але я кажу пра людзей, якія хочуць працаваць у розных сферах.
А пачынаць трэба з інтэграцыі дзецей-інвалідаў. Яны — такія ж, як і ўсе. Толькі для таго, каб чагосьці дабіцца, ім трэба прыкласці крыху больш намаганняў.
Каментары