Гісторык папунктава разабраў артыкул Мінадукацыі пра Каліноўскага: «Старанная фальсіфікацыя, якая разбіваецца «Лістамі з-пад шыбеніцы»
Піша гісторык Васіль Герасімчык.
Аўтары беларускага падручніка па рускай літаратуры для 8 класа назвалі паўстанне 1863 года «польскім паўстаннем» — яны бяздумна ўзялі фармулёўку з расійскіх падручнікаў, толькі прыпісалі «пад кіраўніцтвам Каліноўскага». Выйшаў нонсэнс — Каліноўскі кіраваў паўстаннем у Беларусі, не ў Польшчы. Але галоўнае, што для Беларусі тое паўстанне — важная частка сваёй гісторыі, не польскай. Таму аўтараў падручніка па літаратуры справядліва пакрытыкавалі гісторыкі. Адбылася звычайная, можна сказаць, працоўная дыскусія. І тут раптам істэрычным тэкстам зрэагавала прэс-служба Міністэрства адукацыі. Чырвонай анучкай для міністэрскага быка аказалася постаць Кастуся Каліноўскага.
Вось той абзац з падручніка:
А вось зацверджаны Міністэрствам адукацыі падручнік па «Гісторыі Беларусі» за 8-ы клас (2018) пад рэдакцыяй Уладзіміра Сосны. Тут гаворыцца пра «Паўстанне 1863—1864 гг.», а не пра «польскае паўстанне»:
А зараз разбярэм па пунктах артыкул прэс-службы Міністэрства адукацыі.
Фармулёўка «Польскае паўстанне 1863—1864» ужываецца ў Расіі
У Беларусі і Літве прыняты варыянт «Паўстанне 1863—1864 гадоў». Таксама ў беларускай гістарыяграфіі сустракаецца назва «Паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі 1863—1864 гадоў». У Польшчы, як і Украіне, тыя падзеі — гэта «Студзеньскае паўстанне». Менавіта так яно прадстаўлена і ў міжнародным навуковым асяродку — January Uprising.
«Польскім» паўстанне 1863—1864 гадоў называюць у Расіі. Пры гэтым варта зазначыць, што ў самой Расіі таксама рыхтавалася паўстанне. Існавалі таемныя арганізацыі «Зямля і воля» ды «Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы» [1]. Аказваючы дапамогу сваім рускім сябрам, Каліноўскі нават даслаў у Пецярбург адзін з друкарскіх варштатаў. Была арганізавана, напрыклад, так званая Казанская змова, за ўдзел у якой былі арыштаваныя 31 чалавек, пяцярых з іх расстралялі [2]. Паўстанцы планавалі рухацца з Магілёўскай губерні ў кірунку Смаленска і далей — ажно да Волгі [3]. Ні пра што гэта ў адказе «пресс-службы МО» няма. Бо гэтыя факты супярэчылі б трактоўцы, выгаднай у свой час царскім уладам, што падзеі 1863—1864 гадоў — «польскі бунт».
Прэс-служба занізіла колькасць баёў у 10 разоў
Згодна з афіцыйнымі расійскімі дадзенымі, толькі на тэрыторыі Беларусі і Літвы адбылося больш за 260 баявых сутыкненняў [4]. Згодна з няпоўнымі падлікамі Станіслава Зеліньскага, гэтая лічба складала 237 баявых сутыкненняў (з іх 3 у Магілёўскай, 20 у Мінскай, 1 у Віцебскай, 65 у Гродзенскай, 48 у Віленскай і 99 у Ковенскай губернях) пры агульнай колькасці на тэрыторыі ўсёй колішняй Рэчы Паспалітай у 1229 сутычак [5]. Аднак «пресс-служба МО» сцвярджае: «Усяго на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай адбылося каля 120 боесутыкненняў» (адпаведна, у 10 разоў менш!). Пры гэтым узгадваюцца нейкія «беларускія даследчыкі», якія налічваюць толькі 46 баёў з рускімі войскамі на тэрыторыі Беларусі.
