Старшыня Беларускага Хэльсынскага Камітэту Тацяна Процька сёньня была на прыёме прадстаўніка галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Міхаіла Бяляева. Ёй было паведамлена, што БХК падаўжаюць дамову на арэнду ў тым жа самым памяшканьні і на тых жа самых умовах.
Тацяна Процька зьвязвае гэтае рашэньне ўладаў з учорашнімі заявамі Дзярждэпартамэнту ЗША і Эўразьвязу наконт высяленьня БХК. Паводле спадарыні Процькі, гэта першы добры крок, якога ўсе чакалі.
Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў рашэньне беларускіх уладаў аб высяленьні з офісу Беларускага Хэльсынскага камітэту. Як заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Шон Маккормак, вынікам гэтага рашэньня можа стаць «закрыцьцё найбольш значнай недзяржаўнай праваабарончай арганізацыі ў Беларусі».
Замежнапалітычнае ведамства ЗША патрабавала ад беларускіх уладаў адмяніць гэтае рашэньне і заклікала беларускі ўрад выконваць свае міжнародныя абавязаньні ў рамках Хэльсынскіх пагадненьняў 1975 году.
Эўрапейскі Зьвяз таксама выказаў заклапочанасьць ціскам на БХК. Пра гэта гаворылася ў заяве Нямеччыны — краіны, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе.
Беларускі Хэльсынскі камітэт вымушаны быў вызваліць памяшканьне ў офісным будынку па вуліцы Карла Лібкнэхта ў Менску, які належыць Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта Беларусі. Пры адсутнасьці дамовы аб арэндзе БХК мог пазбавіцца юрыдычнага адрасу, што магло прывесьці да ліквідацыі арганізацыі.