Я вяртаюся да тэмы Грамадзкага камітэту абароны рэпрэсаваных. Вяртаюся, каб найперш прасіць прабачэньне ў пакрыўджаных маці маладафронтаўцаў. У мяне зусім не было такой мэты. І просячы прабачэньне ў вас, я прашу прабачэньне і ў сваёй маці, якая вось ужо два гады жыве з разуменьнем, што яе сын так і застанецца невукам. Я не вучуся ўжо з 2004 г.

Тым ня менш я лічу так, як лічу. Я таксама зьвярнуўся ў камітэт па дапамогу. Я прашу завочнага навучаньня на Украіне. І я ўпэўнены, што раблю правільна. Мы павінны быць моцнымі і не даваць нагоды кпіць з сябе, маўляў: «Клікалі на Плошчу, а зьехалі ў Польшчу». І толькі сваім уласным прыкладам мы можам паказаць нязломнасьць.

І мае думкі наконт Камітэту, ні што іншае, як спроба дапамогі. Бо відавочна, што з ім штосьці не так, калі 230 чалавек спакойна зьязджаюць ў Польшчу, а такі чалавек, як Зьміцер Касьпяровіч, адседзеўшы пяць месяцаў, ня можа атрымаць магчымасьці скончыць навучаньне.

Я не супраць Камітэту, я за разумны падыход да чалавечых лёсаў! Магчыма, камусьці ў 20 год цікава пажыць у іншай краіне, але большасьць з гэтых дзяцей не ўсьведамляе, што пасьля вучобы будзе цяжка вярнуцца назад. Калі маеш эўрапейскую адукацыю – прасьцей жыць у Эўропе. І тут, я лічу, мы павінны праявіць цьвёрдасьць.

Гэта цяжка, я згодны, але хто з нас разьлічваў на лёгкую перамогу? Цынізм улады ў гэтым і праяўляецца: ахвяраваць прыходзіцца не сваім уласным здароўем, а здароўем сваім бацькоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?