Грамадства55

Светлыя гады маленства, пякельная ноч і паветраныя змеі — успаміны беларуса, які выжыў на радзіме і паслужыў у амерыканскім войску

Выйшла кніга пра тое, як галоўны герой згубіў спачатку бацьку, потым маці, знайшоў цётку і дзядзьку – і выратаваўся, спачатку з’ехаўшы ў Нямеччыну, а потым у ЗША.

У «Бібліятэцы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» выйшлі ўспаміны Святаслава Шабовіча «З фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў: гісторыя аднаго падарожжа».

Марцінова — гэта паўднёва-ўсходняя Мядзельшчына, цяпер гэта ў межах вёскі Сваткі.

Кніга была напісаная па-англійску ў ЗША, пераклад зрабіла Віялета Кавалёва з Канады, а напісала прадмову і адрэагавала Наталля Гардзіенка з Беларусі.

Нейкі час у нашым уяўленні тыповы эмігрант быў або асобай рэпрэсаванай за Саветамі, падчас вайны або грамадскім дзеячам, ці настаўнікам, або прадстаўніком культурніцкага асяродку, ці юнаком з СБМ.

Святаслаў Шабовіч не падпадае ні пад адно з гэтых вызначэнняў.

Ён нарадзіўся ў 1932 г., у 1943-м яму было 11 гадоў, ён нават назву СБМ не запомніў.

Яго бацька Антон Шабовіч у сярэдзіне 1920-х выехаў у ЗША, зарабіў немалыя грошы на ўмелай кантрабандзе алкаголем (сухі закон!), столькі, што частку паклаў у амерыканскі банк, а на другую, вярнуўшыся ў канцы 1920-х на Мядзельшчыну, купіў цэлы маёнтак.

«Калі б палітычны клімат у маёй роднай краіне не быў такі спусташальны, цалкам магчыма, што я дагэтуль жыў бы на радзіме – у Беларусі. Але не мне было дадзена распараджацца лёсам, я і мае тры сястры былі гвалтам вырваныя з роднага дому і ледзь не загінулі», — піша аўтар.

Шабовіч зазначае, што ў 2000 г. прыняў рашэнне вярнуцца на радзіму. Але «як жа балюча мне стала, калі я ўбачыў, што зямля, якая была калісьці ўласнасцю майго таты і месцам майго нараджэння, аказалася глыбока знявечанай: рэчка і лес зніклі дазвання, і гэтыя мясціны не спараджалі радасці ў душы, як калісьці, у далёкія гады майго дзяцінства».

Тады ў яго і нарадзілася думка напісаць успаміны.

Малы Святаслаў быў панічом. Але хоць і дыстанцыя паміж ім і вясковымі дзецьмі прысутнічала, пачуваўся ў сваім дзіцячым свеце досыць камфортна, ён нават раздзел назваў «Марцінова. Светлыя гады».

Свет дзяцінства быў разбураны ў 1939 г. Прыйшлі бальшавікі, маёнтак у бацькі адабралі. Самыя дальнабачныя, піша Шабовіч, перадавалі зямлю і фальваркі «ў дар» савецкай уладзе і адразу з’язджалі ў Польшчу.

Антон Шабовіч з сям'ёй

Антону Шабовічу было шкада ўласнасці, і ён застаўся. Праз некалькі месяцаў яго арыштавалі і выслалі. Арышт таты зрабіў моцнае ўражанне на сямігадовага хлопчыка: «У памяці ўзнікае карцінка летняй раніцы. Адзеты ў кароткія штонікі, я стаю ля ганка і разгублена назіраю, як воз, на якім сядзіць мой тата, ад’язджае далей і далей ад дому».

Яго бацька, нягледзячы на моцную любоў да сына, быў жорсткім чалавекам. Святаслаў апісвае, як быў сведкам таго, як бацька збіваў маці, што прывяло да разводу ў сям’і. Маці Галіне нават купілі асобны фальварак, упарадкавалі яго, і яна там жыла з дзецьмі. Потым пасля арышту яна вернецца ў Марцінова, каб глядзець дом і дзяцей. А Антон Шабовіч выжыў у сталінскім лагеры на Далёкім Усходзе, пасля вайны асеў у Вільні, знайшоў новую жонку, зноў быў высланы, зноў выжыў і вярнуўся.

