Вінцэсь Мудроў

АХВЯРА DЭМАКРАТЫІ

 

Сёньня ўжо і ня знойдзеш таго, хто першым прамовіў гэтае страшнае слова: дэмакратыя. Зьвяруга той цяпер сядзіць у сваёй нары, страпянаецца ад кожнага зыку і не вылазіць вонкі нават па пільнай патрэбе. Але хто б ён ні быў, той недалуга, ясна адно: слова гэтае ён прыцягнуў з суседняй Вялікай Багны. У той час дэмакратыя ў суседзяў ужо віхурыла і замест таго, каб рыхтавацца да сэзону дажджоў і рыць глыбокія норы, тамтэйшыя зьвяры паласкалі раты на мітынгах, а потым, падзяліўшыся на партыі, доўга лаяліся і кідаліся адно ў другога кедравымі шышкамі.

Сёньня пра дэмакратыю ніхто і ня згадвае, а сем гадоў таму нібыта чмура якая апанавала насельнікаў Белага Лесу. Яны павылазілі з барлогаў і нораў, прадзерлі прыспаныя вочы і сталі ўголас лаяць небараку Льва — гаспадара тутэйшых мясьцін, — ды патрабаваць ад яго свабоды друку, прыватнай уласнасьці й правядзеньня дэмакратычных выбараў.

Леў, вядома ж, мог гыркнуць, а то і разьдзерці каго з гарлапанаў, але той парой і на яго найшло ачмурэньне. Ён сядзеў у сваёй пячоры, піў нагбом медавуху і напаўвуха слухаў бязладную гаману, што далятала ад Вячыстага Баабаба — месца, дзе звычайна зьбіраліся гарлапаны. Урэшце гаспадару тутэйшых мясьцін абрыдлі бясконцыя мітынгі і ён даў загад — наладзіць выданьне «Зьвярынай газэты» і распачаць штодзённыя трансьляцыі ляснога радыё. Павінны, аднак, заўважыць, што калі газэта пачала выходзіць на добрай паперы і вялікім накладам, дык з электроннымі СМІ адразу ж узьніклі праблемы. Адну гадзіну на радыё вырашана было аддаць гарлапанам, а паколькі радыёрубка месьцілася ў дупле згаданага баабабу, дык туды навыперадкі лезьлі аматары пагарлаць у мікрафон. І вось, калі падчас чарговай бойкі, няўрымсьліваму Барсуку надарвалі вуха, а вілахвостай Чайцы — штатнаму работніку радыё — выдзерлі паўхваста, ля дупла паставілі двух мядзведзяў, якія мусілі пускаць, па чарзе, прамоўцаў да мікрафону, а на гучнагаварыльнік пасадзілі стракатага Дзятла, які адключаў трансьляцыю, калі хто перабіраў свой час.

Свабода слова, такім чынам, была забясьпечана. Дзеля поўнай дэмакратыі заставалася толькі правесьці прыватызацыю ды арганізаваць выбары новага гаспадара Белага Лесу. Вось тут Льву і давялося пачухаць парадзелую грыву. Дый дзіва што! Паспрабуй, прыватызуй тыя ж шышкі...

Між тым, жарсьці ля Вячыстага Баабаба кожнага дня напаляліся. Дэмакраты сагналі з гучнагаварыльніка стракатага Дзятла, пасадзілі там чорнага Дразда і ўжо не адну гадзіну, а круглыя содні гукалі ў мікрафон, патрабуючы выбараў. Нарэшце, скрычаўшыся, яны прыйшлі да пячоры і сталі гамузам скандаваць, патрабуючы адстаўкі «намэнклятурнага Ільва». І хаця ля пячоры сядзеў тузін шакалаў са службы аховы, ахоўнікі лавілі зяпамі мух, лена чухаліся і ўсім сваім выглядам паказвалі, што абараняць гаспадара ім зусім не выпадае.

Неўзабаве Леў прызначыў выбары і пры гэтым цяжка ўздыхнуў. «А як не аберуць?»— падумаў быў цар зьвяроў і тут жа адагнаў такую думку.