Мілавідская бітва была не адзінай перамогай паўстанцаў
Прэс-служба Міністэрства адукацыі называе адзінай перамогай паўстанцаў толькі Мілавідскую бітву, якая адбылася 3 чэрвеня 1863 года. А як жа ва ўмовах фактычна партызанскай вайны захоп Ружанаў, Пружанаў, шэрагу іншых мястэчкаў, не кажучы ўжо пра вёскі, горад Горкі ці бітву ў Вялікім Вугле (або Вялікім Куце — урочышчы каля сучаснага аграгарадка Лыскава ў Пружанскім раёне), пасля якой Валер Урублеўскі адзначыў найлепшых паўстанцаў кветкамі каліны? А як жа знішчэнні варожых раз’ездаў, захопы поштаў? У Вялікую Айчынную вайну, напрыклад, аналагічныя выпадкі запісваліся ў статыстыку партызанскіх атрадаў як «перамогі».
Сярод паўстанцаў былі і праваслаўныя святары
За ўдзел у паўстанні, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, расейскія ўлады пакаралі 447 прадстаўнікоў духавенства Беларусі і Літвы (сярод іх 14 праваслаўных), яшчэ 8 каталіцкіх ксяндзоў яны прыгаварылі да смяротнага пакарання і расстралялі: Гаргас, Дайліда, Зямацкі Раймунд, Ішора Станіслаў, Мацкевіч Антоній, Нарэйка Ісідар, Рачкоўскі Тэафіл, Фалькоўскі Адам [6]. Гэтыя рэпрэсіі, ініцыяваныя Міхаілам Мураўёвым, справакавалі расправы і фізічныя катаванні з боку паўстанцаў у адносінах да шэрагу прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства, сярод якіх былі забітыя тры праваслаўныя святары (Канапасевіч Данііл, Рапацкі Раман, Пракаповіч Канстанцін) і плябан Фёдар Юзэфовіч. Рэпрэсіі ў выніку правакавалі рэпрэсіі, тое што і трэба было расійскім уладам для абгрунтавання жорсткасці сваіх дзеянняў. Так, за забойства святара Данііла Канапасевіча былі павешаныя чатыры чалавекі, двое з якіх — сяляне той жа мясцовасці, дзе святаром быў Канапасевіч: Аляксандр Падалецкі і Якуб Саковіч.
Сялян адпускалі, шляхту каралі
Усяго праз паўстанцкія шэрагі ў 1863—1864 гадах прайшло каля 200 тысяч чалавек, «хоць у полі ніколі не было іх больш, чым 30 тысяч»[7]. З іх у Беларусі і Літве дзейнічала каля 220 атрадаў, у якія ўваходзілі 67 957 чалавек[8]. Пры гэтым, рускі даследчык паўстання Мілавідаў рабіў заўвагу, што гэта прыблізная лічба і колькасць паўстанцаў у Беларусі і Літве магла даходзіць да 75 тысяч чалавек. З іх падчас баявых сутыкненняў на нашай тэрыторыі, па афіцыйных расійскіх дадзеных, было забіта 5934 паўстанцы, 733 параненыя і 1361 узяты ў палон: «Это будет minimum, так как в донесениях и в составленном на основании их «Перечне», число убитых не указано в 45 боевых столкновениях, число раненых в 150 и пленных в 95 столкновениях и в 8-ми случаях показаны общие потери свыше 1000 т.е., убитых и раненых вместе».[9]
Як мінімум траціну ўдзельнікаў паўстання (можаце самі падлічыць, колькі гэта з амаль 68 тысяч) складалі сяляне. Пры гэтым у многіх паўстанцкіх атрадах, якімі кіравалі абшарнікі, удзел сялян штучна абмяжоўваўся — яны павінны былі прыйсці ў атрад са зброяю. Прэс-служба Міністэрства адукацыі, спасылаючыся на аднаго вельмі ёю шанаванага эксперта, называе лічбу ў 22,93%, пры гэтым у якасці крытэра названа «З агульнай колькасці рэпрэсаваных за ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў» (звяртаю таксама ўвагу і на ўжытую канструкцыю без дадатка «польскае»). Хутчэй за ўсё, пад «рэпрэсаванымі» ў дадзеным варыянце маецца на ўвазе пакараныя смерцю, дзе сярод 180 павешаных і расстраляных расійскімі ўладамі ў Беларусі і Літве 43 былі сялянамі [10].
