Грамадства9494

«Штосьці хаваюць, а што — не ведаю»: што адбывалася ў сям’і з Радашкавіч, адкуль за збіццё забралі дзевяць дзяцей 

З сям’і Зоі і Сяргея Канановічаў з Радашкавіч забралі 9 дзяцей. Камісія па справах непаўналетніх вырашыла забраць дзяцей, бо была інфармацыя пра пабоі і пагрозы калектыўнага самагубства. Канановічы, прыхаджане евангелісцкай царквы, нібыта збівалі дзяцей рамянём, кажучы, што іх карае Бог.

Пра гэта расказаў адзін з хлопчыкаў. Таксама малы паведаміў, што мама абяцала сысці разам з дзецьмі да Бога — на Вялікдзень або ў Вербную нядзелю. І папярэджвала, што да іх усіх прыйдзе смерць.

Зоя Канановіч.

Сёння Канановічы на кантакт не ідуць. Дзверы не адмыкаюць ані яны, ані бабуля (маці Сяргея), якая жыве побач. Тэлефоны таксама не здымаюць ані Сяргей, ані Зоя. Таму пра сітуацыю ў сям’і даводзіцца меркаваць толькі са словаў суседзяў і знаёмых.

Суседзі ведаюць няшмат. Кажуць: «Канановічы вельмі закрытыя. Зносін ні з кім не падтрымліваюць. Жывуць, здаецца, нармальна, нікому не перашкаджаюць. З кватэры часта чуваць, як спяваюць рэлігійныя песні».

Пра дзяцей суседзі кажуць, што тыя былі дагледжаныя. Чагосьці надзвычайнага ў іх паводзінах ніхто не заўважаў. Яшчэ ў 2014 годзе Зоя Канановіч атрымала Ордэн Маці. На той момант у яе было 6 дзяцей.

Праўда, і ўвагі на Канановічаў асабліва ніхто не звяртаў — суседзі нават не ведаюць, дзе і кім працуе Сяргей. Кажуць, дзесьці на чыгунцы, ды і ўсё.

Аналагічна і з суседзямі Галіны, маці Сяргея. Суседзі паціскаюць плячыма і паўтараюць тое ж, што і суседзі яе сына: «Верніца, вельмі закрытая….»

Але дзеці адной з суседак, Алы, сябравалі з дзецьмі Канановічаў. Жанчына распавяла трохі падрабязней пра побыт сям'і вернікаў.

Агулам у іх 9 дзяцей. У іх прыгожыя, рэдкія імёны: Злата, Суламіта, Лучазара, Евангеліна… Ёсць таксама Караліна, Елісей.

«Некаторыя кажуць, што ў іх грошай было шмат, што яны вандравалі… Гэта няпраўда. Асаблівых праблем не было, але і багата не жылі. Сяргей хацеў адрамантаваць машыну ў майго мужа і ўсё прасіў зніжку, бо было дорага. У выніку так і не адрамантаваў — грошай не хапіла», — кажа Ала.

Па словах жанчыны, Канановічы жылі сапраўды вельмі закрыта.

«Зоя нідзе не працавала і ні з кім асабліва зносін не мела. Не мела і сябровак. Яна ўвогуле некантактная. Сустрэнеш — у вочы не глядзіць, пазбягае размоваў. Але ж ізноў, нічога надзвычайнага. Неяк яна дала мне запрашальнікі на Раство, у царкве быў вечар, — узгадвае Ала. — А дзеці вельмі добрыя. Дагледжаныя. Загартаваныя, увесь час бегаюць на вуліцы. Гэтыя дзеці першыя выходзілі на двор і апошнія сыходзілі.

Цацак яны не маюць амаль зусім. Тэлевізара таксама ў сям’і няма. Мабільнікаў у дзяцей няма. Тыя ж ролікі і ровар яны бралі ў маіх дзяцей, бо ў Канановічаў толькі адзін ровар: малы дзіцячы, на трох колах. Калі ў Канановічаў нарадзіліся двайняткі, я аддавала ім праз іх старэйшую дачку дзіцячыя рэчы. Узялі».

Дзеці вельмі і вельмі дысцыплінаваныя, падкрэслівае суседка.

«Яны бывалі і ў нас. Добрыя! Але заціснутыя, цяжка ідуць на размову, сарамлівыя… Пытаешся, як справы — маўчаць. Я ўвогуле здзіўленая, што хтосьці з іх паскардзіўся на бацькоў чужым, — кажа жанчына. — Больш адкрытая толькі Караліна, ёй каля 12 гадоў.

Яна неяк сказала, што Зоя чакае двайнятак. Я здзівілася, дзе ж яны будуць спаць у той кватэры такой вялікай сям’ёй? Караліна кажа: нічога, дастанем два матрацы з падвала. Пытаюся, вы што, на матрацах спіце? Адказвае: так, у нас у адным пакоі ляжаць усе матрацы, там спім».