Але бацьку Святаслаў ад 1940 г. так і не пабачыў. А ў 1941-м прыйшла новая навала: нямецкая акупацыя, а разам з ёй партызанка, у якую пайшлі рабаўнікі маёнтка.

Спачатку партызаны забілі бабулю, а потым і маці, а урэшце спалілі фальварак.

Аўтар так і назваў два раздзелы: «Дзень трагедыі» і «Пякельная ноч».

На тым месцы, дзе загінула маці, сын праз 60 гадоў паставіў помнік. «Я магу толькі ўяўляць агонію маці і ўсё, што яна перажыла, пакуль яе цягнулі па лесе зласлівыя забойцы. Маці добра разумела, што яе чакае ў канцы сцяжынкі, і пакуты, якія яна цярпела ў гэты момант, пераўзыходзяць маё разуменне. Адна толькі думка пра іх разрывае сэрца. Мама рызыкавала сваім жыццём у імя дзяцей – з мэтай захаваць для іх Марцінова. Мама, мая дарагая мама! Ты мая трагічная гераіня!».

Любоў да маці і бацькі праходзяць праз усю кнігу.

Малых Шабовічаў — Святаслава і сястрычак — забраў да сябе святар Ян Жарскі з Радашковічаў. Ягоная жонка Антаніна прыходзілася Галіне роднай сястрой.

Цётка Тоня і дзядзька Ян даглядалі Шабовічаў, як роднага сына Уладзіміра. Нават вайна пачынае мала згадвацца ва ўспамінах. Шабовіч у Радашковічах захапіўся новым хобі, ён любіў запускаць паветраных змеяў, а таксама разам з сынам Жарскім Вовам гуляў у футбол.

Ян Жарскі з жонкай, сынам Уладзімірам і трыма Шабовічамі.

Жарскія з Шабовічамі адправіліся на выгнанне ўлетку 1944 г. Шанцы ацалець пры савецкім рэжыме ў сям’і святара былі роўнымі нулю. У выніку Жарскія-Шабовічы апынуліся ў Баварыі, у амерыканскай зоне акупацыі, куды імкнулася выехаць большая частка беларускіх уцекачоў.

Паколькі Жарскі быў святаром, то ён атабарыўся ў адным лагеры Тырсгайм з епіскапатам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы: мітрапалітам Панцеляймонам і архіепіскапам Філафеем. Аўтар кнігі вельмі цікава апісвае гэтае жыццё. Чым былі і чым займаліся святары ў звычайным жыцці, гутаркі з кіраўніком БАПЦ мітрапалітам Панцеляймонам, які нягледзячы на паважаны ўзрост (81 год) меў бездакорны выгляд і ясны розум.

Або некалькі старонак пра архіепіскапа Філафея (Уладзіміра Нарко), які меўся падчас вайны замяніць Панцеляймона на пасадзе кіраўніка БАПЦ.

Малады прыгожы епіскап (у 1945-м яму было 40 гадоў) звяртаў на сябе ўвагу. Асобна Шабовіч адзначае яго дачыненні з маладой жанчынай — Ларысай Паўлаўнай, якая суправаджала Філафея паўсюль і часта бавіла час у яго пакоі.

Аднойчы Святаслаў нават заспеў іх за… заняццем каханнем.

Прычым Шабовіч ніколькі не асуджае архіепіскапа, ён разважае, што цэлібат павінен быць справай добраахвотнай, і святар сам павінен вырашаць, мець жонку або быць самотным. «Нават калі ён ажэніцца, ён усе роўна можа прапаведваць слова Божае і настаўляць сваю паству на праведны шлях… Калі тактоўныя дачыненні паміж нежанатым святаром і дарослай жанчынай прыносіць ім абаім асалоду і напаўняюць радасцю, такая сувязь не павінна абражаць Бога, не павінна яна таксама і перашкаджаць святару ў ягоным святарскім служэнні».

Згадвае Шабовіч і забаўныя штучкі з паўгалоднага жыцця ў лагеры ў Тырсгайме

Як куплялі забароненага парсючка і як згаладнелы айцец Барышкевіч паспрабаваў скрасці ў краме кілбаску, схаваўшы пад сутанай. Мяснік заўважыў, прымусіў аддаць, у паліцыю не паскардзіўся, але распавёў, каму толькі можна.