Аднак статыстыка ў дадзеным выпадку — справа даволі спрэчная. Напрыклад, гісторык Сусана Самбук, прааналізаваўшы спісы амаль 12,5 тысяч рэпрэсаваных па губернях, на якія дзялілася тэрыторыя Беларусі, прыйшла да высновы, што сяляне склалі сярод іх толькі 18% [11]. Аднак неабходна ўлічваць, што расійскія ваенна-следчыя камісіі асуджалі, у першую чаргу, прадстаўнікоў шляхты. Сяляне ж атрымоўвалі прысуды толькі ў тым выпадку, калі змагаліся да канца са зброяю ў руках або самі падбухторвалі іншых да ўдзелу ў паўстанні [12].
Напрыклад, па абвінавачванні ва ўдзеле ў паўстанні на 1.11.1863 года ў Гродне ў турме ўтрымліваліся 339 сялян, 259 шляхцічаў і 13 ксяндзоў [13]. Пераважную большасць сялян у выніку адпусцілі на парукі аднавяскоўцаў і пад нагляд паліцыі.
Польскі гісторык Веслаў Кабан увогуле адзначае, што ў другой фазе паўстання — з лета 1863 г. да моманту яго задушэння ў сакавіку 1864 г. — сяляне складалі каля 55 % усіх удзельнікаў атрадаў [14]. Да такіх падлікаў ён прыйшоў на падставе аналізу лістоў сялян, сасланых у Сібір. Прыкладна такая ж сітуацыя будзе і пры разглядзе ўдзельнікаў атрадаў. Так, у атрадзе Адама Пуслоўскага, які трапіў у палон, сялян было 12 з 29 (або амаль 41,4 %). І гэта дадзеныя да пачатку «фальсіфікавання» ўдзелу сялян у паўстанні з боку расейскіх уладаў з канца мая 1863 г. Таму са статыстыкай трэба быць вельмі асцярожнымі і разумець усе складанасці гэтага пытання.
І праваслаўныя, і каталікі
Расійскія ўлады на чале з Міхаілам Мураўёвым імкнуліся надаць паўстанню вобраз «ксендзовско-шляхетского мятежа». Выгадна гэта было і пераможаным з ліку «белых», якія ўсяляк у паразе абвінавачвалі «чырвоных». З гэтай мэтай удзел праваслаўнага насельніцтва, нават рэпрэсіі ў адносінах да 14 праваслаўных святароў, усяляк замоўчваліся. Аналізуючы тыя падзеі, ужо расейскі палкоўнік Аляксандр Гейнс, які змагаўся супраць паўстанцаў у бітвах пад Коцкам, пры Калішы і Семяцічах, у асабістым лісце да свайго сябры Канстанціна Каўфмана, аднаго з наступнікаў Міхаіла Мураўёва на чале Паўночна-Заходняга края імперыі, запісаў: афіцыйныя данясенні замоўчваюць факты «зацятай абыякавасці да нас сялян ва ўвесь час барацьбы». «Гэта абыякавасць ішла так далёка, што, не ў дакор афіцыйным данясенням, многія рускія сяляне бралі ўдзел у паўстанні». А ў маі 1863-га, напярэдадні Мілавідскай бітвы ў Слонімскім павеце, «сяляне цэлымі станамі прымалі праваслаўную прысягу на вернасць мецяжу…»[15].
