Ці здолеюць заблакаваць ананімайзеры? Што думаюць беларускія спецыялісты
«Наша Ніва» распытала беларускіх ІТ-спецыялістаў пра пастанову, згодна з якой у Беларусі дазволена блакаваць сродкі ананімнасці ў сеціве.
Мінсувязі мае блакаваць сродкі ананімнасці ў інтэрнэце: ананімайзеры, проксі, Tor >>>
Заснавальнік TUT.BY Юрый Зісер аператыўна азнаёміўся з пастановай. На яго думку, прычын для панікі няма, але з блакаваннямі дзяржаве трэба дзейнічаць абдумана:
«На першы погляд, ніякіх жахаў не бачу.
Гаворка ідзе не пра блакаванне, а пра тое, што яно можа быць. Дык у нас усё можа быць! Можа і без закона блакавацца.
Фактычна, гэтая пастанова ўдакладняе сам механізм, але прынцыпова новага нічога няма, чаго трэба было б пужацца. Мінінфарм можа блакаваць сайты, мы гэта ведаем, з 1 студзеня гэта ўступіла ў сілу, тут ніякай навіны няма.
Памятаю, у старыя часы, у 2000-я гады парадку блакавання сайтаў не было, а сайты блакаваліся, калі трэба. Ёсць «торы» у спісе, няма іх — і так маглі заблакаваць, нікому за гэта нічога не было.
Праблема можа паўстаць толькі тады, калі хтосьці вырашыць пагуляцца гэтымі магчымасцямі.
Тут успамінаецца Егіпет. На той момант узровень пранікнення інтэрнэту быў толькі 6%. Сядзелі сабе аматары сацыяльных сетак у інтэрнэце, пісалі праклёны ў адрас верных-няверных. Але калі ўрад «адсек» сотавую сувязь і інтэрнэт, людзі засталіся без сродкаў сувязі. Яны выйшлі на вуліцы — проста каб даведацца пра навіны. Яны прыйшлі на тую самую плошчу Тахрыр. І адтуль не сышлі. Замест таго, каб блакаванне інтэрнэту дапамагло ў супрацьдзеянні рэвалюцыі, яно яе, уласна кажучы, ініцыявала.
Цацка гэтая вельмі небяспечная. Спакуса вялікая.
Бачу, што кожны раз, як у краіне нешта важнае адбываецца, блакуюць сайты. Гэта вельмі няправільна з майго пункту гледжання — гэта небяспечна для дзяржавы.
Гэта ці нічога не дае ў лепшым выпадку, ці мае адваротны эфект».
Былы галоўны рэдактар Onliner.by, а цяпер галрэд Holiday.by Дзяніс Блішч лічыць, што пакуль нешта казаць пра пастанову рана:
«Мне здаецца, трэба чакаць праваўжывальную практыку, каб настолькі шырокую пастанову можна было неяк каментаваць».
Галоўны рэдактар газеты «Компьютерные вести» Вадзім Станкевіч не лічыць пастанову эфектыўнай у барацьбе з наркотыкамі:
«Ці правільная гэтая пастанова? Ці трэба дзяржавам свету забараняць ананімайзеры? Даволі цікавае пытанне, нават крыху філасофскае.
На мой погляд, тут лепш было б пытацца аб адэкватнасці задэклараваным мэтам, накшталт барацьбы са «спайсамі».
Тады адказ будзе відавочна адмоўным, таму што асноўная праблема ўвогуле не звязаная з ананімнасцю ў Сеціве, а хутчэй з адсутнасцю цывілізаванага рынку ўжывання псіхічна актыўных рэчываў, які, напрыклад, ужо фарміруецца ў ЗША. Для барацьбы са спайсамі ёсць спецыялізаваныя прылады, напрыклад, беларускі жа (!) «АІПСІН». А забараніць можна што хочаш. Як бы і піць на вуліцы ў нас нельга, але п'яных штосьці ад гэтага менш не робіцца.
Ці будзе эфектыўнай пастанова? Заблакуюць адно, з’явіцца іншае. Вядома, з'явіцца, нават можна прагназаваць, што менавіта.
Па-першае, ніхто не перашкаджае гандлярам «спайсамі» мяняць сайты, на якіх яны гандлююць, гэтак жа хутка, як і формулы наркотыкаў. Сайтаў безліч, на ўсе рэестру не хопіць. А сайты, супраць якіх сапраўды накіраваны гэты закон, могуць проста выпусціць мабільныя праграмы, і тады ўжо прыйдзецца забараняць Google Play, Windows Marketplace і AppStore, а гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя.