І што б вы думалі? Праз 50 гадоў, у 1994 м, Шабовіч вырашыў адведаць Баварыю, праехаўшы па гарадках, дзе жыў. Не застаўся ў баку і Тырсгайм. Аўтар сустрэў у будынку, дзе ў 1940-х жылі бежанцы, немаладую жанчыну-немку. «Ці памятаеце вы пра лагер уцекачоў?» — спытаўся Шабовіч. — «Так,памятаю». – «А што найбольш памятаеце?» — «Пра кілбаскі і парсючка», — адказала жанчына, расказаўшы гісторыі, у якім яны засталіся ў памяці мясцовых жыхароў.

У 1946 епіскапы БАПЦ перайшлі ў склад Расійскай зарубежнай праваслаўнай царквы. Гэта рашэнне стала шокам для беларускай грамады і мела наступствы для як для палітычнага, так і рэлігійнага жыцця эміграцыі. Але аўтар не хоча абмяркоўваць гэту тэму «Час сам расставіць на свае месцы, суд гісторыі – самы справядлівы». Дый яго гэта не надта і цікавіла ў той час. Тым больш ён зазначае, што патрыёты і педагогі епіскапы былі выдатныя.

І яшчэ адзін штрышок з жыцця ў паваеннай Германіі. Як піша Шабовіч, ён тут першы у жыцці пакаштаваў коку-кола, «Вельмі салодкая, як на сённяшні час», — зазначае ён.

У 1949 г. Шабовіч выехаў у ЗША. Але пра амерыканскі этап не так ужо і шмат ва ўспамінах.

Пра першыя крокі ў Нью-Ёрку, знаёмства з дзядзькам (братам бацькі) з Масачусэтса, яго апантанасць рыбалкай, жыццё ў Масачусэтсе, першыя заробленыя даляры. Вучобу ў ВНУ (Шабовіч вучыўся спачатку на хіміка, але зацікавіўся славістыкай, а ўрэшце стаў магістрам бібліятэказнаўства).

Кнігі суправаджалі ўсё яго жыццё і былі любімым баўленнем часу, разам з кіно і праглядам баксёрскіх паядынкаў. Некалькі раздзелаў прысвечана службе ў амерыканскім войску.

Аўтар правёў нават некалькі месяцаў у школе ЦРУ, але справа далей не пайшла, і ў гэтых успамінах тэму ён абмінуў.

Потым Шабовіч жыў у Тэхасе, Паўночнай Караліне, Індыяне, урэшце асеў у Мічыгане, у Фармінгтан-Хілзе.

Спадзяюся, што пра амерыканскі этап жыцця ён пакіне яшчэ ўспаміны. А гэта кніга чытаецца на адным дыханні і не адпускае, пакуль не перагорнеш апошнюю старонку.

***

Кніга «З фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў. Гісторыя аднаго падарожжа» ёсць кнігарнях Мінска: «Акадэмкніга» (пр-т Незалежнасці, 72), кнігарня «логвінаЎ» (пр-т Незалежнасці, 37А), «Кнігарня пісьменніка» (вул. Казлова, 2), «Веды» (вул. К.Маркса, 36), «Цэнтральны кніжны» (пр-т Незалежнасці, 19), «Кнігі & кніжачкі» (пр-т Незалежнасці, 14), а таксама ў інтэрнэт-краме knihi.by.

Каментары5

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў4

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Усе навіны →
Усе навіны

Сяргей Ціханоўскі прыедзе на фэст «Тутака» на Падляшшы10

Bild публікуе «сакрэтны спіс» зброі, якую Украіна просіць у Германіі6

У 2026 годзе беларусы будуць адпачываць меней, чым у гэтым годзе

Ціханоўская — Трампу: Лукашэнку трэба пакараць, а не заахвочваць40

Пажар у Пухавіцкім раёне, дзе загінулі ўнучка і бабуля, быў выкліканы падпалам1

Беларус знайшоў рэдкую манету. За яе даюць ужо 18 тысяч рублёў, але таргі працягваюцца6

22-гадовы каліновец Ціхан «Франц» Клюкач атрымаў кантузію3

25 гадоў таму быў выкрадзены тэлеаператар Дзмітрый Завадскі1

У Віцебску асвоілі будаўніцтва тэхнічнага флота: зрабілі ўласны цеплаход4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў4

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць