Беларускі самалёт Су-27 разбіўся на авіяшоў у польскім Радаме. Два пілоты — палкоўнікі Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч — не катапультаваліся, каб адвесці самалёт як найдалей ад гледачоў.
Беларускі самалёт Су-27 разбіўся на авіяшоў у польскім Радаме. Два пілоты — палкоўнікі Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч — не катапультаваліся, каб адвесці самалёт як найдалей ад гледачоў.
Трагедыя здарылася ў 14:15 у нядзелю паводле мінскага часу.
Самалёт пацярпеў катастрофу праз дзве хвіліны пасля старту. Лётчыкі выконвалі фігуру пілатажу (меркавана «мёртвую пятлю»), самалёт пачаў рэзка зніжацца, потым схаваўся за найбліжэйшым лесам, а потым гледачы лётнішча Садкуў пабачылі клубы чорнага дыму.
Ахвяр сярод цывільнага насельніцтва няма. Двое беларускіх пілотаў, адводзячы самалёт ад гледачоў, не катапультаваліся і загінулі.
Самалёт павінен быў выступаць у суботу, але паказальны выступ перанеслі на нядзелю з прычыны кепскага надвор’я. У авіяшоў у Радаме меліся прымаць тры беларускія самалёты.
Самалёт Су-27 належаў да 61-й авіябазы ў Баранавічах і меўся стаць галоўнай зоркай палётаў, піша Wyborcza.
Загінулыя: палкоўнік Аляксандр Марфіцкі - намеснік камандуючага Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання Ваенна-паветраных сіл і войск ПВА, а таксама палкоўнік Аляксандр Жураўлевіч — намеснік камандзіра 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ў Баранавічах.
Прычына трагедыя, зазначаюць у Міністэрства абароны Беларусі -- птушка трапіла ў паветразаборнік самалёта.
Як паведаміў БелаПАН начальнік прэс-службы Мінабароны Беларусі Вячаслаў Раменчык, падчас выканання фігур вышэйшага пілатажу знішчальнік пачаў губляць вышыню.
Пілоты Су-27УБ — лётчык-снайпер Аляксандр Марфіцкі і лётчык-снайпер Аляксандр Жураўлевіч — прынялі рашэнне не катапультавацца, а адвесці самалёт на максімальна магчымую адлегласць ад населенага пункта. Як адзначыў Раменчык, цаной свайго жыцця беларусы прадухілілі больш цяжкія наступствы катастрофы.
Спачуванні родным і блізкім загінулых выказаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, а таксама Міністэрства абароны краіны.
Гэта трэцяя аварыя з удзелам ваенных самалётаў у гісторыі суверэннай Беларусі, у якой загінулі пілоты.
Першая адбылася 23 мая 1996 года. У ёй загінуў начальнік паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 61-й ЗАБ падпалкоўнік Уладзімір Карват. Цаной свайго жыцця лётчык адвёў самалёт, які загарэўся, ад населеных пунктаў. Указам прэзідэнта Карвату, першаму ў краіне, было прысвоена званне Героя Беларусі (пасмяротна). Другая аварыя адбылася 19 мая 1997 года ў раёне Баранавічаў. Су-17, які разбіўся, пілатаваў падпалкоўнік Сяргей Паграбан. Прычыны яго гібелі не абнародаваліся.
Каментары