Ініцыятыва правядзення прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка належыць кіраўніку Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.

Пра гэта яна заявіла ўвечары 14 чэрвеня ў інтэрв'ю праграме «Контуры» тэлеканала АНТ.

«Гэта была мая ініцыятыва і мая прапанова», — сказала яна.

«Гэтая дата апраўданая, бо не прыйдзецца збіраць пазачарговую сесію парламента. Парламент, працуючы цяпер, да свайго сыходу на вакацыі можа абвясціць гэту выбарчую кампанію. ЦВК будзе звяртацца ў парламент, каб гэта адбылося 30 чэрвеня. Гэты дзень можна будзе лічыць пачаткам выбарчай кампаніі», — патлумачыла кіраўнік ЦВК.

Больш апраўданай датай 11 кастрычніка можна лічыць і з пункту гледжання другога туру выбараў.

Як удакладніла Лідзія Ярмошына, у гэтым выпадку кампанія не парушыць канстытуцыйныя тэрміны і завершыцца ў межах тых самых двух месяцаў да заканчэння паўнамоцтваў прэзідэнта.

«Мы нічога не пераносілі, бо дата выбараў нікім не назначалася, не называліся канчаткова. Проста неаднаразова ў розных інтэрв'ю я казала пра тое, што выбары павінны прайсці не пазней за 15 лістапада — гэта крайняя дата, за якую нельга выходзіць».

Чарговыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці ў Беларусі не пазней за 21 лістапада. Раней у якасці найбольш верагоднай даты іх правядзення называлася 15 лістапада, менавіта гэтую дату агучвала Ярмошына месяц таму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?