Таму, насамрэч, праваслаўных хапала сярод паўстанцаў у заходняй частцы Беларусі, як і каталікоў сярод тых, хто падтрымліваў расійскія ўлады. Тут праблема значна складанейшая і яна патрабуе навуковых росшукаў. Інакш выглядала сітуацыя ў Магілёўскай губерні, дзе паўстанне нават і не паспела распаўсюдзіцца і дзе царская прапаганда была больш паспяховай.
Сяляне пасля ініцыяванага М.М. Мураўёвым стварэння вясковай варты («сельские караулы») бралі таксама сумесна з расейскімі войскамі ўдзел у чатырох баявых сутычках (дадзеныя па ст.ст.): 9 чэрвеня 1863 пры мястэчку Крывошына (11 сялян з таго бою атрымалі бронзавы медаль у памяць задушэння паўстання), 29 чэрвеня ля мястэчка Дамачава, 27 ліпеня паблізу ўрочышча Цымлева, 30 жніўня паблізу ўрочышча Бярозаўка. Аднак жаданых вынікаў ні прапагандысцкія захады, ні ўзнагароды, шырока абяцаныя сялянам расейскімі ўладамі, не прынеслі. Тым больш аснову вартаў складалі размешчаныя па вёсках воінскія і казацкія патрулі (толькі стараабрадцы добраахвотна ўступалі ў іх) і царскія афіцэры вымушаныя былі прызнаць, што сяляне ў Ковенскай і Гродзенскай губернях «адмовіліся ад добраахвотнага стварэння вартаў», ратаваліся нават уцёкамі ў лясы пры спробах прымусовай арганізацыі варты. Нездарма А.І. Мілавідаў у сваёй працы па гісторыі паўстання адзначаў: «З нагоды мецяжу 1863 года існуе перакананне, што сельскае насельніцтва Паўночна-Заходняга края з самага пачатку руху было цалкам на баку законнага расейскага ўрада. Гэта можна сказаць толькі пра беларускія [маюцца на ўвазе — Віцебская і Магілёўская] з пераважным рускім, праваслаўным насельніцтвам, і то якое далёка не цалкам праяўляла сваю адданасць»[16].
Беларусь у паўстанні
Ужо перадрукаваны ў Вільні і распаўсюджаны ў Беларусі і Літве польскі маніфест аб пачатку паўстання быў падпісаны ад імя «Літоўскага камітэту ў якасці Часовага правінцыйнага ўрада ў Літве і Беларусі». Быў яшчэ і «Прыказ ад ронду польскага над цэлым краем Літоўскім і Белорускім да народу зямлі літоўскай і белорускай». Быў пароль: «— Каго любіш? Люблю Беларусь! — Дык узаемна!» Іншая справа, што пад «Беларуссю» разумелі самі паўстанцы.
Міф Каліноўскага закладаўся задоўга да БССР
Гэтаму садзейнічалі сучаснікі Кастуся Каліноўскага па розныя бакі барыкад. Сапраўды, для пераможаных паўстанцаў Каліноўскі — «польскі патрыёт», але з разынкай. Для свайго палітычнага праціўніка Якуба Гейштара ён «ліцвін-сепаратыст»[17]. А сакратар паўстанцкага Народнага ўрада ў Варшаве Ю. Яноўскі (1832—1914) называў Каліноўскага ўвогуле «адным з вышэйшых розумаў, якіх стварыла на свет Польшча ў той час, чалавекам, аддадзеным душой і целам ідэі вызвалення народа, праўдзівым апосталам беларускага народа, сапраўдным героем паўстання 1863 года»[18]. Каліноўскі, сапраўды, быў выхаваны ў польскай культуры, атрымаў выдатную рускую адукацыю, але ўсвядоміў сваю прыналежнасць да простага беларускага народу, за лепшую долю якога і аддаў сваё жыццё.
