Еўрасаюз зусім блізка: Лукашэнка выправіўся ў Вільню на легкавіку. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.
Еўрасаюз зусім блізка: 15 верасня Лукашэнка з меншым хлопцам паехаў ў Вільню на «мерседэсе». Гаспадары маюцца сустрэць картэж на памежным пераходзе ў Медніках а 18.40. Паводле агенцтва BNS, перад працоўнай часткай візіту (яна разгорнецца 16-га) Колю чакае аквапарк.
За гэты аквапарк усе адразу ўчапіліся. Нават Лябедзька жартуе: «Мы аптымісты. У нас ёсць, магчыма, такі саюзнік, як Лукашэнкаў сын Коля, каторы наведае аквапарк, можа, прасякнецца вялікай любоўю да Еўрапейскага саюзу ды скажа: «Тата, хадзем у Еўропу!».
Як бачым, дэмарш новага кіраўніцтва Партыі БНФ змушае вярхоўку АДС шукаць зусім ужо экзатычных хаўруснікаў. Жарт пачаў абрастаць варыяцыямі. Кажуць: ну, зараз замест лядовых палацаў у кожным райцэнтры пачнуць аквапаркі будаваць!
Напярэдадні Вільня прыняла апазіцыйных лідэраў. Тамтэйшыя палітыкі старанна адпрацавалі нумар: вось, памятаем пра дэмакратыю і ўсё такое! Але гэта хіба што суцяшальны прыз. На думку палітолага Валера Карбалевіча, сваім новым расколам апазіцыя дэ-факта падвышае шанцы Лукашэнкі на тое, што ЕС ціха пагодзіцца на ягоны чацвёрты тэрмін. Альтэрнатывы ж усё адно не бачна.
Ва ўсякім разе, мы назіраем сёння, як Еўропа прымае таго, каго яшчэ нядаўна ізалявала — і пакрысе прызвычайваецца да ягоных спецыфічных манераў. Гэтаксама, як прызвычаілася да Кадафі. Той ужо ставіў свой намёт не толькі ў рэзідэнцыі «Заслаўе», але і ў Парыжы, і ў Бруселі.
Кадафі каштоўны для Еўропы праз запасы энерганосьбітаў. Лукашэнка ж прадае сваю геапалітычную лаяльнасць. Таму наўрад ці нават прыклад сябра Уга натхніць беларускага правадыра на прызнанне Абхазіі з Паўднёвай Асеціяй.
Для ЕС і Вашынгтона гэта ўжо само па сабе вялікі сімвалічны падарунак. А тут яшчэ да лістапада, калі Брусэлю належыць зноў разгледзець пытанне пра санкцыі, магчыма, будзе аптэкарская доза ўнутранай лібералізацыі. Напрыклад, пусцяць у распаўсюд пару-тройку апальных перыёдыкаў, зарэгіструюць прадстаўніцтва «Белсата», перакваліфікуюць з крымінальнай на адміністрацыйную адказнасць за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях.
На думку таго ж Валера Карбалевіча, цяперашні трэнд Лукашэнкі — гэта не сыход у Еўропу, а жаданне сысці ў нейкую шэрую зону між Масквой і Бруселем. Каб балансаваць ды атрымліваць дывідэнды з абодвух бакоў. Не факт і тое, што ЕС на пару з МВФ так ужо выкруцяць рукі з рэформамі. Пакуль што Мінск бярэ грошы ды раздае абяцанкі, гэтак сама як было цягам «братняй інтэграцыі» з Расіяй, зазначае эксперт.
Тэарэтычна гэтае балансаванне, канечне, стварае шанец для перамен. Але тут мусіць спрацаваць чыннік мас. Яны ж дэманструюць фенаменальнае прыстасаванства да крызіснай сітуацыі. АДС рапартуюць, што ўжо 10% насельніцтва азнаёміліся з іх антыкрызіснай платформай. Але ж ніякімі пратэставымі настроямі не патыхае. Ды і сумнеўна, што цяперашняя вярхоўка тытульнай апазіцыі здольная асядлаць гіпатэтычную хвалю народнага абурэння.
Так што
самае цікавае можа пачацца пасля чарговых выбараў. Бо да таго часу крот крызісу здольны выкапаць вялікую яму для беларускай эканамічнай мадэлі. Улады будуць змушаныя прадаваць дзяржуласнасць і ствараць ужо сапраўднае, а не імітацыйнае поле для інвестыцый. Бадай, дойдзе і да нейкага апгрэйду палітычнай сістэмы.
Дарэчы, сам Лукашэнка парадаваў перад візітам у Вільню шырокавяшчальнай заявай для літоўскіх медыяў: «Я буду катэгарычным праціўнікам, каб мае дзеці пасля мяне былі прэзідэнтамі. Яны наеліся бацькоўскага прэзідэнцтва. Таму супакойцеся і супакойце іншых, асабліва ў Літве…». Зрэшты, тэарэтычнай магчымасці, што Коля ўзначаліць краіну, бацька не выключыў.
Іншая рэч, што апазіцыі спадзявацца на Колю-хаўрусніка, самі разумееце, выпадае хіба ў парадку гумару. Паводле капрызу можна, канечне, забудаваць аквапаркамі ўсю Беларусь, але ў сэнсе палітычным краіна застанецца паркам Юрскага перыяду.
Каментары