Прысутнасць замежных дыпламатаў дапамагла прадухіліць арышт Хуана Гуайдо, лідара венесуэльскай апазіцыі, які абвясціў сябе часовым прэзідэнтам Венесуэлы, у пачатку гэтага тыдня ў аэрапорце Каракаса. Пра гэта распавёў журналістам міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас, перадае Associated Press.
Падзеі разгортваліся ў мінулы панядзелак пасля вяртання Гуайдо ў Венесуэлу пасля паездкі па некалькіх лацінаамерыканскіх краінах. Спачатку Гуайдо пабываў у Калумбіі, дзе знаходзіцца гуманітарная дапамога для Венесуэлы, а затым наведаў Бразілію і Парагвай. Сам Гуайдо, знаходзячыся за мяжой, распавядаў, што яму і членам ягонай сям'і паступаюць пагрозы, у тым ліку пагрозы арышту.
Паводле слоў Мааса, ён асабіста папрасіў пасла Германіі ў Венесуэле Даніэля Крынера далучыцца да паслоў іншых краін у аэрапорце Каракаса ў панядзелак.
«Я думаю, што прысутнасць розных паслоў спрыяла прадухіленню гэтага арышту», — дадаў ён.
Каментары