Падобныя характарыстыкі гучалі і з боку пераможцаў. Мураўёўскі гісторык Васіль Ратч назваў Каліноўскага «самозванец-диктатор Литвы и Белоруссии»[19]. Паказальна ў гэтым плане ўзгадка пра Каліноўскага, які выступае антаганістам у двухтомным рамане «Крывавы пуф» (1869—1874) Усевалада Крастоўскага. Таго самага, які вучыўся з Каліноўскім на адным і тым жа юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, а пазней служыў у Свіслачы і Гродне так узгадваў у сваім рамане пра Каліноўскага: «Варшаўскі ржонд зусім ужо са старонніх рук даведаўся ў чым крыецца сапраўдная справа, і забаяўшыся Каліноўскага, паслаў да яго ўніверсітэцкага таварыша Оскара Авейдэ «ўламаць» новага дыктатара, угаварыць яго не аддзяляцца ад ржонда, у імя любові да супольнай польскай айчыны. Але дарэмна бегаў Авейдэ на віленскія нямецкія могілкі для спатканняў і перамоваў з Каліноўскім. Гэты апошні не пагаджаўся ні на што і заявіў, што яму справы няма да «Кароны», што Літва і Беларусь цалкам адмысловая і самастойная дзяржава і што «такой дурной башцы, як Варшава, нельга ўручаць лёс Заходняга краю»[20].
Шкада, што прэс-служба Міністэрства адукацыі не ведае ні пра спрэчкі, якія вяліся ў Літоўскім камітэце наконт абароны мясцовых інтарэсаў перад Варшавай напярэдадні паўстання. Што гэта прывяло да крызісу ва ўзаемаадносінах з Нацыянальным камітэтам. Што з пачаткам паўстання Каліноўскі, як любы разумны палітык, палічыў немэтазгодным працягваць спрэчкі, а проста рабіць справу. Любыя спробы паставіць пад сумнеў прыналежнасць Каліноўскага да беларусаў, як і старанная фальсіфікацыя аўтарства прэс-службы Мінадукацыі, разбіваюцца аб яго перадсмяротныя «Лісты з-пад шыбеніцы».
У арыгінале яны былі падпісаныя як «Да люду Беларускага. Ліст з-пад шубеніцы Канстанціна Каліноўскага»[21]. Гэта была паралель з польскім рэвалюцыйна-дэмакратычным таварыствам «Люд польскі», заснаваным у 1835 годзе Станіславам Ворцэлем. Каліноўскі марыў пра стварэнне народнай арганізацыі. Але яго спробы не прынеслі плёну. І гэтую ідэю ён пакідаў нашчадкам.
Мэта «Лістоў» — «каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на Маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочаць, і чаго па сваей сіле дабіваціся будуць. Слова наша простае, но зато шчырае; калі яно дойдзе да Ронду Польскага, адкрые яму нашу грудзь, дай пакажа, што па-нашаму рабіці трэба, каб панаванню Маскоўскаму не цяпер, то пазней канец ужэ палажыці».
У «Лістах» дакладна размяжоўваецца «польскае паўстанне», «маскалі» і «мужыкі-Беларусы». Беларусы павінны падтрымаць «польскае паўстанне», каб дамагчыся правоў для сябе і ператварыць яго ў сваё паўстанне. Усё ў ключы паўстанцкага закліку «За нашую і вашую свабоду!»
Асабліва павучальным для прэс-службы Міністэрства адукацыі павінны былі б стаць словы Каліноўскага пра школу на роднай мове, але, відавочна, ім не ўдаецца іх разгледзець.
Ліст «Яські, гаспадара з-пад Вільні, да мужыкоў зямлі Польскай» не належыць Каліноўскаму
На момант з’яўлення гэтага «Ліста» Кастусь Каліноўскі быў усяго толькі намеснікам кіраўніка горада Вільні, адхілены ад улады пасля перавароту «белых» на чале з Якубам Гейшатарам. У тым ліку ён не меў паўстанцкай пячаткі, якой змацаваны «Ліст» і якая была перададзена Гейштару. Кастусь Каліноўскі напісаў пратэст супраць «контррэвалюцыйнага перавароту», у якім склаў з сябе ўсю адказнасць перад нашчадкамі за далейшы лёс паўстання.
