Прэзідэнт ЗША Барак Абама заявіў, што паважае рашэнне брытанцаў пакінуць Еўрапейскі саюз і што адносіны ЗША і Брытаніі ад гэтага не пацерпяць.

«Народ Вялікабрытаніі выказаўся, і мы паважаем яго рашэнне. Злучанае Каралеўства і Еўрапейскі саюз застануцца незаменнымі партнёрамі Злучаных Штатаў, нягледзячы на тое, што яны пачынаюць пераглядаць адносіны паміж сабой», — гаворыцца ў заяве Белага дома.

Барак Абама ў чарговы раз падкрэсліў асаблівыя адносіны Вашынгтона і Лондана.

Да рэферэндуму амерыканскі прэзідэнт горача падтрымліваў тых, хто выступаў супраць выхаду Брытаніі з ЕС, і ў красавіку нават выступіў на старонках брытанскай газеты Daily Telegraph c калонкай, у якой апісаў перавагі захавання сяброўства ў Еўрасаюзе.

Гэты крок прэзідэнта ЗША выклікаў крытыку ў Брытаніі, бо многія палічылі тую публікацыю спробай умяшання ва ўнутраныя справы іншай краіны.

Шкадаванне з нагоды вынікаў рэферэндуму раней выказаў віцэ-прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн.

«Павінен сказаць, што мы чакалі іншага выніку… Аднак ЗША даўно падтрымліваюць сяброўскія сувязі са Злучаным Каралеўствам, і гэты асаблівы падыход захаваецца», — сказаў ён.

Байдэн таксама адзначыў, што Вашынгтон з павагай ставіцца да выбару брытанскіх грамадзян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?