Лукашэнка ў Кіеве: Украіна здольная вырашыць праблемы без замежных пасярэднікаў
Украіна здольная вырашыць канфлікт у дзяржаве без замежных пасярэднікаў. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка журналістам пасля інаўгурацыі прэзідэнта Пятра Парашэнкі ў Вярхоўнай Радзе.
«Украінцы працавітыя і разумныя, і я ўпэўнены, што яны справяцца са сваімі праблемамі. Нават калі ім не дапамогуць, то яны зробяць гэта самастойна», - сказаў ён.
Ён таксама падкрэсліў, што не лічыць катастрафічнай сітуацыю ў дзяржаве.
Паводле яго слоў, вакол сітуацыі ва Украіне занадта шмат славесных нагнятанняў.
Лукашэнка заклікаў ўкраінцаў супакоіцца і выказаў упэўненасць у тым, што Парашэнка стрымае сваё слова па стабілізацыі сітуацыі ў дзяржаве і захавання яе адзінства.
Таксама Лукашэнка некалькі разоў не адказаў на пытанне, ці лічыць ён Крым украінскай тэрыторыяй, адзначыўшы, што казаў пра гэта раней.
«Адносна Украіны — яна павінна быць адзінай і цэласнай дзяржавай. І будзе такой», — адзначыў ён.
Адказваючы на пытанне, ці прасіў у яго прытулку экс-прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч, Лукашэнка адказаў адмоўна.
«Ён мяне не прасіў. У Беларусі ёсць сяло, дзе нарадзіліся яго бацькі, і калі ён захоча туды прыехаць, ніхто не можа яму забараніць», — заявіў ён.
«Але я вам раю — забярыце свайго прэзідэнта ва Украіну. Няхай ён будзе ў вас. Калі ад мяне будзе залежыць, я дапамагу», — адзначыў Лукашэнка.
Каментары