Менавіта пасля гэтага Якуб Гейштар, які скасаваў Часовы ўрад… у Літве і Беларусі», пайшоў на падпарадкаванне Варшаве і ўзначаліў «аддзел, які кіруе правінцыямі Літвы». Разам з варшаўскім камісарам Нестарам Дзюлеранам ён падрыхтаваў дзве адозвы да жыхароў Беларусі.
Першая з іх з’явілася да Дня Канстытуцыі Рэчы Паспалітай — 3 мая. Ад імя польскага Нацыянальнага ўрада ён быў надрукаваны па-беларуску лацінкай са словамі «Браты-Беларусы, прыйшла пара добрая». На ім стаіць ужо пячатка Аддзела, кіруючага правінцыямі Літвы. Дакумент зазначае, што «ўсе сыны адной Польшчы-Айчызны нашай, што ўсем мужыкам аддаецца на ўвесь век земля, якая была ў іх ужывальносці без жаднай паньшчызны і чыншы ніякага атработку». Важна ў гэтым дакуменце тое, што ўслед за паўстанцкім маніфестам абяцаецца 5 маргоў зямлі беззямельным сялянам, «каторыя пойдуць на Маскаля». Завяршаецца ён словамі, што «ў кажной хаце хараніце гэты Маніхвест, як грамату на свабоду праўдзівую». Яго адрознасць ад папярэдніх паўстанцкіх дакументаў, якія выдаваліся «Часовым урадам», або той жа «Мужыцкай праўды» палягае нават у тым, што ён выступае не ад імя «Мы», а мае пазнакі «Вы», «Вашай» у адносінах да «мужыкоў», «Братоў-Беларусаў».
Тое ж датычыць і агітацыйнага выдання, вядомага як «Пісьмо Яські-гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай», якое, відавочна, было падрыхтавана аўтарамі Маніхвеста ад 3 мая, выйшла ў друкарні польскага Нацыянальнага ўрада і было змацавана яго пячаткаю ў выглядзе герба з каронай над выявамі «Арла», «Пагоні» і Арханёла Міхаіла. Гэта мог зрабіць толькі варшаўскі камісар. К. Каліноўскі ж у маі меў толькі пячатку з надпісам «Урадавы камісар Гродзенскага ваяводства», якой і змацоўваў падпісаныя ім дакументы. Для прыкладу таксама можаце параўнаць, як аформлена «Мужыцкая праўда», якая мела подпіс «Яська гаспадар з-пад Вільні» і згаданы дакумент.
«Пісьмо…», карыстаючыся ўжо замацаваным у свядомасці сельскіх жыхароў Гродзенскай губерні вобразам «Яські-гаспадара з-пад Вільні» імкнецца заахвоціць іх да ўдзелу ў паўстанні, абяцаючы «зямлю, справядлівую вольнасць і Веру нашых Бацькоў, калі Пранцуз і цэлы свет ідзе нам памагаці».
У гэтым плане «Пісьмо…» паўтарае асноўныя тэзы «Мужыцкай праўды», адрозніваючыся ад яе шэрагам моўных канструкцый і выразам, які асабліва не пасуе ёй: «…мы, што жывема на зямлі Польской, што ямо хлеб Польскі, мы, Палякі з вякоў вечных»[22].
Каб нівеляваць недарэчную прапагандысцкую дзейнасць сваіх папярэднікаў па аддзеле, які кіраваў правінцыямі Літвы, Каліноўскі пасля адхілення «белых» і вяртання ўлады выдае №7 «Мужыцкай праўды», які стаўся пераказам папярэдніх шасці нумароў. Пры гэтым «Польшча» выступае ў становішчы «іншага»: «у Польшчы мужыкі, таксама, як і мы, спадзяялісь на цара да ждалі волі ад няго»; «памог бы Пранцуз і нам, як памагае мужыкам у Польшчы».
