На хутары Шаблі ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці 25 жніўня адбудзецца пяты міжнародны фестываль этнамузыкі «Вольнае паветра».

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 15 жніўня ў Мінску адзін з арганізатараў мерапрыемства, дырэктар канцэртна-прадзюсарскага агенцтва BOpromo Аляксандр Багданаў,

хедлайнерам фестывалю стане нямецкі гурт Di Grine Kuzine. На канцэрце таксама выступяць украінскі калектыў «ДахаБраха» сумесна з беларускім трыа Port Mone, беларускія гурты «Троіца», Kriwi, «Гаротніца», дзіджэі Dj Magic, Dj Gips, Dj Balkana, Baltic Balkans Djs і Dj Papa BO.

Паводле слоў Багданова, танцпол сёлета будзе арганізаваны пад адкрытым небам, а ў адрыне хутара ўсю ноч будуць паказваць этнакіно.

Да фестывалю засталося менш як два тыдні, але з-за дрэннага надвор’я арганізатары пакуль не могуць распачаць падрыхтоўку тэрыторыі.
А ім трэба выкасіць газон у пяць гектараў, паведаміў дырэктар фестывалю Уладзімір Шаблінскі. Тым не менш, паводле яго слоў, у арганізацыйнай групы ўжо ёсць вопыт экстраннай падрыхтоўкі да фестывалю.

Нягледзячы на нестабільнае надвор’е, арганізатары спадзяюцца сабраць у Шаблях паўтары тысячы гасцей, хоць сумняваюцца, што сёлета фестываль акупіцца.

«Ён ніколі не акупляўся. Праводзіць фестываль за 100 кіламетраў ад Мінска, у чыстым полі ў вёсцы, занадта затратна», — адзначыў Шаблінскі.

Паводле яго слоў, для таго каб фестываль акупіўся, кошт білетаў трэба падняць да 20 долараў, а на само мерапрыемства павінна прыехаць у два разы больш чалавек. Аднак, паводле меркавання дырэктара, сямейныя людзі за такія грошы не паедуць.

Шаблінскі адзначыў, што ў краінах з добрым заканадаўствам падобныя праекты пачынаюць акупляцца на дзясяты год правядзення. Пакуль жа страты «Вольнага паветра» пакрываюць партнёры, якімі сёлета выступаюць парфумерна-касметычная фабрыка «Сонца» і Інстытут Гётэ ў Мінску.

Білеты на фестываль ужо прадаюцца ў мінскіх касах па 80 тысяч рублёў. На сайтах kvitki.by і ticketpro.by іх можна купіць за 85–90 тысяч. Калі будуць прададзены першыя 500 білетаў, цана паднімецца да 100 тысяч рублёў, а потым — да 150 тысяч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?