Следчы камітэт Расіі правёў у Санкт-Пецярбургу эксгумацыю астанкаў апошняга расійскага імператара Мікалая II і яго жонкі Аляксандры Фёдараўны.

Мэта эксгумацыі - пацвердзіць сапраўднасць знойдзеных у Екацярынбургу ў 2007 годзе меркаваных парэшткаў цэсарэвіча Аляксея і вялікай князёўны Марыі, якія цяпер знаходзяцца ў дзяржархіве Расіі.
Іх целы былі пахаваныя бальшавікамі асобна ад астатніх загінулых і выяўленыя толькі восем гадоў таму ў Свярдлоўскай вобласці.
Як паведаміў прадстаўнік СК РФ Уладзімір Маркін, працэдура эксгумацыі праводзілася ў сувязі з аднаўленнем расследавання крымінальнай справы аб гібелі членаў расійскага імператарскага дома, а таксама асобаў з іх світы.
Дом Раманавых падтрымаў эксгумацыю, паколькі гэта дазволіць пераканацца ў тым, што ў Петрапаўлаўскім саборы Санкт-Пецярбурга сапраўды пахаваны Мікалай II.
Крымінальная справа аб гібелі членаў расійскага імператарскага дома і асоб з іх світы была распачатая ў 1993 годзе пасля выяўлення групавога пахавання ў ваколіцах Екацярынбурга.
У ходзе ідэнтыфікацыі парэшткаў следства прыйшло да высновы, што яны належаць расстраляным у ноч на 17 ліпеня 1918 года Мікалаю II, яго жонцы Аляксандры Фёдараўне, іх дзецям, а таксама асобам са світы: лейб-медыку, прыслужніцы, кухару і лёкаю.
У 1998 годзе крымінальная справа была спыненая ў сувязі са смерцю асоб, якія ўчынілі злачынства, а парэшткі імператара і яго жонкі былі пахаваныя ў Петрапаўлаўскім саборы Санкт-Пецярбурга.
29 ліпеня 2007 года ў час археалагічных раскопак на поўдзень ад месца першага пахавання былі знойдзеныя парэшткі яшчэ двух чалавек. Эксперты мяркуюць, што яны належаць цэсарэвічу Аляксею і яго сястры Марыі.
Каментары