Дарэчы, паўстанцы сапраўды разлічвалі на замежную дапамогу «Вялікіх дзяржаў». Але ў той час нельга было па-іншаму. Тым больш, прыклады Грэцыі і Італіі давалі надзею на перамогу.
Проста ідэя Рэчы Паспалітай тады яшчэ не памерла
Паўстанне 1863—1864 гадоў, сапраўды, было паўстаннем «польскім». Але не ў тым сэнсе, як гэта можа гучаць цяпер і ўводзіць у зман, тым больш у школьным падручніку, дзе наконт гэтага няма ніякага тлумачэння. «Польшча», або як у крыніцах на беларускай мове таго часу «Польш» — супольная, яднальная спадчына, колішняя Рэч Паспалітая, зыдэалізаваны вобраз, з усталяваннем якога звязваўся надыход праўдзівай свабоды і вырашэння лесу Беларусі і Літвы, якія паўстанцы вылучалі і напаўнялі сэнсам. Сам Каліноўскі, як і, да прыкладу, рускі рэвалюцыянер Герцэн, звязваў далейшы лёс сваёй Радзімы з перамогаю паўстання. Летам 1863 года, у сувязі з канфліктам з Варшаваю, нават прыйшоў да ідэі стварэння асобнай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі і Літвы, але, разумеючы, што падставаў для гэтага няма, спадзяваўся, што пасля яго смерці беларусы атрымаюць як мінімум «самарондства» (аўтаномію) у будучай федэратыўнай Рэчы Паспалітай. Ці многа гэта? На той час — гэта быў цэлы прарыў.
Паўстанне 1863—1864 гадоў падрыхтавала пакаленне (Ф. Багушэвіч, А. Абуховіч, З. Чаховіч, К. Кастравіцкі і інш.), якое дало пачатак будучай Беларусі. Імя Кастуся Каліноўскага таксама стаіць у гэтым шэрагу. Але Каліноўскага намагаюцца абвесціць небеларусам, замест таго, каб усвядоміць, што беларусы могуць быць розныя і з рознымі палітычнымі поглядамі. Адныя могуць арыентавацца на ўсход, іншыя — на захад. Адныя — спяваць оды рускаму цару ці прэзідэнту, другія, як Каліноўскі, казаць: «Бо я табе з-пад шубеніцы кажу, Народзе, што тагды толька зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжэ не будзе». Пры гэтым варта памятаць і іншы яго запавет: «Я не противник счастья народного, не противник и России, если она добра нам желает, но противник тех бедствий, которые посягают край наш несчастный».
І некалькі слоў пра рускую літаратуру
На хвіліну вернемся да падручніка па рускай літаратуры.
Можа, аўтаркі падручніка па «Рускай літаратуры» (Святлана Захарава, Таццяна Марозава і Галіна Чапялёва) проста памыліліся ці паленаваліся зверыцца з падручнікам гісторыі? Ды не, называнне паўстання «польскае паўстанне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага (1863—1864)», думаецца, мае іншыя прычыны. Аўтаркі падручніка глядзяць на рускую літаратуру рускімі, а не беларускімі вачыма. Прастора падручніка — Расія, Расійская імперыя, СССР. Ні Беларусь, ні БССР у падручніку амаль не ўзгадваюцца, адзіны раз толькі праскоквае слова «Белоруссия» ў творы Міхаіла Шолахава «Лёс чалавека». Падручнік Захаравай, Марозавай і Чапялёвай — гэта проста такі клон з расійскіх падручнікаў для расійскіх школьнікаў. У ім няма спробы выбраць універсальна значныя творы рускай літаратуры і разбіраць іх з перспектывы Беларусі, змясціць іх у беларускі кантэкст, адзначаючы, там, дзе гэта дарэчна, што вось гэты твор пра беларуса, а вось у гэтым творы з пазіцыі рускага шавінізму скажаецца праўда пра Беларусь, а вось гэты аўтар карыкатурна малюе іншародцаў (а беларусы ж для яго таксама былі іншародцы), а вось гэты, наадварот, адстойвае права народаў на самавызначэнне, а вось у тым творы знайшлі адбітак агульнаеўрапейскія рэвалюцыйныя тэндэнцыі, якія ў Беларусі выявіліся ў паўстанні на чале з Каліноўскім. Нічога такога ў цяперашнім курсе рускай літаратуры ў беларускіх школах няма, і гэтая яго русацэнтрычнасць — вялікая тэма для асобнага абмеркавання.
