Тарэса Собаль павінна вызваліць Дом Польскі ў Івянцы
Перад пачаткам судовага пасяджэння актывістаў непрызнаванага Саюза палякаў зноў масава зачысцілі - яны ехалі ў суд у Валожын. Анжаліку Борыс затрымлівалі сёння ажно тройчы.
Актывістаў непрызнаванага Саюза палякаў зноў масава зачысцілі - яны ехалі ў суд Валожына, каб падтрымаць кіраўніка Івянецкай арганізацыі СПБ Тарэсу Собаль. Анжаліку Борыс затрымлівалі сёння ажно тройчы.
16:26
Суд задаволіў пазоў Бурачэўскага і абавязаў Тарэсу Собаль і яе прыхільнікаў вызваліць Дом Польскі ў Івянцы.
Людзі, што сабраліся ля суда, скандуюць «Мы пераможам». Міліцыя пачынае адганяць людзей ад брамы суда. З'явіліся шмат "гаварашчых куртак".
Анжаліка Борыс: «Гэта бясспраўна, гэта прававое бязмежжа».
Адвакат Галіеў кажа, што рашэнне незаконнае: «Мы будзем падаваць пратэст, для гэтага ёсць 10 дзён»
16:03
Усе хадайніцтвы абароны адхіленыя. Суд узяў перапынак на 15 хвілін.
15:41
Актывіст СПБ Эдвард Дзьмухоўскі паведаміў, што сёння ў Горадні а 16-й запланаваная акцыя ў падтрымку сябраў СПБ Андрэя Пачобута, Ігара Банцара і Мечыслава Яскевіча, які адбываюць адміністрацыйны арышт.
Прапануецца зладзіць малебен ля сцен РУУСа на вуліцы Гая (Горадня).
15:10
Консул прывёў Анжаліку Борыс да будынка суда, але іх не пускаюць у будынак, маўляў, прайшло 40 хвілін суда і яны спазніліся.
15:06
Консул пайшоў вызваляць Борыс, у судзе прысутнічае яшчэ адзін консул, прадстаўнікі амбасады Польшчы, а таксама тры чальцы івянецкага Саюза палякаў, ёсць таксама прадстаўнікі дзяржаўных тэлеканалаў.
14:50
З залі суда выйшаў польскі консул Марэк Новак і паведаміў, што на паседжанні засталіся толькі Тарэса Собаль з адвакатам Галіевым, сведкі з боку старшыні праўладнага Саюза Сямашкі. З залі выдалілі дзяржаўных журналістаў. Консул накіраваўся ў Валожынскі РУУС. Па яго звестках, туды толькі што прывезлі Борыс.
***
14:45
Каля суда сабралася каля 20 чалавек. У сярэдзіну нікога не пускаюць. Прайшлі толькі супрацоўнікі дзяржаўных тэлеканалаў. Шмат міліцыянтаў. Каларытных супрацоўніках ЖКГ не назіраецца.
14:35
На ўскрайку горада машыну Галіева спынілі супрацоўнікі ДАІ. Як пазней расказала Борыс, даішнікі сказалі, калі яна не выйдзе - адвакат на суд не трапіць. Старшыня СПБ добраахвотна выйшла з машыны. Галіева адпусцілі.
Праз некалькі крокаў Анжаліку Борыс затрымалі чацьвёра мардаваротаў, якія выбеглі з белага буса з мінскімі нумарамі. Старшыню непрызнанага Саюза палякаў сілай зацягнулі ў аўтобус і павезлі за горад. Фотакорам Юліі Дарашкевіч і Сяргею Грыцу невядомыя перашкаджалі пры гэтым здымаць, спрабавалі адабраць камеры.
***
Праверылі дакументы ў адваката Аляксандра Галіева. Цяпер ён кіруецца на сваім аўто ў Валожын. З ім едзе А. Борыс. У рэшты затрыманых правяраюць дакументы і пакрысе адпускаюць, праўда без аўто. Людзі ідуць у горад пешшу, гэта некалькі кіламетраў.
***
14:10
Затрыманы яшчэ адзін аўтамабіль з актывістамі СПБ, які таксама не прапускаюць у горад. Усяго тут перад Валожынам затрыманыя сем чалавек.
Машыны сябраў СПБ кантралююць на уездзе ў горад тры машыны ДАІ.
Сябрам Саюза палякаў кажуць, што яны падазраюцца ў розных злачынствах, а машыны ўгнаныя.
«Інтэлектуальную» падтрымку мясцовым даішнікам аказвае намеснік начальніка Валожынскага РУУС.
У самім Валожыне затрыманыя яшчэ восем чальцоў саюзу, пяць чалавек затрыманыя пад Горадняй.
Усяго сёння затрымалі мінімум 20 чалавек.
***
Актывісты арганізацыі накіроўваліся ў суд Валожынскага раёна (Мінская вобласць), каб падтрымаць кіраўніка Івянецкай арганізацыі СПБ Тарэсу Собаль.
Борыс спрабуюць адправіць у пастарунак міліцыі, жанчына рэзка пратэстуе і патрабуе адваката.
Раней Анжаліка Борыс была затрымана разам з кіроўцам аўтамабіля была затрыманая ў раёне Ліды, але потым машыну прапусцілі.
***
Гэта ўжо другое за апошнія тры дні масавае затрыманне актывістаў неафіцыйнага СПБ. 15 лютага ў розных гарадах Беларусі былі затрыманы прыблізна 40 актывістаў і кіраўнікоў арганізацыі. За правядзенне несанкцыянавага мітынгу ў Гродне 10 лютага Анжаліка Борыс была аштрафавана на 30 базавых велічынь (1 млн. 50 тыс. рублёў), Андрэй Пачобут, Ігар Банцар і Мечыслаў Яскевіч — асуджаны на пяць сутак арышту.
Сёння ў 14.30 у судзе Валожынскага раёна павінна пачацца папярэдняе пасяджэнне па грамадзянскай справе лідэра Івянецкай арганізацыі неафіцыйнага СПБ Тарэсы Собаль.
Яна абвінавачваецца ў захопе Дома польскага ў Івянцы. Пазоў у дачыненні да Собаль падаў старшыня афіцыйнага СПБ Станіслаў Сямашка.
Каментары