Эдвард Тарлецкі:
Паўдзікае грамадзтва ня можа быць талерантным

 

«Адзін наш вядомы дзяяч пайшоў прасіць палітычнага прытулку, убачыў чарнаскурага афіцэра эміграцыйнай службы і не пайшоў на інтэрвію, сказаўшы: «Ён чорны, як ён можа разумець беларускія праблемы?»

 

«НН»: Якія мэты меў Ваш апошні пікет?

Эдвард Тарлецкі: Мы спрабавалі прыцягнуць увагу грамадзтва да праблемаў людзей, якія ймкнуцца зьмяніць свой пол. Сёньня ў Беларусі дазвол на гэта дае адмысловая камісія, у якой ёсьць прадстаўнікі міністэрстваў юстыцыі, унутраных справаў, адукацыі ды абароны. Мы лічым, што такое пытаньне мусіць вырашаць выключна мэдыцынскі кансыліюм. Да таго ж, зьмяняць пол дазволена толькі з 21 году, і мы выступаем за адмену абмежаваньняў па ўзросьце. Гэта трэба вызначаць у кожным канкрэтным выпадку.

 

«НН»: Колькі людзей у Беларусі сёньня жадаюць зьмяніць пол?

Э.Т.: Зарэгістравана 73 чалавекі. Дарэчы, у Беларусі такія апэрацыі праводзяць даўно, гадоў 20 ужо, у 4-ай клініцы і ў Бараўлянах. Кажуць, фалясы ў нас у 4-ай клініцы робяць адны зь лепшых у Эўропе. Былы міністар аховы здароўя БССР Саўчанка гэтым займаецца. Ён быў калісьці за гэта зьняты з пасады.

 

«НН»: Вы не баіцёся, што, прыцягваючы ўвагу да праблемаў транссэксуалаў, Вы можаце, наадварот, павялічыць нэгатыўныя настроі ў грамадзтве?

Э.Т.: Транссэксуалы — гэта таксама грамадзяне Беларусі. Калі беларусы хочуць пабудаваць грамадзтва, дзе чалавек мае правы, дзе ён можа разьлічваць на дапамогу ня толькі дзяржавы, але, у першую чаргу, супольнасьці, беларусам трэба вучыцца. Трэба быць падрыхтаванымі да таго, што людзі, якія хочуць зьмяніць пол, маюць права гэта зрабіць. Адбылася трагедыя, людзей падушылі ў пераходзе — хавалі ўсе, грошы зьбіралі ўсе. Таксама трэба разумець, што калі чалавек адвяргае свой пол — у яго трагедыя, чалавеку трэба дапамагчы.

 

«НН»: Існуе тэза аб традыцыйнай талерантнасьці беларусаў. Як яна суадносіцца з Вашым досьведам?

Э.Т.: Якая можа быць талерантнасьць у паўдзікага грамадзтва, якое ня можа наладзіць ані палітычны, ані сацыяльны дыялёг? Проста ўзялі аўтаматычна стэрэатып зь сярэднявечча, што вось жылі разам праваслаўныя, католікі, ды «пабудавалі» байку. На самой справе трэба праводзіць вялікую асьветніцкую работу, вучыць людзей, што ёсьць іншыя думкі, ёсьць іншыя людзі, якіх трэба паважаць, да якіх трэба прыслухоўвацца. Якая можа быць талерантнасьць пасьля такога вялікага пэрыяду савецкага будаўніцтва, калі іншадумства не паважалася? Беларускае грамадзтва вельмі неталерантнае, гамафобнае й расісцкае. Гэта больш за усё бачна на пабытовым узроўні. Палітыкі, грамадзкія дзеячы могуць сьведчыць публічна сваю талерантнасьць. Але вось прыйшоў адзін вядомы дзяяч беларускі прасіць палітычнага прытулку, убачыў афіцэра эміграцыйнай службы з чорнай скурай і не пайшоў на інтэрвію, сказаўшы: «Ён чорны, як ён можа разумець беларускія праблемы?» І гэта адзін са сьветачаў беларускага Адраджэньня, як бы прадстаўнік прагрэсу.

 

«НН»: Вы асабіста сутыкаліся з гамафобіяй сярод дзеячоў беларускай апазыцыі?

Э.Т.: Яны разумеюць, што калі мне гэта сказаць адкрыта, я гэтага проста так не пакіну. Тых, каму за 30, перарабіць вельмі складана. Большасьць талерантных — гэта моладзь. Мы часопіс выдаем, да нас прыходзяць лісты ад людзей пасьля 30 гадоў, і ў асноўным выказваюць незадавальненьне, што па-беларуску друкуем.

 

«НН»: Выходзіць, прадстаўнікі сэксуальных меншасьцяў — таксама ня ўзор талерантнасьці?

Э.Т.: Яны такія ж людзі, як усе астатнія. Геі, лесьбіянкі хварэюць на тыя самыя хваробы, як усе. Можна сказаць, што яны крышку больш талерантныя, але гэта тыя, хто ўсьведамляе сябе геямі ці лесьбіянкамі. Але ж большасьць гэтых людзей сёньня хаваецца. Гомасэксуалісты, якія знаходзяцца сёньня на розных высокіх пасадах, яны яшчэ й хварэюць на гамафобію. Яны адкрыта не прызнаюцца, хто яны такія. І нам замінаюць, баючыся, што з-за таго, што ўзьнікаюць нейкія выданьні, іх выкрыюць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0