Кватэра Канановічаў тыповая. Двухпакаёўка, каля 60 квадратаў. У ёй і жылі 11 чалавек.

«У суседнім доме жыве Галіна, маці Сяргея. Частка дзяцей нярэдка начавала ў яе, — кажа Ала. — Таксама аднойчы мы з дзецьмі выйшлі гуляць, а ў двары ўсе дзеці Канановічаў, акрамя Златы. Пытаемся, а дзе тая. Дзеці кажуць: сёння чарга Златы мыць падлогу і прыбіраць. А Злаце — шэсць з паловай гадоў».

Цяпер па Радашковічах актыўна распаўсюджваюцца разнастайныя чуткі. Выглядае, што ў сям’і Канановічаў штосьці сапраўды змянілася пасля нараджэння апошняга дзіцяці ў верасні 2017 года.

Вельмі змяніўся муж. Схуднеў, выглядае вельмі кепска. Пра гэта кажуць усе суседзі.

«Сяргей страціў кілаграмаў 20», — кажа пастар мясцовай царквы.

Таксама і перамены з дзецьмі пачалі заўважаць і ў царкве, і ў школе.

«У Караліны змяніліся паводзіны. Яна апошнім часам стала вельмі агрэсіўная. Аднойчы прыйшла ўвогуле ў слязах. Я пытаюся, што такое? Яна адказала: «Табе без розніцы», — распавяла «Нашай Ніве» Насця, аднакласніца Караліны Канановіч. — Часам ела ў сталоўцы настолькі прагна, нібыта зусім галодная… Класная была ў курсе».

Алена Васільеўна, класны кіраўнік Насці і Караліны, адмовілася ад каментароў.

Але ж атрымалася пагаварыць з Аляксандрам Уласавым, пастарам мясцовай царквы, куды хадзілі Канановічы.

«Яны адносяцца да Красненскай царквы, але заходзілі і да нас. Дзеці займаліся ў нашай нядзельнай школцы. Праблем ніколі не было. Але пасля нараджэння апошняга дзіцяці штосьці здарылася. Астатнія дзеці перасталі наведваць нядзельную школу. Мы пацікавіліся ў Канановічаў, што здарылася, нам не адказалі. Але дзеці зноў пачалі наведваць школку, — кажа Уласаў. — Праўда, часам было бачна, што дзеці прыходзяць без настрою, сумныя. Але пра нейкія канкрэтныя праблемы ніхто нічога не ведаў. Самі дзеці нічога не расказвалі таксама.

Зоя сама перастала ўвогуле хадзіць у царкву: і да нас, і ў Красненскую. Не ведаю чаму. Дома ў іх усё нармальна. Парадак, усё добра. Але ж тое, як яны каралі дзяцей — гэта ненармальна.

Я пытаўся, калі пачаліся такія пакаранні, чаму… Яны не адказваюць. Закрываюцца і ад нашай царквы, і ад Красненскай. Штосьці хаваюць, а што — не ведаю. Але пачалося ўсё гэта менавіта пасля родаў, з верасня. Нават калі гэта ў Зоі пасляродавая дэпрэсія, то куды тады глядзіць муж?» — заўважае пастар.

Сёння Канановічы ў кватэру нікога не пускаюць, пацвярджае пастар.

«Але, калі толькі з’явілася пагроза, што дзяцей забяруць, яны пускалі ўсіх. Месяца паўтара таму прыязджаў пастар Красненскай царквы. Нічога падазронага не ўбачыў. Прыязджалі да іх браты, цётка… Але цётка хацела пераначаваць — ёй не дазволілі», — узгадвае Уласаў.

«Калі забралі дзяцей, мы з царквы прыходзілі да Канановічаў, каб падтрымаць. Але яны замыкаюцца. Нічога не кажуць. Адзіны адказ: у нас усё добра. Нават цяпер, калі дзяцей забралі, яны адказваюць толькі так: «У нас усё добра», — кажа пастар.

Каментары94

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА27

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Цапкала расказаў, што на грэчаскай мяжы яго абвінавацілі ў крадзяжы аўтамабіля9

Спектакль ад Лукашэнкі: Баскаў у бомберы «СССР», Сямёныч і «ўнучка Леніна» ВІДЭА16

Памілавалі яшчэ 31 палітвязня5

Пустыя рамы ў залах. У Мастацкім музеі навочна паказалі драматычныя страты беларускага мастацтва ў час вайны4

На таргі выставілі дзве запраўкі, якія належалі Юрыю Чыжу

Прапагандысткі перад Лукашэнкам білі дровы патэльнямі ВІДЭА9

«Львоў нашмат больш бяспечны за Тэль-Авіў». Украіна хоча аднавіць палёты са сваіх аэрапортаў ужо ў студзені1

«Мінск нагадвае савецкі гарнізонны гарадок». Як прапануюць замяніць царскія і камуністычныя назвы ў сталіцы?16

Польшча цягам найбліжэйшых трох дзён установіць на мяжы з Беларуссю ўмацаванні1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА27

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →