Каб статус беспрацоўнага не стаў шчылінай для сацыяльных утрыманцаў, што не жадаюць выплачваць збор, прадугледжаны дэкрэтам прэзідэнта №3, будуць унесеныя змены ў закон аб занятасці.
Як паведаміла ў інтэрв'ю праграме «Галоўны эфір» тэлеканала «Беларусь 1» увечары 5 красавіка міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна, перш за ўсё, плануецца скараціць з 14 да 5 дзён тэрмін, на працягу якога наймальнік паведамляе аб вакансіі. «Гэта будзе добра для людзей, якія маюць патрэбу ў працы», — адзначыла яна.
Закранаючы перспектывы афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных, Шчоткіна паведаміла, што з'явіцца артыкул, які сістэматызуе ўсе абавязкі беспрацоўнага. Будуць больш жорсткімі падыходы да таго, як беспрацоўны выяўляе са свайго боку зацікаўленасць у працаўладкаванні.
«Напрыклад, калі чалавек не будзе з'яўляцца ў службу занятасці на працягу двух месяцаў ці ён накіраваны на прафесійнае навучанне за кошт сродкаў дзяржавы, але парушае парадак навучання, устаноўленыя правілы ці не наведвае заняткі, то ён будзе зняты з рэгістрацыі. Звярнуцца ў службу занятасці зноў ён зможа не раней, чым праз год», - распавяла міністр.
Таксама будзе скарочаны да года перыяд, на працягу якога чалавек можа быць афіцыйна зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага.
Каментары