Ці гатовыя беларусы вывучаць замежныя мовы па-беларуску?
Інтэрв’ю з выдаўцом серыі «Беларускія ЕўраГраматыкі» Уладзімірам Сіўчыкавым
Інтэрв’ю з выдаўцом серыі «Беларускія ЕўраГраматыкі» Уладзімірам Сіўчыкавым.
У верасні ТБМ выдала беларуска-ангельскі размоўнік, у выдавецтве «Колас» рыхтуецца да выдання першы ў нашай гісторыі вялікі беларуска-нямецкі слоўнік. Можна канстатаваць: апошнім часам выданне падручнікаў і слоўнікаў замежных моваў па-беларуску актывізавалася. Але з іншага боку, ці гатовыя спажыўцы такіх дапаможнікаў, сістэма адукацыі і шараговыя беларусы, каб расійскамоўныя падручнікі, размоўнікі і слоўнікі былі замешчаны беларускімі? На пытанні нашага карэспандэнта пагадзіўся адказаць выдавец серыі «ЕўраГраматыкі», дырэктар выдавецтва «Радыёла-плюс», мастак і філолаг паводле адукацыі, пісьменнік Уладзімір Сіўчыкаў.
«Наша Ніва»: У серыі «Беларускія ЕўраГраматыкі» ўжо пабачылі свет польская, лацінская, латышская, ангельская, славацкая, шведская, нідэрландская граматыкі. На падыходзе — літоўская, партугальская, нямецкая, украінская і іншыя. З якой мэтай выдаеце гэтую серыю?
Уладзімір Сіўчыкаў: Ідэя праекту «Беларускія ЕўраГраматыкі» — граматыкі еўрапейскіх моваў, напісаныя беларусамі, для беларусаў, з беларускай ментальнасцю, з беларускімі прыкладамі і рэаліямі. Штуршком да праекта сталіся вялікі, на 28 моваў «ЕЎРАСлоўнік» Лявона Баршчэўскага, які мы выдалі два гады таму, а таксама «Граматыка фінскай мовы», напісаная Якубам Лапаткам. Стараемся чаргаваць граматыкі: падаваць адну з моваў нашых суседзяў, другую — з краёў далёкіх.
«НН»: Расійскай лінгвістыцы ўжо некалькі стагоддзяў, а беларуская лінгвістыка па-беларуску робіць першыя крокі. Дык як жа вы можаце ахвочых вывучаць замежныя мовы здзівіць сваімі таненькімі кніжкамі? На каго разлічаныя вашы граматыкі?
УС: Катэгарычна ня згодны з Вашым пасылам — палачане вывучалі ў Празе філасофію, медыцыну, лаціну і іншыя мовы ў XV стагоддзі, калі дзяржава Масковія толькі зараджалася. Але серыя гэтых таненькіх кніжачак можа сёння някепска паслужыць люду паспалітаму — і школьнікам, і студэнтам, і ўсім нелянівым і цікаўным. Пагадзіцеся, нонсэнс, калі беларус вывучае польскую ці славацкую мовы праз рускую як мову-пасярэдніцу! У Еўропе лічыцца натуральным, калі чалавек валодае акрамя роднай яшчэ дзвюма-трыма мовамі, а таму і беларусам сёння варта адпавядаць гэтаму еўрастандарту.
«НН»: Ці ёсць заказы на беларускамоўныя граматыкі з адукацыйных установаў, напрыклад, ці купіў у вас граматыкі Лінгвістычны ўніверсітэт (колішні ін’яз)? Якая рэакцыя на вашыя падручнікі ў выкладчыкаў-лінгвістаў?
УС: Лінгвауніверсітэт доўгі час вывучае нашы прапановы, хаця даўно мог закупіць хаця б ангельскую граматыку, напісаную яго выпускніцай Марыляй Васючэнка. На жаль, выкладчыкі найчасцей пішуць і начытваюць свае курсы па-расійску, а таму ня маюць жадання саступаць дарогу канкурэнтам. Але на філфаку БДУ адкрываецца лектарат славакістыкі, і сёння аўтар славацкай граматыкі Павал Раага можа прапанаваць сваю працу як вучэбны дапаможнік. Спадзяемся, што неўзабаве пабачыць свет украінскай граматыка Алены Рудэнка і Ніны Валатоўскай з майго ж alma mater, што таксама паспрыяе навучальнаму працэсу. Але попыт на нашы граматыкі праяўляецца часам нечакана: польскую як перспектыўную, патрэбную выпускнікам набывае Беларускі ліцэй, шведскую – Шведскі цэнтар, а лаціну — каталіцкія духоўныя вучэльні. Верым, што апошняя запатрабаваная ня толькі касцёлам, але і гісторыкамі, лінгвістамі, медыкамі, юрыстамі. І цікаўнасць з боку спецыялістаў таксама выяўляецца: італьянка Лідзія Федэрыка Мацітэлі, якая бліскуча ведае беларускую, паабяцала мне на пятым з’ездзе беларусаў свету напісаць граматыку сваёй роднай мовы па-беларуску.
«НН»: Спадар Уладзімір, вы чалавек «тусовачны», ходзіце на кніжныя выставы, прэзентацыі кніг, дзе маеце кантакт з дзяржаўнымі чыноўнікамі. Дык вось, на вашу думку, ці зацікаўленыя чыноўнікі, каб замежныя мовы ў нас вучылі менавіта па-беларуску?
УС: Пры сустрэчах яны надзімаюць шчокі, ухваляюць, кажуць правільныя словы, а насамрэч ні Міністэрства культуры, ні Міністэрства замежных спраў, ні камітэт па культуры пры ЮНЭСКА ані пальцам не варухнулі, каб паспрыяць нашай ініцыятыве. Думаю, усведамляюць, што праект наш ня толькі адукацыйна-культурніцкі, але і геапалітычны.
«НН»: Увогуле, на вашу думку, якое стаўленне дзяржчыноўнікаў ад адукацыі і культуры да замяшчэння беларускамоўнымі падручнікамі па розных навуковых дысцыплінах?
УС: Як непатрэбны галаўны боль і небяспеку пацярпець за заўчасную ініцыятыву. І як Вы мяркуеце, ці ўзрадаваўся б расійскі пасол Сурыкаў, калі пабачыў бы «Кароткую граматыку расійскай мовы» па-беларуску?
Каментары