«На пацыента са столі зваліўся прусак». Беларуска адпрацавала размеркаванне стаматолагам і шчыра расказвае, як гэта
Стаць стаматолагам Дар’я марыла з дзяцінства. Больш за ўсё ёй падабаўся пах, які быў у кабінеце доктара, калі яна прыходзіла лячыць зубы. Дзяўчына паступіла ў БДМУ на стаматалагічны факультэт. Дар’я расказала праекту «1906» пра сваё размеркаванне.

Дар’і (імя зменена) 27 гадоў. Стаць стаматолагам дзяўчына марыла з 6-ці. Ужо тады яна вельмі любіла хадзіць лячыць зубы.
На курсе дзяўчыны два гады адпрацоўкі атрымалі нават некаторыя платнікі.
«Перад апошнім курсам у нас ва ўніверсітэце быў збор. Прыходзіла жанчына з Міністэрства аховы здароўя, якая расказвала, якія ёсць для нас вакансіі.
Яна тады патлумачыла, што калі платнікі не возьмуць размеркаванне, то не знойдуць сабе працу.
У той момант некаторыя ў гэта паверылі», — расказвае дзяўчына.
«На прыём пацыента адводзілі 20 хвілін»
Адпрацоўваць размеркаванне ў сталіцы Дар’ю не пакінулі — у яе яшчэ не было мінскай прапіскі.
Год інтэрнатуры дзяўчына працавала ў Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы ў Бараўлянах. Яшчэ два — па размеркаванні ў паліклініцы ў райцэнтры Мінскай вобласці.
«На размеркаванні я падышла да галоўнага доктара паліклінікі. Тады вельмі хацела быць стаматолагам-артапедам. Спытала ў яго, ці ёсць такая вакансія ў іх. Ён сказаў, што так, пасля інтэрнатуры магу працаваць па ёй. І я была гатовая ехаць у раён, бо ў Мінску такіх вакансій амаль што не было», — кажа яна.
Падчас праходжання інтэрнатуры ў Мінскай цэнтральнай бальніцы Дар’я разам з напарніцай магла прыняць за дзень каля 70 пацыентаў.
«Было вельмі мала часу на іх, — кажа яна. — На добрае лячэнне канала трэба дастаткова часу, а нам давалі толькі 30 хвілін. Пасля — наступны пацыент.
Яшчэ вельмі дрэнна, што гэты паток змяшаны — і дарослыя, і дзеці. Гэта было вельмі складана, асабліва калі да дзіця трэба было знайсці падыход.
Потым мы, інтэрны, прызвычаіліся. Неяк спраўляліся.
У бальніцы ў Бараўлянах у нас было нармальнае абсталяванне. І слінаадсмоктвальнікі, і матэрыялы. Чаго не скажаш пра паліклініку ў раёне».
Заробак у інтэрнатуры ў Дар’і складаў 650 рублёў.
«Вядома, мяне такія грошы зусім не задавальнялі. На іх цяжка здымаць кватэру.
Жыллё нам ніхто з кіраўніцтва ў Бараўлянах не прапаноўваў. У райцэнтры давалі інтэрнат: у адным пакоі дзяўчынкі, у іншым — хлопцы, агульны душ і прыбіральня. У такіх умовах не хацелася там жыць», — кажа дзяўчына.
Дар’я пачала адпрацоўваць размеркаванне ў раённай стаматалагічнай паліклініцы. Прыходзілася кожны дзень уставаць у 4 раніцы, каб прыехаць з Мінска на працу.

«На прыём тут адводзілі 20 хвілін, — расказвае яна. — Супрацоўнікі там зусім не абаронены. Калі нешта адбывалася не па нашай віне, вінаватымі ўсё роўна рабілі дактароў.
У пакоі для адпачынку было шмат прусакоў. У кабінетах, дзе мы прымалі пацыентаў, яны таксама бегалі. У мяне быў выпадак, калі на пацыента са столі зваліўся прусак. Ніяк тады не змагла апраўдацца. А калі падумаць, то чаму павінна?
Наступны момант — стаматалагічнае крэсла не раскладвалася. Доктар проста ламае спіну.
Быў выпадак, калі ў маёй калегі, я гэта бачыла, на пацыента ўпала лямпа, якая свеціць у рот. Добра, што яна не пашкодзіла чалавека, хаця сама лямпа вельмі цяжкая».
«У пацыента пломба вывалілася за дзвярыма кабінета»
Дар'я кажа, што з гэтым усім яшчэ неяк можна было мірыцца, але акрамя гэтага ў паліклініцы катастрафічна не хапала якасных матэрыялаў для лячэння зубоў і належных стаматалагічных інструментаў.
Па словах дзяўчыны, калі яны заканчваліся, кіраўніцтва загадвала набываць свае ці працаваць з тым, што ёсць.
«Некаторыя стаматолагі так і рабілі, я набывала свае інструменты і матэрыялы. Увесь час не было звычайнага матэрыялу для пламбіроўкі канала, штыфтоў, добрага цэменту для пастаноўкі пломбаў.
У мяне быў пацыент, якому я паставіла тое, што было. Ён выйшаў з кабінета, і літаральна за дзвярыма пломба выпала. Яшчэ адзін выпадак: падзьмула пісталетам — і матэрыял вылецеў. Нічога не трымалася.
Быў пацыент, якому трэба было зрабіць каналы. Ён мне расказаў, што лячыўся да гэтага ў Фаніпалі, там лепшыя ўмовы, ёсць слінаадсмоктвальнікі. Я яму адказала, што калі ён мае магчымасць, то лепш паехаць туды.
Пацыент напісаў скаргу ў пракуратуру на паліклініку, а кіраўніцтва адказала, што слінаадсмоктвальнікі ў іх ёсць, паказалі насадку ад яго. Але сама сістэма падключаная не была», — дзеліцца яна.