Усім відавочна, што добрыя мэты — гэта як прыгожая шыльда, за якой насамрэч можна рабіць тое, што патрэбна тым, хто гэтую шыльду трымае.
Абмяркоўваць цяпер гэтыя мэты можна доўга і з густам, але хутка ўсё стане і так відавочна».
Ірына Леўшына, галоўная рэдактарка БелаПАН, успамінае снежаньскія блакаванні інфармацыйных сайтаў:
«Пастанова адназначна рэпрэсіўная. Хоць улады і спрабуюць прыкрыцца фармулёўкамі накшталт «барацьбы з распаўсюдам наркотыкаў», яна накіраваная ў першую чаргу на барацьбу з іншадумствам.
Зрэшты, нечага падобнаага варта было чакаць пасля снежаньскага блакавання шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў, нягледзячы на тое, што тады яшчэ не дзейнічаў абноўлены закон пра СМІ, які дае права блакаваць інтэрнэт-сайты.
Дарэчы, ніхто з дзяржорганаў так і не ўзяў на сябе адказнасць на гэтыя дзеянні.
Не выключана, што ў снежні была праведзена «выведка боем» — з мэтай паглядзець, як павядуць сябе заблакаваныя рэсурсы, якія тэхналогіі будуць выкарыстоўваць у спробах абысці блакаду. І, магчыма, вынікі былі ўлічаныя распрацоўшчыкамі цяперашняй пастановы.
Вядома, напрыклад, што многія карыстальнікі тады маглі заходзіць на заблакаваныя сайты праз ананімайзеры. Цяперашняя пастанова прадугледжвае блакаванне і ананімайзераў, і проксі-сервераў, якія дазваляюць атрымліваць доступ да рэсурсаў, якія трапілі ў няміласць да Мініфарму.
І ўсё ж, як сцвярджаюць IT-спецыялісты, абмежаваць доступ да тэхналогій, якія дазваляюць абыходзіць блакаванне сайтаў, улады могуць толькі часткова — карыстальнікі пры жаданні ўсё роўна змогуць атрымаць доступ да цікавых ім рэсурсаў.
Шмат пытанняў узнікае да фармавання «чорнага спісу сайтаў». Мінінфарму і іншым дзяржорганам тут даюцца фактычна неабмежаваныя правы. У адрозненне ад заблакаваных рэсурсаў, якія нават не могуць аспрэчыць рашэнне аб унясенні ў чорны спіс у судзе — судовы парадак абскарджвання пастановай не прадугледжаны.
Няма ніякіх сумневаў у тым, што пастанова прынятая з мэтай у патрэбны момант «затыкнуць рот» альтэрнатыўным крыніцам інфармацыі.
На фоне фінансава-эканамічных праблем яны могуць моцна перашкодзіць нязменнаму кандыдату ў прэзідэнты. Згадваецца ў сувязі з гэтым экстранная сустрэча міністра інфармацыі Ліліі Ананіч з кіраўнікамі недзяржаўных СМІ 20 снежня. Міністр абуралася тым, як незалежныя СМІ «не па-дзяржаўнаму» асвятлялі крызіс на валютным рынку, што грымнуў напярэдадні, і пагражала ім афіцыйнымі папярэджаннямі. А праз гадзіну пасля сустрэчы былі заблакаваныя сайты».
Натхняльнік беларускага Пірацкага руху Міхаіл Волчак разглядае тэхнічны бок праблемы:
«Нічога насамрэч новага няма. Улады пачалі выкарыстоўваць свежую тэрміналогію і, магчыма, «пракачалі» сваё праграмнае забеспячэнне, каб больш эфектыўна блакаваць тое, што пажадаюць. Яны рэгулярна рабілі і працягваюць рабіць блакіроўкі рэсурсаў сеціва не толькі крымінальнага характару.
З аднаго боку, ніхто не будзе спрачацца з тым, што трэба стрымліваць «нелегальны распаўсюд» наркотыкаў, з іншага — адбываецца легалізацыя цэнзуры і узмацненне пазасудовай кампетэнцыі органаў выканаўчай улады.
Гэта вельмі нагадвае практыку блакавання сайтаў у Расіі, якая там пачалася два гады таму. Але у нас гэта, як звычайна, адбывацца без абмеркавання грамадскасці і сеціўных жыхароў. Улады лічаць што яны разумнейшыя за сеціва і грамадзян. Гэта праблема.
Наконт эфектыўнасці. Хто ведае архітэктуру «ананімайзераў», зможа без пытанняў абысці гэтыя блакаванні.
