Віктар Марціновіч: Чаму Артэга-і-Гасэт у беларускай сітуацыі не спрацуе
Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра выбітнага іспанскага мысляра Хасэ Артэгу-і-Гасэта і яго знакаміты твор «Паўстанне мас» у кантэксце сёлетняй выбарчай кампаніі ў Беларусі.
Я — чалавек кніжны.
Для мяне важна нават не што кажа патэнцыйны лідар, а як ён гэта кажа. І што пры гэтым чытае. Вельмі цікава, што «хэндбукам» беларускага супраціву ў 2020 годзе з падачы Віктара Бабарыкі зрабілася «Паўстанне мас». Гэтую кнігу спадар Бабарыка згадвае ў кожным сваім праграмным інтэрв’ю.
Мне вельмі прыемна, што ў Беларусі з’явіліся палітыкі, з якімі можна размаўляць пра кнігі. Не ўпэўнены, што ў пана Віктара цяпер ёсць час думаць пра філасофію, але хацеў бы — як чалавек кніжны — папярэдзіць яго пра тое, што ён крышачку спрашчае Артэгу-і-Гасэта і — што да паводзінаў масы — проста памыляецца. І гэтае непаразуменне ў філасофіі можа прывесці да памылковых крокаў і пралікаў у рэальным жыцці.
З таго, што кажа Віктар Бабарыка пра «Паўстанне мас», вынікае, што Гасэт выказаўся пра барацьбу за большасць як гарантыю палітычнай перамогі. Хаця кніга «Паўстанне мас» — не пра «паўстанне», а пра «масы», пра іх сутнасць.
Пра тую з’яву, якая была прадказаная за сто гадоў да таго К’еркегорам у эсэ «Present Age» і зрабілася галоўнай тэмай сацыяльнай філасофіі да Другой сусветнай вайны.
Вайна і нацызм — важная акалічнасць, бо, нагадаю, «Паўстанне мас» было напісанае ў 1930 годзе, напярэдадні значных і трагічных падзей, якія асноўныя тэзы Гасэта адмянілі. Праз тры гады пасля выхаду гасэтаўскага «Маніфеста разняволеных мас» Ёзэф Гебельс узначаліў рэйхсканцылярыю прапаганды, а радыёперадачы (а пасля тэлевізар, а цяпер інтэрнэт) зрабіліся моцнымі інструментамі запрыгоньвання той самай «свавольнай разбэшчанай масы», паўстанне якой маніфеставаў Гасэт. Такім чынам, варта быць вельмі пільнымі, беручы да веры любое выказванне пра масы, якое існавала да часоў масавай культуры, масавага гледача, «Вечаровага Урганта» і тэлеперадачы «Двое из дворца».
Артэгаўскую масу немагчыма было падмануць, бо падчас стварэння тэксту яшчэ не было «міністэрстваў прапаганды». Гасэтаўскую масу немагчыма было запужаць, бо свет яшчэ не ведаў «масавых рэпрэсій», нават 1937 год быў яшчэ наперадзе.
Абіраючы vade mecum беларускай «рэвалюцыі надзеі», як яе ўжо сёй-той назваў, я б схіляўся ў бок мастацкай літаратуры: на маю думку, паэты прадбачаць будучыню лепей за сацыяльных навукоўцаў. Але ведаючы, што банкіры і айцішнікі аддаюць перавагу non-fiction і не маюць часу на чытанне Замяціна ці Оруэла, я б параіў іншую карысную кнігу, якая вытлумачыць цікаўнаму, чаму людзі сістэмы паводзяць сябе так, як паводзяць, і чаму (галоўнае!) яны будуць паводзіць сябе менавіта так і ў далейшым.
Чаму наіўна разлічваць на звароты да «ахвіцэраў» і іншых службоўцаў у пагонах, чаму да гэтых людзей наогул сорам прыходзіць толькі пастфактум, толькі пасля звальнення з тых пасадаў, якія яны займаюць?
Чаму ніякая «маса», ніякае адчуванне, што за сістэмай — меншасць, не прадухіліць арыштаў, крымінальных справаў, змяшчэння ў карцар ці брутальнага разгону?
Кніга мае назву «Банальнасць зла», і напісала яе Ханна Арэнт. З гэтага тэксту яскрава вынікае, што чалавек, які знаходзіцца ў камфортных умовах «законнасці» (а ўсё зробленае Адольфам Эйхманам у 1942-1944 гг. было абсалютна законным у той сістэме, якой ён служыў), будзе «проста выконваць загады», будаваць кар’еру, а на выходных корпацца на агародзе. У ягоным сэрцы будзе мір і спакой. Ажно пакуль нехта звонку не заменіць у ім закон.
То калі ласка, не падманвайцеся.
Народ можна «трымаць у падпарадкаванні доўгі час».
Большасці нават можна забараніць ведаць, што яна большасць. Ну а з актыўнымі нязгоднымі добры вынік даюць метады, апрабаваныя ў СССР праз 7 гадоў пасля з’яўлення «Паўстання мас» (вы ўжо гэта адчулі). Апісанае Артэгам «паўстанне» на гэты момант можна лічыць расціснутым.
Масы сядзяць у «Кантакціку» і посцяць катоў, выбіраюць мора для адпачынку і думаюць, чым замяніць пабітую ўраганам дахоўку.
Вашаму штабу варта прадумаць план, заснаваны на Арэнт.
-
ГУБАЗіК перастаў выкладаць відэа з затрыманымі. З дня, калі да гэтага заклікаў канал, блізкі да Маркава
-
Калі Украіна захавае суверэнітэт узамен за нейтральнасць, што гэта будзе значыць для Беларусі?
-
Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?
Каментары