Суд Еўрасаюза ў Люксембургу абавязаў Польшчу штодня выплачваць штраф €500 тыс., пакуль яна не спыніць здабычу вугалю на шахце «Тураў».

На думку суда, гэты крок неабходны, каб прымусіць Польшчу прытрымлівацца рашэння ЕС і прыпыніць працу шахты. 17 верасня суд ЕС пастанавіў у якасці часовай меры неадкладна спыніць здабычу ў шахце да вынясення канчатковага рашэння наконт яго далейшага лёсу.

З адпаведнай просьбай у суд звярнулася Чэхія ў канцы лютага.

Канфлікт паміж Чэхіяй і Польшчай з-за «Турава» працягваецца ўжо некалькі гадоў. На думку Прагі, праца шахты наносіць экалагічную шкоду чэшскаму насельніцтву. «Тураў» размешчаны ў Багатыні на паўднёвым захадзе Польшчы, паблізу ад межаў Чэхіі і Германіі.

«Мы хочам дапамагчы дзясяткам тысяч чэхаў на мяжы. Горназдабыўная прамысловасць негатыўна адбіваецца на іх жыцці кожны дзень», — казаў былы кіраўнік МЗС Чэхіі Томаш Петржычак. Ён тлумачыў, што шахта «адбірае ў іх ваду», а пыл ад яе забруджвае паветра.

Тураўскі комплекс лічыцца адным з самых брудных у Еўропе па крытэрыю аб'ёму выкідаў у атмасферу двухвокісу вугляроду. Акрамя таго, руднік спажывае вялікую колькасць вады, што дрэнна адбіваецца на ўзроўні падземных вод з чэшскага боку. У выніку мясцовыя рэкі драбнеюць, а жыхары маюць цяжкасці з атрыманнем пітной вады, свідравіны да якой даводзіцца рабіць усё глыбейшымі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?