Хвалявацца і сапраўды не было падставаў. Галоўны Шакал прынёс сьпіс тых, хто гарлае ля баабаба, і сьпіс той аказаўся ня надта вялікім. Да таго ж Бабёр — галоўны рэдактар «Зьвярынай газэты» — правёў апытаньне насельнікаў Белага Лесу і высьветліў, што ў сёньняшняга ляснога гаспадара папросту няма канкурэнтаў. І ўсё-такі стрэмка непакою вярэдзіла львіную душу. Напярэдадні першага туру выбараў ён патэлефанаваў старому сябру — чаратоваму Кату, які жыў у Вялікай Багне і таксама любіў медавуху. Кот зьявіўся ў той жа дзень, выпіў цэбар хмельнага пітва і, абняўшы Ільва, п’янаватым голасам прамармытаў: — Ды не хвалюйся ты, Лёва... Ды якія там выбары! Гыркні пару разоў, каб іх усіх бягунка праняла...

У Вялікай Багне ўсё было вялікае. Вось і чаратовы Кот быў ростам з Ільва: чорны, памаўзьлівы, з круглявымі жоўтымі вачыма і адвечна перапэцканым у мазуту хвастом. У Вялікай Багне таксама валадарыў Леў, але хворы і дарэшты ўпіты. Чаратовы Кот і карыстаўся гэтым: краў разам зь іншымі катамі гаспадарскае дабро — часьцей за ўсё, нафтапрадукты, і пры гэтым кожнага разу перапэцкаваў хвост альбо вушы.

Сябруковыя словы супакоілі Лёву. Яны выпілі на разьвітаньне па цэбру медавухі, смачна абняліся, і Бабёр — галоўны рэдактар «Зьвярынай газэты» — зазьняў гэты момант, каб на наступны дзень даць фотаздымак у газэту.

На наступны дзень, ад самага ранку, газэта з памятным фотаздымкам была расклеена па дрэвах, але яе ніхто не чытаў. Усе беглі да Вячыстага Баабаба, дзе — таксама ад ранку — з гучнагаварыльніку вырывалася на прасьцяг мэлёдыя з кінафільму «Мой ласкавы пяшчотны зьвяруга», і дзе, надзейна прымацаваная да неабдымнага стаўбура, вісела чырвоная выбарчая скрыня.

Апісваючы падзеі, якія надарыліся ў Белым Лесе, мы нездарма абралі такі жанар, як казка. Бо ж гэта толькі ў казках цара зьвяроў на выбарах можа апярэдзіць, ды яшчэ зь вялікім адрывам, нікому не вядомы Мурашкаед.

Наперадзе, аднак, быў другі тур і Леў, які два дні піў без прабуду, на трэці дзень сабраў у пячоры свой выбарчы штаб.

Гаспадар Белага Лесу сядзеў у тарцы стала і сьвідруюча-дапытлівымі вачыма глядзеў на падначаленых. Праваруч ад яго варушыўся ў крэсьле шэры Воўк — кіраўнік выбарчага штабу. Яшчэ зусім нядаўна гэты самы Воўк блукаў, пабіты і галодны, па лесе і мінулым перадзім’ем, дарэшты скалеўшы, скраў з грамадзкага складу аўчыны кажух. Вартаўнікі яго злапалі; небараку пагражаў суд, але, як тое часта здараецца ў Белым Лесе, злодзей апынуўся не ў судзе, а ў Ільвінай адміністрацыі. З той пары Ваўка стала не пазнаць. Поўсць ваўчыная заблішчэла, пыса акруглела, а на галаве зьявіўся цыліндар: Воўк знайшоў яго недзе на ўзьлеску, нацубіў, дзеля паважнасьці, на левае вуха і быў з тае нагоды празваны Капіталістам.

Насупраць шэрага Ваўка сядзеў ільвіны дарадца Шашок, вядомы тым, што замятаў хвастом свае сьляды. На свайго дарадцу Леў, аднак, рупіўся не глядзець. Шашок быў прысланы зь Вялікай Багны і шпіёніў за гаспадаром. Леў пра гэта ведаў, але нічога зрабіць ня мог. Супроць суседзяў не папрэш: там нават каты велічынёй з тыгра.

Далей сядзелі, падцяўшы хвасты, Бабёр з Галоўным Шакалам і яшчэ пару гіенаў — дэпутатаў ляснога парлямэнту.