Хутка Дар’я пачала весці платныя прыёмы. Дзяўчына кажа, што асаблівых адрозненняў ад бясплатнага абслугоўвання няма, акрамя аднаго — у платным быў фотакампазітны матэрыял (фотапалімерныя пломбы).
«Выходзіла з працы і плакала»
У райцэнтры заробак у дзяўчыны быў спачатку 650 рублёў, пасля — 850.
«Ад працы ў платным аддзяленні — 1 000 рублёў. Толькі адзін раз атрымалася 1 100.
Я размаўляла са сваімі аднакурснікамі, хацела даведацца, як у іх склалася з размеркаваннем. Былі людзі, якія патрапілі ў добрыя месцы з нармальным кіраўніцтвам, абсталяваннем. А былі і такія, як я», — расказвае яна.
Праз нейкі час Дар’я вырашыла пайсці да галоўнага доктара, каб папрасіць пераразмеркаванне. Але ён адмовіў ёй.
«Кансультавалася з юрыстам, як мне можна сысці з гэтай працы. Адзіны варыянт, які ён мне змог прапанаваць, — звальненне па артыкуле. Загадчык, галоўны доктар адмовілі мне ў звальненні па дамове бакоў.
Кіраўніцтва сказала, што ім могуць надаваць па шапцы, бо адпускаюць маладых спецыялістаў. І ўвогуле медыкаў не хапае», — расказвае яна.
У такіх умовах працы ў Дар’і пачалася дэпрэсія. Ад стрэсу яна стала пераядаць і набрала лішнюю вагу.
«Проста выходзіла з працы і плакала, — дзеліцца яна. — Было вельмі сумна ад узроўню медыцыны. Перажывала, што я не магу людзям аказаць належную дапамогу.
Пасля таго, як маё размеркаванне скончылася, хадзіла да псіхатэрапеўта».
Восенню гэтага года Дар’я з’ехала з Беларусі. Цяпер дзяўчына жыве ў Польшчы, у невялікім гарадку каля Уроцлава.
«У мяне гэта месца працы цалкам адбіла жаданне быць у беларускай медыцыне. Я не адчувала сябе доктарам, для кіраўніцтва было звыкла прынізіць свайго супрацоўніка, крычаць пры пацыентах на яго.
Калі я сыходзіла, у мяне спыталі, што б я параіла з абсталявання паставіць. Захацелі нарэшце пачуць маё меркаванне. Як мінімум — у платным аддзяленні паставіць слінаадсмоктвальнікі», — кажа яна.
Нягледзячы на такі досвед у беларускай медыцыне, Дар’я вырашыла паспрабаваць знайсці працу па спецыяльнасці ў Польшчы.
«Усё ж стаматалогія на раённай паліклініцы не заканчваецца, — кажа яна. — Вучу польскую мову для пацверджання дыплома. Развіваю свой блог, каб людзі менш лячылі зубы, а больш займаліся прафілактыкай».
Чытайце таксама:
Міністр адукацыі расказаў, ці будуць размяркоўваць платнікаў
Хлопец трапіў на размеркаванне ў раёнку ў Чавусы: Далі кватэру. Ёсць туалет, душа пакуль, праўда, няма
«Вінная каля 45 тысяч рублёў». Выпускнікі, якія не хочуць адпрацоўваць размеркаванне, расказваюць, як шукаюць грошы
Цяпер чытаюць
«На канцэртах няма месца радыкальнаму нацыяналізму, агрэсіі і гвалту». Макс Корж выказаўся наконт скандалу, які разгарэўся пасля яго выступу ў Варшаве

Каментары