Культура33

Зь юбілеем, Белаазёрск!

Горад на Берасьцейшчыне, што дае ладнай частцы беларусаў сьвятло ў дом ды абувае іх у красоўкі зь лягатыпам у выглядзе кашэчай лапы, адзначыў 50-годзьдзе.

Маладыя гарады, што нібы зь нічога ўзьніклі ў савецкі час у якасьці непазьбежнага дадатку да якога-небудзь чарговага прамысловага гіганту, часам тояць у сабе сюрпрызы. Як Жодзіна, якое, дзякуючы дапытлівасьці мясцовых краязнаўцаў, пасталела больш як на тры стагодзьдзі, ці маладыя Новалукомль і Наваполацак, што дадалі ў сваіх назвах да прыстаўкі Нава- імёны сваіх сівых суседзяў. У дзясятак разоў маладзейшы за суседнюю Бярозу Белаазёрск -- тое яшчэ места.

«Адкуль вы, дзетачкі, з Грэсі?»

Трохі гісторыі. Белаазёрск, як і шмат якія падобныя паселішчы, пачынаўся з пабудовы працоўнага пасёлку. Першыя баракі ўзьніклі на краі вёскі Ніўкі ў 1958 г. Пра горад яшчэ ніхто не гаварыў і ДРЭС, якую злучылі зь Белым возерам сыстэмай каналаў, назвалі Бярозаўскай — у гонар бліжэйшага да яе раённага цэнтру Бярозы. Праз два гады пасёлак спачатку назвалі Бярозаўскім, а пасьля ахрысьцілі нарэшце Белаазёрскам. Гарадзкі статус ён набыў у 1970 г. Але шмат хто з старых жыхароў навакольных вёсак дагэтуль ня звыкнецца з такім суседзтвам. Так і пытаюць у дзяцей, што шыбуюць да аднаго з азёраў: «Адкуль вы, дзетачкі, з Грэсі?».

На сёньня жыхарства Белаазёрску набліжаецца да трынаццаці з паловай тысячаў чалавек. Акрамя ДРЭС, што дае ладнай частцы беларусаў сьвятло ў дом, тут працуе энэргамэханічны завод, запчасткі якога набываюць ня толькі нашыя суседзі, але й далёкія Куба зь Іракам. Беларуска-гішпанскае прадпрыемства «Белкельме» абувае аматараў спартовага абутку ў красоўкі зь лягатыпам у выглядзе кашэчай лапы. Ёсьць тут чыгуначная станцыя з навюткім вакзалам. Ды працы ў невялікім горадзе ўсім не хапае, таму найбольш актыўныя знайшлі яе ў Бярозе, а хто-ніхто і ў Менску. Мясцовыя дзеткі наведваюць дзьве школы і гімназію, малеча — шэсьць садкоў, частка выпускнікоў — мясцовы каледж. Перад маладымі бацькамі стаіць ня толькі пытаньне працаўладкаваньня, але й жыльля, бо ў Белаазёрску новыя дамы амаль не будуюцца. Нярэдкая зьява — арэнда кватэраў і пакояў. Кватэры каштуюць амаль як у абласным Берасьці, і набываюцца вельмі хутка — як толькі пайшла пагалоска.

Ахоўваецца гісторыяй

Нягледзячы на адносную маладосьць, горад энэргетыкаў мае сваю гісторыка-культурную каштоўнасьць. Пра гэта сьведчыць шыльда на мясцовай праваслаўнай царкве, закладзенай у 1994 г. у гонар сьв. Серафіма Сароўскага. У сваёй прыгажосьці храм спаборнічае зь пяцідзясятніцкай царквой Сьв.Тройцы, што разьмясьцілася трохі ў баку ад таго самага месца, зь якога пачынаўся некалі горад. Побач з пратэстанцкім храмам сярод акуратна пастрыжаных кустоў бруяцца фантаны, браму ўпрыгожваюць анёлы. Праваслаўныя не адстаюць — перад царквой зрабілі стаянку, на ходніках кладуць новую плітку. Але гэта ўсё немаўляты ў параўнаньні з тым, што можна пабачыць у навакольлі Белаазёрску, а менавіта ў суседняй вёсцы Пескі, дзе захаваліся рэшткі сядзібы і парку славутага роду Пуслоўскіх. Сядзіба тая вядомая з ХVI ст. Да пажару 1843 г. тут быў палац, у якім захоўвалася багатая калекцыя жывапісу. У ХVIІІ ст. побач з палацам разьбілі цудоўны парк, у ім выкапалі сажалкі, якія напаўняліся водамі Чорнага возера праз адмысловую сыстэму каналаў. Пасьля пажару пад жылое памяшканьне перабудавалі стайню. Гэты будынак з чатырма калёнамі захаваўся да нашых дзён, як і парк, сьпіртзавод, каравульнае памяшканьне і дзьве брамы.

Вось каб жа...