Па-першае, шмат якія сэрвісы выкарыстоўваюць дынамічны спіс адрасоў сервераў (IP). Гэта значыць, што тым, хто задасца мэтай блакаваць рэсурсы, прыйдзецца за дзень дадаваць сотні новых адрасоў.
Па-другое, ёсць шмат платных сэрвісаў у сеціве, якія даюць магчымасць ананімнасці. Тут уладам прыйдзецца падпісвацца на ўсе платныя сэрвісы ў сеціве і адсочваць адрасы, а іх расце ўсё болей і болей.
І нарэшце, кожны больш-менш прасунуты карыстальнік можа стварыць свае ананімайзеры на любым віртуальным серверы ў сеціве — і падзяліцца з сябрамі. А тут ужо цэнтралізаванае блакаванне, канешне, будзе тэхнічна магчымым, але арганізацыйна вельмі дарагім заняткам.
Падкрэслю, што асноўная праблема не ў тым, што выйшаў такі дакумент (магчыма, большасць грамадства з ім і пагадзілася б), а ў тым, што выканаўчая ўлада ўсё больш і больш ігнаруе думку грамадства і вядзе сабе закрыта, прымаючы важныя для больш чым паловы насельніцтва краіны рашэнні.
На мой погляд, такія закрытыя дзеянні паглыбляюць недавер сеціўнай супольнасці да ўлады. А вынікі недаверу — гэта ўцечка мазгоў у больш свабодныя краіны і сегменты сеціва.
Дырэктар УП «Надзейныя праграмы», юрыст Людміла Чэкіна, адзначыла невідавочныя моманты ў пастанове:
«Цікава, што дзейнасць сайтаў, якія дазваляюць атрымаць ананімны доступ да рэсурсу, у нас не забароненая. Але на ўзроўні падзаконнага нарматыўнага акта ўводзіцца права інспекцыі прымаць рашэнне аб абмежаванні доступу да іх. Гэта значыць, яны не забароненыя, але доступ можа быць абмежаваны па вырашэнні БелДІЭ. Не зразумела, на падставе якога нарматыўна-прававога акта ў іх дзейнасць могуць умешвацца.
Тэарэтычна, уладальнік сайта-ананімайзера можа падаць у суд, але з непрадказальным вынікам.
Ён можа абапірацца на агульныя палажэнні грамадзянскага заканадаўства аб тым, што ён мае права весці не забароненую законам дзейнасць. Але суд можа прыняць да ведама менавіта гэты нарматыўны акт — і сказаць, што ў БелДІЭ ёсць права на абмежаванне доступу да гэтага сайту. На мой погляд, у наяўнасці калізія заканадаўства.
Само па сабе абмежаванне доступу да сайтаў было прадугледжанае законам аб СМІ, у пастанове падставы для прымусовага абмежавання пазначаныя тыя ж.
Пры гэтым вельмі цікавы парадак абскарджвання. Нічога не гаворыцца пра тое, якім чынам абскарджваецца абмежаванне, калі ўладальнік рэсурсу лічыць яго незаконным.
Гаворыцца толькі пра парадак абскарджання, калі ўладальнік рэсурсу ліквідаваў выяўленыя недахопы. Тады ён піша пра гэта заяву ў Міністэрства інфармацыі. Пры гэтым Міністэрству даецца вельмі вялікі тэрмін — месяц — на тое, каб разгледзець гэты зварот. Аб судовым парадку абскарджання нічога не гаворыцца.
Цікава асабіста для мяне, як для юрыста, тое, што ўпершыню ўводзіцца тэрмін «інфармацыйны рэсурс (яго складнік), размешчаны ў сетцы Інтэрнэт». Уводзіцца такое азначэнне: «інтэрнэт-сайт, старонка інтэрнэт-сайта, вэб-партал, форум, блог, чат, праграма для мабільнай прылады і іншыя рэсурсы, якія маюць падключэнне да сеткі Інтэрнэт». Да гэтага ў нас было толькі азначэнне «інфармацыйнага рэсурсу», якое змяшчалася ў законе РБ «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфарматызацыі» і азначэнне «інтэрнэт-рэсурсу», што змяшчалася ў Пастанове ад 29 чэрвеня 2010 г. № 4/11.
Яшчэ цікавае пытанне: калі на частцы інфармацыйнага рэсурсу размешчаная забароненая інфармацыя, ці будзе абмяжоўвацца доступ да ўсяго інфармацыйнага рэсурсу ці толькі да той яго часткі? І хто будзе гэта вырашаць?»
Людміла пацвярджае: калі, да прыкладу, на старонцы «УКантакце» карыстальнік апублікаваў забароненую інфармацыю, незразумела, ці будзе блакавацца сацсетка цалкам.
Каментары