Агульнае фота ўдзельнікаў саміта «Усходняга партнёрства». Фота consilium.europa.eu.

Кіраўнік беларускай дэлегацыі на саміце «Усходняга партнёрства» ў Брусэлі, міністр замежных справаў Уладзімір Макей па завяршэнні мерапрыемства цэлую гадзіну размаўляў з журналістамі.

Макей быў у вельмі пазітыўным настроі, шмат усміхаўся і жартаваў. Варта адзначыць, што далёка не ўсе кіраўнікі дэлегацый былі настолькі ж адкрытыя для размоваў з прэсай. Парашэнка фактычна ўцякаў ад журналістаў. Аліеў, Саргсян рабілі тое ж самае. Макей адказваў на пытанні, пакуль не скончыліся, больш за гадзіну.

«Гэта быў адзін з самых паспяховых самітаў «Усходняга партнёрства». Упершыню без вялікіх спрэчак была прынятая выніковая дэкларацыя. Гэтая дэкларацыя адпавядае нашым чаканням. Важна, каб яна была накіраваная ў будучыню. Дэкларацыя не мае канфрантацыйнага характару і не накіраваная супраць трэціх дзяржаў. Саміт прайшоў на пазітыўнай ноце», — адзначыў Макей.

Далей міністр шмат гаварыў, што самае важнае на сённяшні дзень — гэта стабільнасць у нашым рэгіёне. «Мы зацікаўленыя ў больш прагматычным, заземленым характары адносінаў. Узаемадзеянне мусіць быць нацэленым на канкрэтныя вынікі, каб звычайныя людзі адчулі, што такое «Усходняе партнёрства». Не нейкае там партнёрства на ўсходзе, а што гэта за праграма. Напрыклад, у Брэсце, каб дзякуючы «Усходняму партнёрству» была адноўленая памежная інфаструктура, з’явіліся новыя транзітныя калідоры, а адпаведна і новыя працоўныя месцы».

Немагчыма было абысці тэму Расіі. Уладзімір Макей сказаў, што не дзякуючы Беларусі Расія ніякім чынам не згадваецца ў выніковай дэкларацыі. «Мы зацікаўленыя ў больш цесным супрацоўніцтве паміж еўразійскімі і еўрапейскімі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі. Патрэбны больш цесны дыялог, накіраваны на ўзнаўлення даверу паміж намі», — адзначыў міністр.

«Мы не ставім задачу, і ніхто ад нас не патрабуе стрымгалоў бегчы ў ЕС, мы з’яўляемся сябрам Еўразійскага эканамічнага саюза, нам трэба яго развіваць. Аднак вельмі важнай з’яўляецца тэма дыверсіфікацыі, каб мы сышлі ад залежнасці ад адной крыніцы, накірунку. Каб мы ў крызіснай сітуацыі маглі мець нейкія падушкі. Еўрапейскі саюз — гэта вельмі важны гандлёва-эканамічны партнёр. Мы не будзем разрываць партнёрскія сувязі з Расіяй, але трэба развіваць з ЕС і больш далёкай дугой», — гэта не новая пазіцыя МЗС. І ягоны кіраўнік часта агучвае такую афіцыйную пазіцыю.

Калі пытанні Макею задавалі па-беларуску, іх было нямала, у тым ліку ад «НН», то Макей адказваў па-беларуску. Адзначым, што мова Макея правільная, гаворыць ён на ёй амаль без памылак. Звяртала ўвагу, што міністр ужываў слова «звяз», а не «саюз».

Уладзімір Макей на саміце Усходняга Партнёрства — 2017.

«Калі казаць мае асабістыя адчуванні, то з 25 гадоў незалежнасці мы мелі 20 гадоў абмежаванняў у адносінах з ЕС, то санкцыі нейкія, то яшчэ што. Летась у лютым большасць санкцый былі адмененыя. Дзякуй богу, што да еўрапейцаў прыйшло разуменне, што немагчыма імгненна нешта змяніць. У нас розныя сітуацыі — менталітэт, кантэкст, дабрабыт. Цяпер еўрапейцы разумеюць, што неабходна мець дыферэнцыяваны падыход. Беларусь ніколі не была краінай, якая стварала праблемы Еўразвязу. Наша мяжа — самая надзейная».

Чыноўнік адзначыў, што да наступнага саміту праз два гады Беларусь падыдзе з канкрэтнымі дакументамі.

«Беларусь падыдзе да гэтага саміту з новым узроўнем супрацоўніцтва з Еўропай. Будуць пагадненні, пра якія ўсе будуць гаварыць. Не буду канкрэтна гаварыць пра дамоўленасці. Мы зацікаўленыя, каб базавае пагадненне паміж Беларуссю і ЕС было падпісана як мага хутчэй. Наконт візаў сапраўды засталося зусім мала тэхнічных і 1-2 палітычных момантаў, над якімі мы працуем. Мы можам пераадолець гэтыя цяжкасці», — гаворка пра змяншэнне цаны шэнгенскіх візаў для грамадзян Беларусі.

Калі журналістка СТВ спыталася, ці гучалі на саміце антырасійскія заявы, то Макей адказаў: «Не ведаю, што разумець пад вострымі «антырасійскімі выступамі». Канечне ж, з вуснаў некаторых дзяржаў гучала крытыка Расіі ў сувязі з падзеямі ў Крыме і ўсходзе Украіны. Але пераважная большасць выступоўцаў казала, што «Усходняе партнёрства» не накіравана супраць трэціх краін. Няма ніякіх антырасійскіх пасажаў і ў выніковай дэкларацыі».

Карэспандэнт «Нашай Нівы» пацікавіўся, ці меў Макей размову з Ангелай Меркель, з якой сядзеў побач на саміце. «Я не звыкся хваліцца сваімі сустрэчамі, расказваць, пра што размаўляў з іншымі дэлегатамі. Я меў сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый ўсіх краін «Усходняга партнёрства». На ланчы сядзеў з прэм’ер-міністрам Грэцыі. Я расказаў яму, як развіваюцца нашы адносіны. Некалькімі словамі перакінуўся з Ангелай Меркель, але не хачу ўдакладняць пра што канкрэтна. Былі вельмі цікавыя перамовы з еўракамісарам Ханам і вярхоўным прадстаўніком ЕС Магерыні, ёсць шэраг прапановаў, якія мы будзем далей абмяркоўваць».

Ці было паднятае на сустрэчы з Парашэнкам пытанне арыштаванага ў Мінску ўкраінскага журналіста Шаройкі. «Абмяркоўвалі», — каротка адказаў Макей.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?