Што да аўтара тэксту, падпісанага «прэс-службай» Міністэрства адукацыі, то яму можна толькі параіць: калі ты працуеш у беларускім міністэрстве, не «плявузгай» супраць Беларусі.
[1] Дьяков В. А. и Миллер И. С., Революционное движение в русской армии и восстание 1863 г., М., 1964; Дьяков В. А., Деятели русского и польского освободительного движения в царской армии 1856—1865 гг. (Библиографич. словарь), М., 1967.
[2] Казни в Казани // Колокол. 15 июня 1864; Козьмин Б. П., Казанский заговор 1863 г. М., 1929.
[3] Восстание в Литве и Белоруссии в 1863—1864 гг. Москва, 1965. С. 490—491; http://rosszuki.blogspot.com/2018/11/5-6-1863.html
[4] Архивные материалы Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 гг. в пределах Северо-Западного края.Часть 2. Переписка о военных действиях с 10-го января 1863 года по 7-е января 1864 года. — Вильна, 1915. — с. L.
[5] Stanisław Zieliński, Bitwy i potyczki 1863-1864. — Rapperswil, 1913.
[6] Больш падрабязна: http://rosszuki.blogspot.com/2013/12/1863-19.html
[7] Kalwat Wojciech, Leśne powstanie // Mówią wieki. 2013. — № 1/13 (636). - S. 41[9]
[8] Архивные материалы Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 гг. в пределах Северо-Западного края.Часть 2. Переписка о военных действиях с 10-го января 1863 года по 7-е января 1864 года. — Вильна, 1915. — с. LІІ.
[9] Архивные материалы Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863—1864 гг. в пределах Северо-Западного края. Часть 2, с. LIV.
[10] Studnicki W., Rok 1863. Wyroki śmierci. — Wilna, 1922.
[11] Самбук С.М. Революционные народники. Мн., 1972. С. 246.
[12] Больш падрабязна http://rosszuki.blogspot.com/2015/10/1863-1864.html
[13] Буднік І. Да падзеяў 1863—64 гг. на Гарадзеншчыне. Гродна, 2013. С. 88.
[14] Caban Wiesław, Chłopi w powstaniu styczniowym // Mówią wieki. 2013. — № 1/13 (636). — S. 31
[15] Больш падрабязней: http://rosszuki.blogspot.com/2015/09/blog-post.html
[16] Миловидов А.И. Из истории польского восстания 1863 года. С. 343
[17] Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857-1865. 2 t. Wilno, 1913. T. 1. S. 238.
[18] Janowski J.K. Pamiętniki o powstaniu stycyniowem. 3 t. Lwów, 1923; Warszawa. 1925—1933.T. 2. S. 115
[19] Ратч В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т.1. Вильно, 1867. С. 233
[20] Крестовский В. Кровавый Пуф. Хроника Нового Смутного времени Государства Российского. 4 т. СпБ., 1869—1874
[21] Historja powstania narodu polskiego w 1861—1864 r. / A. Giller. — Paryż, 1867. — T. 1. — S. 327.
[22] Герасімчык В. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. Гродна, 2018. С. 184—185.
Каментары