— Ну дык што... так і будзем маўчаць? — выдыхнуў Леў, неадрыўна пазіраючы на падначаленых. Усе сядзелі, панурыўшы галовы і Леў, грукнуўшы лапай па стале, злавесна рыкнуў: — Хто ён наогул такі, гэты Мурашкаед? Адкуль ён узяўся?

Запанавала гнятлівая цішыня, якая перарывалася ляскатаньнем ільвінага хваста аб падлогу. Невядома — колькі б доўжылася гэтая ціша, ды тут шэры Воўк кашлянуў, паправіў цыліндар і разгарнуў скрутак дробна сьпісанай бяросты.

— «Мурашкаед звычайны... Myrmecophaga tridactyla — з цяжкасьцю прачытаў Воўк і аддзьмуўся. — Даўжыня цела 120 сантымэтраў, важыць 22 кіляграмы. Морда выцягнутая, трубкападобная...»

— 22 кіляграмы вагі,— прамовіў Леў, з кіслай усьмешкай хітаючы галавою. — У мяне яйцы больш важаць...

Ізноў запанавала цішыня і Леў, раскінуўшыся ў крэсьле, з сардэчным клёкатам у горле запытаў: — Ну вы хоць уяўляеце — якой нікчэмнасьці мы аддаем свае лёсы!

— У яго язык 60 сантымэтраў, — падаў голас Бабёр, паціраючы мокрую патыліцу. — Лупіць ім як церніцай. Чуеце?

Усе наструнілі слых. Удалечыні гулкім рэхам абзывалася лясное радыё. Зьвяглівы голас то мацнеў, то цішэў, зрываючыся на высокай ноце, і разабраць можна было толькі асобныя словы.

— І што ён там прамаўляе? — запытаўся Леў.

— Абяцанкі сыпле, — азваўся Бабёр. — Цяпер, кажа, ні на паляваньне, ні на вадапой хадзіць ня трэба: у кожнага будзе і вада, і ежа.

— Яны што, зь неба зваляцца? — хмыкнуў Леў. Пачуўшы, якую лухту вярзе супернік, цар звяроў пажвавеў, задаволена пачухаў валасатую грудзіну. — Хто ж гэтаму балбатуну дасьць веры!

— Дадуць! — гамузам адказалі падначаленыя, — усё жыцьцё сядзелі ў норах, цяпер во павылазілі... слухаюць, ляпы раскрыўшы.

Усьмешка зьбегла з ільвінай пысы і пыса прыкметна выцягнулася ўшыркі. Толькі цяпер дайшло да гаспадара — зь якім небясьпечным супернікам зьвёў яго пакручасты лёс. «Трэба зьвязацца з Катом, можа чым дапаможа», — падумаў Леў і падняўся з крэсла.

Не сказаўшы ні слова падначаленым, Леў пайшоў у дальні канец пячоры, дзе вісеў тэлефон і зьняў слухаўку. Зь Вялікай Багнай доўга не злучалі, нарэшце, злучылі і мэмбрану скалануў незадаволены кашэчы голас: — Слухаю.

— Ну, чуў, што ў нас надарылася? — запытаўся Леў, нэрвова кашлянуўшы.

— Чуў, — муркнуў Кот і ўздыхнуў. — Ты, браток, выбачай, але нічым дапамагчы не магу. Тут у нас шаблезубыя тыгры абудзіліся, да ўлады лезуць. Яны твайго суперніка і падтрымалі... — на другім канцы дроту яшчэ нешта казалі, ды Леў ня стаў слухаць — мацюкнуўся, з грукатам павесіў слухаўку, і за сьпінай ягонай мільгануў увішны цень: гэта Шашок, падслухаўшы тэлефонную размову, вужом прасьлізнуў ля сцяны.

Дзесьці праз гадзіну, сёрбнуўшы медавухі, Леў вярнуўся да стала і не знайшоў там сваіх падначаленых.

— Эй, дзе вы там? — незадаволена гукнуў цар зьвяроў і млявае рэха паволі аціхла ў дальнім канцы пячоры. Усхваляваны, ён выйшаў на падворак, рыкнуў, што меў сілы, і з бліжэйшых кустоў вытыркнулася задаволеная пыса Барсука — галоўнага ляснога гарлапана.