Сядзібна-паркавы комплекс, як сьведчыць шыльда, ахоўваецца дзяржавай, аднак заходняя вежа як стаяла паўразбураная насупраць калгаснай фэрмы, так і стаіць. Былых магнатаў даўно няма, але да парку ўжо падбіраюцца харомы новых гаспадароў жыцьця. Сярод старых дрэваў любяць папіць гарэлкі маладыя людзі з гораду. У былой стайні-сядзібе месьціцца турбаза, над якой навісае надбудаванымі паверхамі сьпіртзавод. Думаецца, што карысьці з таго, што ацалела, можна было б атрымліваць нашмат болей, чым ад пескаўскай гарэлкі ды паслугаў лядашчай турбазы. Сажалкі так і просяцца, каб іх пачысьцілі і засялілі рыбай. Парк дагэтуль ня страціў былыя рысы і прыгажосьць. Азёры, што Чорнае, што Белае, нават у самы гарачы сэзон ня ведаюць і блізка той колькасьці наведнікаў, як шмат меншая Сьвіцязь. У самым Белаазёрску, побач з праваслаўнай царквой стаіць аздараўленчы цэнтар «Берасьцеэнэрга». Выглядае як ня горшы гатэль, ці прэстыжны курортны санаторый. У нешта падобнае ператварыўся былы пансіянат на той жа Сьвіцязі, то няблага было б і на тутэйшых азёрах нешта прыдумаць, бо інфраструктура адпачынку тут амаль адсутнічае. А прыклады, як можна зрабіць, ёсьць. На высьпе аднаго з азёраў у Бярозаўскім раёне прадпрымальнік збудаваў хатку і цяпер за грошы здае яе турыстам.

На Саладуху за 25 тысячаў

Канцэрты прывазных зорак ў мясцовым ДК — падзея рэдкая. Таму квіткі на якога Саладуху разыходзяцца ў момант, ня гледзячы на амаль менскія цэны. Вясной прыяжджаў Фінберг з аркестрам — вольных месцаў было вобмаль. Тое самае і ў Капылі, і ў Шаркаўшчыне. Неяк казаў пра тое Зьмітру Вайцюшкевічу. Хто-хто, а ўжо ён зачараваў бы мясцовых паляшучак выкананьнем «Зялёнага дубочка». Мясцовая эстрада прадстаўленая ансамблем танцу «Журавінка» і студыяй эстраднай песьні «БЭЗ» (на блытаць з расьлінай – гэта ўсё той жа энэргамеханічны завод). Ёсьць тут і альтэрнатыўная сцэна і нават незалежны лэйбл «Экстрэмальная музыка». Адзін з тутэйшых сайтаў мае рубрыку «Літаратура ў горадзе», але інфармацыі на старонцы небагата – партрэты мясцовых паэта і празаіка. Дзіўна, але пра цудоўную паэтку Ніну Мацяш тут ні слоўца.

Палёт малой авіяцыі і кол. худ. самадзейнасьць

Яшчэ колькі гадоў таму некаторыя вуліцы Белаазёрску нагадвалі паваенную забудову Наваградку ці Карэлічаў. Двух-, трохпавярховыя дамкі з пакатымі стрэхамі, выкладзеныя жаўтаватай вузкай цэглай. Цяпер сьцены тых дамоў хаваюцца пад тоўшчай тэрмафутра, разам з цэглай з вачэй зьнікаюць пісягі смалы, якой залівалі штогод прарэхі ў страсе і нацыянальныя надпісы. Мясцовы гатэль страціў камуністычную спадчыну ў выглядзе надпісу «50 год савецкай уладзе» і набыў новы гонтавы дах. На ходніках асфальт саступіў месца плітцы, зазелянелі газоны. Перад самым сьвяткаваньнем, калі ўсчаліся дажджы, пачалі фарбаваць прыпынкі і платы. Горад усё лета рыхтаваўся да юбілею. Чакалі высокае начальства з вобласьці. З афішаў, намаляваных ад рукі, стала вядома, што ў сьвяточнай праграме будуць сюрпрызы: акрамя звыклых выязнога гандлю і выступаў «кол.худ.самодеятельності», заплянавалі і палёты малой авіяцыі.

Зь юбілеем, Горад Белага Возера!

Каментары3

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Стала вядома, колькі грошай атрымлівалі ад крамлёўскага фонду Лушч, Мірсалімава і Герашчанка7

Стала вядома, колькі грошай атрымлівалі ад крамлёўскага фонду Лушч, Мірсалімава і Герашчанка

Усе навіны →
Усе навіны

Ва Ушачах каля людскіх дамоў заўважылі ваўка з абадраным хвастом2

«Дорага і няякасна». Беларусы скардзяцца на няякасны абутак ад «Белвеста» і праблемы з вяртаннем грошай7

Еўрасаюз выдзеліў грошы на падтрымку «Радыё Свабода»4

Рубіа: Трамп не пайшоў ні на якія саступкі Пуціну6

Жыхарка Закарпацця атрымала 10 гадоў турмы за згвалтаванне мужчыны венікам7

У Беларусі склалі «мабільны» рэйтынг славутасцяў. Самая папулярная трохі нечаканая5

Гродзенскія чыноўнікі ўпрыгожылі цэнтральную вуліцу пластыкавымі кветкамі, хоць спачатку абяцалі жывыя

У Лідскім раёне мужчына жыўцом спаліў свайго знаёмага

У Смалявіцкім раёне жыхары працягваюць змагацца супраць сажалкі для адкідаў з Мінска3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, колькі грошай атрымлівалі ад крамлёўскага фонду Лушч, Мірсалімава і Герашчанка7

Стала вядома, колькі грошай атрымлівалі ад крамлёўскага фонду Лушч, Мірсалімава і Герашчанка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць