Дыскаграфія

 

Старана мая азёрная

Уладзімер Правалінскі. (р) 2002. Выдавец не пазначаны.

Па тым, што выканаўца выказаў падзяку фірме “Vigma”, можна здагадацца, што яна тыражавала гэты альбом, які ёсьць такім сабе пропускам у віртуальнае мінулае айчыннай эстрады. Калі хто мае жаданьне перанесьціся ў “салодкія” 80-я — раю паслухаць. Так, як выкананыя гэтыя 18 песьняў, сьпявалі на прасторах сацыялістычнай айчыны 20 гадоў таму. Сьпіс аўтараў — таксама з тых часоў: Лучанок, Чыркун, Пахмутава. З новых імёнаў хіба толькі Генадзь Маркевіч, аўтар Іны Афанасьевай. Паэты — Міхаіл Ясень, А.Восенеў (псэўданім путчыста Анатоля Лук’янава). З усіх твораў толькі адзін гучыць па-беларуску (загалоўная песьня Зьмітра Яўтуховіча на верш Яўгеніі Янішчыц). Стаўленьне да роднай мовы ў заслужаных артыстаў БССР за два дзесяцігодзьдзі не зьмянілася.

Песьні — розныя. Ёсьць больш удалыя (“Танга”, “Майскі вальс”, “Ты мая надзея”), ёсьць напышліва-фальшывыя (“Генэралы”), ёсьць танныя па музыцы (“Цыганка”) і зусім ужо неарыгінальныя (“Бераг юнацтва”). А так — нічога. Альбом знойдзе слухачоў сярод тых, хто любіць рэтра, усіхную вялікую дзяржаву і каўбасу па 2.20 за кілё.

І ўсё ж Уладзімер Правалінскі сёньня — адзіны ў краіне барытон, здольны актыўна выступаць з такім рэпэртуарам. А таму яго варта берагчы.

Занепакоены Слухач

 

Я люблю!

Група “Анжаліка”. (р) 2002. “TON Records”.

Выдатны прыклад малабюджэтнай папсовай прадукцыі! Малабюджэтнай, бо сілаў на стварэньне такой нібыта моднай музыкі пайшло сапраўды мала. Дастаткова пачытаць тэксты песень, надрукаваныя на вокладцы, каб пераканацца, што былая салістка Дзяржаўнага канцэртнага аркестру Беларусі Анжаліка Ют няшмат вымагала ад аўтараў песьняў. Аднак, калі апошніх яшчэ можна з нацяжкай назваць паэтамі, дык аўтараў фону для іхных радкоў кампазытарамі назваць складана. Дый Анжаліка падчас запісу карысталася нейкімі пачварнымі апрацоўкамі вакалу, з-за чаго той набыў мэханічнасьць і з голасам жывога чалавека мае няшмат супольнага. Мо каму такі “пакемон” і падабаецца, мо падлеткі і шалеюць пад такую музыку ў начных клюбах, аднак я гэткай моды не разумею і не прымаю. Хоць бы таму, што жыць ёй — адзін сэзон.

Фірма “TON Records” спэцыялізуецца на выданьні ня дужа інтэлектуальнай, затое дужа папулярнай музыкі. Дай бог ёй мець на тым прыбытак. Аднак песьні кшталту “Ты абнуліў любоў” нават на плягіят танных расейскіх падробак пад заходні папуляр ня цягнуць. Музыку тут яўна “абнулілі”. Засталася адна працяглая жальба жанчыны, якой, відаць, ёсьць што сказаць. Аднак яна маўчыць пра сур’ёзнае, а гаворыць пра тое, што ў вучняў старэйшых клясаў выклікае нэрвовыя сьмешачкі.

Слухач з Нуля

 

Адзінокі

Аляксандар Саладуха. (р) 2002. “TON Records”

Яшчэ год не пасьпеў як сьлед пачацца, а тэлерэкляма голасам Аляксандра Саладухі назвала ягоны ж беларускі тур “галоўнай музычнай падзеяй году”.

Суцяшае тое, што другой па значнасьці падзеяй году Аляксандар не назваў свой альбом. Але сьціпласьць — не найлепшая якасьць. Бо калі бамбіць — дык па ўсіх аўганістанах адначасова! Найлепшы тур, найлепшы альбом, найлепшы сьпявак, найлепшая песьня — касіць тады “Рок-кароны” не скасіць!

Аднак сказаць пра “адзінокі” альбом ёсьць што. Узяць хоць бы песьню Алега Елісеенкава на верш Алеся Бадака “Каралева зімы”. Твор без аніякіх прэтэнзіяў, просты і выразны. Адзіны, дарэчы, па-беларуску. Але й наскрозь фальшывых (па зьмесьце, не па выкананьні) песенек у альбоме хапае. То лірычны герой заляцаецца да кабеты, пакутуючы з тае прычыны, што яна — “окольцованная птица”, то ён румзае з той нагоды, што яму, зорцы і галоўнай падзеі году, не хапае грошай на новы “Мэрс” (песьня Эдуарда Ханка і Мікалая Трацьцякова — па ўзроўні “ніжэйшая за пэйджэр”). Песьня “Каліна”, пазначаная на вокладцы як “супэр-гіт”, нават на просты гіт ня цягне. Самалюбаваньня тут аж на пяць альбомаў. Аляксандра цяжка зразумець: ці то ён шчыра верыць ва ўласную веліч, ці то з усяе сілы намагаецца трымаць марку гэткага супэрпапулярнага выканаўца, адно імя якога прымушае раўці стадыёны.

Мо варта было б яму ўважліва прыслухацца, ад чаго тыя стадыёны равуць, і асьцярожна абыходзіць іх бокам. Каб не пазналі.

Самотны Слухач

 

Праўдзівыя гісторыі пра тое, як у Карлсана ўгналі камбінэзон

Гурт “Нэйра Дзюбель”. (р) 2002. “Нэйра Дзюбель Гангрэна Прадакшн” i “БМА-group”.

За выняткам пары момантаў, гэты альбом можна назваць традыцыйнай працай “Нэйра Дзюбелю”. Багата песень, стылістычна вытрыманых у адным настроі, непрацяглых. Мае месца цытаваньне творчасьці папярэднікаў (“Ракенрол” з цытатай з музыкі савецкага гурта “Новый электрон”), кавэр (“Бухаст” на музыку “Рамштайну”), апэратыўны водгук на новыя праявы жыцьця (“Расчляненьне Пакемона”, “Тэлепузік”). Тэксты песьняў дасьціпныя, хоць і агрэсіўныя.

Альбом выкліча ўсплёск энтузіязму ня толькі ў сталых фанатаў гурта. Гісторыя пра сьцібраны ў Карлсана камбінэзон (назва альбому ніяк не зьвязаная зь ягоным зьместам) можа пашырыць шэрагі прыхільнікаў “Нэйра Дзюбелю”. Адбудзецца гэта дзякуючы тым момантам, якіх раней у творчасьці калектыву не было. Музыка гурта пацяжэла, хоць у ёй прысутнічае ня толькі рок-н-рольная стылістыка. Кожную песеньку ў альбоме суправаджае вершык — атрымліваецца нейкі паэтычна-музычны мантаж памяці Астрыд Ліндгрэн і тых, хто яшчэ не зваліўся з даху. У альбоме аж тры песьні па-беларуску, чаго раней у творчасьці Аляксандра Кулінковіча не назіралася. Адну зь іх (“Скрыпка дрыгвы”) ён напісаў на верш Уладзімера Караткевіча. І атрымалася тыповая для гурта песьня, толькі што пабудова тэксту выдае іншае паходжаньне. А яшчэ “Нэйра Дзюбель” інтэлігентна (упершыню ў гісторыі айчыннага року!) у якасьці двух бонус-трэкаў дадаў у альбом песьні іншага калектыву — блізкага па духу маладога гурта “Сам працэс”.

Нэйра Слухач

Глыбокая нірвана

Ethno Trio Troitsa. PAN Records, 2001.

“Тройца” нарэшце выпусьціла новую кружэлку. Праўда, выдадзеная яна ў Галяндыі, таму набыць яе пашчасьціць нямногім. Выраблены дыск густоўна, гук якасны. Празрысты, але не “шкляны” саўнд захоўвае цеплыню архаікі. Дыск зьмяшчае 15 кампазыцыяў. Некаторыя зь іх ужо гучалі ў малавядомым канцэртным запісе 1999 г. “Live at Oerol”, і, параўноўваючы іх, заўважаеш відавочны прагрэс.

Ужо першая, прывітальная кампазыцыя “Добры вечар” дае ўяўленьне пра агульны колер альбому. Уражваюць вячоркавая “Добра тому” зь цікавай партыяй гітары й гармонікам, “Куды ляціш” ды “Камянная печанька”, вытрыманыя на пругкіх зьменах рытму, “Прыкарнула”, пабудаваная на нехарактэрным для гурта рок-н-рольным забойным рытме. Блізкая да яе настроем купальская “Ў нас сягоньня…”. Драйв! Зачароўвае гармоніяй “Ой, бору мой”. Арган, выкручаная мэлёдыя, дзівоснае шматгалосьсе. Недзе глыбока чуваць водгульле ўсходніх матываў, што яшчэ раз пацьвярджае блізкасьць усіх песенных традыцыяў. Цьвік праграмы — гімнавая “Пожня”: галасы Кірчука ды Дзьмітрыева сплятаюцца ў адно на тле шчыльнага гучаньня ліры й жалейкі, аднатонны грукат бубнаў зьмяняецца пошчакам, працяглы сьпеў — пульсаваньнем шматгалосься. Гэта ці ня самы “паганскі” твор. Надзвычай удала завяршае праграму кампазыцыя “Сонца” — буяньне настрояў, фарбаў, імкненьне ўгару, у неба. Глыбокая нірвана.

Альбом гэты — адзін зь нешматлікіх нашых прадуктаў, цікавых і для “замежнага” слухача. Запіс максымальна набліжаны да жывога гучаньня трыё. Калі на першым альбоме можна было пачуць сям-там і бас-гітару, дык тутака музыка чыста акустычная. Практычна ніякіх модных эфэктаў, а гучыць — паслухайце!

Яраш Малішэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0