— Што, скончылася тваё панаваньне? — Барсук штосьці жаваў і вочы ягоныя сьвяціліся ад шчасьця. — Цівуны твае да новага гаспадара зьбеглі. Вунь, на ўзьлеску, нараду ладзяць. Дае ім пытлю — аж тут чуваць.

— Як гэта — зьбеглі?.. — прашаптаў Леў і плюхнуўся азадкам на гарачы пясок.

Ужо і сонца прыхавалася ў засень баабабаў, і вечаровы ветрык крануўся сьпіны, а Леў усё сядзеў і думаў — які гнюсны сьвет і якія подлыя істоты яго насяляюць.

Цэлы тыдзень Леў не выходзіў зь пячоры: спаў, піў медавуху, потым ізноў спаў і пэўнага ранку яго абудзіла гучнае карканьне. Небарака разьмежыў цяжкія павекі, але ўбачыў не Варону, а вілахвостую Чайку — тая сядзела на цэбры з-пад медавухі і чысьціла пёры.

— Кар-р, — гракнула Чайка, убачыўшы, што былы гаспадар ачуўся ад сну. — Цябе Шашок выклікае. Будзе чакаць а пятай гадзіне ля Гнілога Пня.

Леў роспачна пазяхнуў і, ня ведаючы, што сказаць у адказ, запытаўся: — Чаго гэта ты на чужой мове гарлаеш?

— У нас цяпер дзьвюхмоўе, — азвалася госьця і вомігам вылецела зь пячоры.

Леў ізноў пазяхнуў і насупіўся. Цару звяроў, хай і адстаўному, бегаць па выкліках нібыта і не выпадала, але ж цікава было ўведаць: навошта яго выклікаюць? І Леў, падумаўшы, што яму, відаць, прапануюць нейкую пасаду, рушыў да Гнілога Пня.

Па дарозе ён сустрэў нейкую дзіўную белагаловую істоту, якая кульгава клыпала, абапіраючыся на сукаваты друк. Падышоўшы бліжэй, Леў пазнаў Барсука — галоўнага ляснога дэмакрата. Галава барсучыная была забінтаваная, а левая лапа матлялася на тальмаху.

— Хто гэта цябе? — уразіўся Леў.

— Ш-шакалы... — выдыхнуў Барсук, зірнуўшы праз плячо ў бок Вячыстага Баабаба.

«За маім панаваньнем цябе ніхто ня біў», — хацеў было сказаць Леў, але тут на Вячыстым Баабабу абудзілася лясное радыё і Чайка, гракнуўшы па-варонінаму, натхнёна засакатала: — Сёньня ў нас у гасьцях Варона Загуменная. Яна раскажа — як на загуменьні ўспрынятая ініцыятыва Усежывёльнаабранага Гаспадара па навядзеньні парадку ў лесе...

Леў з Барсуком пераглянуліся, хітнулі галовамі і разышліся ў розныя бакі.

За апошні тыдзень шмат што зьмянілася ў лесе. Вось і былога дарадцу цяпер было не пазнаць. Ранейшым часам ён бегаў вакол шэфа на паўсагнутых, а зараз сядзеў на Гнілым Пні і з нахабным выглядам матляў задняй лапай.

— Прасілі табе перадаць, каб ты сядзеў ціха і не балбатаў лішняга, — прагугнеў Шашок, не павітаўшыся.

Леў быў наогул істотай дабрадушнай і ніколі не паказваў кіпцюроў, але тут кіпцюры самі выпрасталіся зь мяккіх падушачак. Шашок гэта заўважыў, а таму пусьціў смурод і зьнік зь відавоку.

— А будзеш балбатаць — вусы выскубем і хвост вузлом завяжам, — крыкнуў напаследак былы дарадца і вялікая зграя шакалаў заварушылася ў навакольных кустах.

На смурод зьляцеліся мухі: яны лезьлі ў вочы, казыталі ў носе, сьвярбліва поўзалі па сьпіне. Леў ляснуў па баках мяцёлкай хваста, страсянуў, ратуючыся ад заедзі, кудлатай грывай і прамовіў фразу, якую потым доўга паўтаралі насельнікі Белага Лесу:

— І на х... мне была гэтая дэмакратыя?


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0