фота Tut.by

фота Tut.by

8 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска абвешчаны прысуд па справе аб смяротным наездзе на трохгадовую дзяўчынку ў двары дома па вуліцы Розы Люксембург 17 чэрвеня гэтага года.

Суд прызнаў 36-гадовага мінчаніна, вадзіцеля аўтамабіля «Форд», пад коламі якога загінула дзіця, вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 317 КК, і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні. Ён таксама пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі на пяць гадоў.

Суд пастанавіў спагнаць з асуджанага ў якасці кампенсавання маральнага ўрону пацярпелым — бацькам загінулай дзяўчынкі — 200 мільёнаў рублёў.

Нагадаем, 7 кастрычніка ў судзе бацькі загінулай трохгадовай мінчанкі заявілі маральны іск у 1,5 млрд. рублёў на дваіх, а дзяржабвінаваўца папрасіў прыгаварыць абвінавачанага да пазбаўлення волі на два гады з адбываннем пакарання ў калоніі-пасяленні і пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі на пяць гадоў.

Бацькі дзяўчынкі заяўлялі, што асноўнае пакаранне абвінавачанаму пакідаюць на меркаванне суда, але папрасілі, каб яго пазбавілі права кіравання аўтатранспартам на максімальна магчымы тэрмін. «Мне без розніцы, што будзе з гэтым вадзіцелем… Пасадзяць не пасадзяць — мне ад гэтага ні цёпла, ні холадна не стане», — сказала мама загінулай дзяўчынкі. Яе пазіцыю падтрымаў муж.

Паводле звестак следства, аналіз сабраных доказаў паказаў, што прычынай ДТЗ з'явілася няўважлівасць вадзіцеля да дарожнага становішча і яго зменаў.

Нягледзячы на наяўнасць на праезнай частцы дваровай тэрыторыі прыпаркаваных легкавых аўтамабіляў, што не дазвалялі кантраляваць дарожную сітуацыю, у парушэнне патрабаванняў п. 137.1 ПДР, які забараняе рух у жылой зоне з хуткасцю звыш 20 км/гадз, ва ўмовах абмежаванага агляду вадзіцель, як устаноўлена следчым эксперыментам, рухаўся з хуткасцю 24 км/гадз. Акрамя таго, ён не прыняў усе меры для арганізацыі бяспекі пешаходаў, зніжэння хуткасці аж да поўнага спынення транспартнага сродку, што выключыла б верагоднасць наезду на дзіця. 

Падчас допыту пацярпелых у судзе стала вядома, што ў дзень трагедыі абодва бацькі знаходзіліся дома, у іншым раёне горада, а за дочкамі сачылі бабуля і дзядуля. Аказалася, што за некалькі імгненняў да трагедыі дзеці з дзядулям знаходзіліся ў яго машыне, прыпаркаванай у двары, і малодшую дзяўчынку, якая кінулася на вуліцу за старэйшай, мужчына ўтрымаць не здолеў.

Абвінавачаны ў судзе поўнасцю прызнаў сваю віну, некалькі разоў прасіў даравання ў бацькоў загінулага дзіцяці, а суд папрасіў прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, каб, працуючы, мець магчымасць кампенсаваць маральны ўрон.

Частку сродкаў — 80-90 млн. рублёў — ён быў гатовы перадаць пацярпелым найбліжэйшым часам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?