Гарадзенцы пратэставалі супраць русіфікацыі адзінай польскай школы.

З аўтобуса выскачылі стрыжаныя маладзёны ў цывільным і пачалі хапаць людзей. Фота t-styl.info.

Каля аблвыканкама а 11-й мелася прайсці акцыя супраць русіфікацыі польскай школы. У сувязі з гэтым з раніцы ў горадзе прайшлі затрыманні актывістаў апальнага Саюза палякаў ды журналістаў. Сярод затрыманых: Пачобут, Дмухоўскі, Каляда.

Кагосьці затрымлівалі прэвентыўна, кагосьці — непасрэдна перад будынкам аблвыканкама, дзе і меўся адбыцца мітынг. У Ленінскім РАУСе па вул. Гараднічанскай цяпер знаходзяцца Анджэй Пачобут, Эдвард Дмухоўскі, Ігар Банцар. У пастарунку на Дзевятоўцы трымаюць затрыманых падчас пікетавання, у тым ліку эка-актывістку Юлю Каляду. Каля кватэраў журналістаў Алеся Дзянісава і Андрэя Фралова цікуюць людзі ў цывільным. Прозвішчы рэшты затрыманых пакуль высвятляюцца.

Вядома, што 8 чалавек будуць судзіць па абедзе ў судзе Ленінскага раёна за «несанкцыянаванае пікетаванне».

Адзіны, хто на дадзены момант ужо выйшаў на волю, журналіст Ян Роман, які быў прэвентыўна затрыманы на выхадзе з дому. Яго ўзялі супрацоўнікі міліцыі, завезлі ў аддзяленне па вул. Тэльмана, дзе пратрымалі 3 гадзіны і адпусцілі.

Пасаромеліся затрымліваць толькі людзей сталага веку, якія ўдзельнічалі ў пікеце, а моладзь хапалі бязлітасна.

Нагадаем, што сёння — першы дзень традыцыйнага Фестывалю нацыянальных культур у Гродне, на які прыязджаюць госці як з Беларусі, так і з замежжа. Гэтым разам горад над Нёманам вітаў гасцей дажджом і масавымі затрыманнямі.

«Грамадзянская згода — найвялікшая каштоўнасць Беларусі», — напісаў Лукашэнка ў звароце да ўдзельнікаў параднага Фестывалю.

Нагадаем, што ў абласным цэнтры цяпер няма ніводнай беларускамоўнай школы, і дзейнічае толькі адна польская. Ва ўсіх астатніх выкладанне вядзецца па-расейску. У 1995-м 75% школьнікаў горада навучаліся па-беларуску. Беларускамоўная моладзь падтрымала пратэст палякаў супраць русіфікацыі польскай школы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?