Кіраўніка даследчай кампаніі прысудзілі да 7,5 года за сацыялагічнае даследаванне пра кавід у Беларусі — «здрада дзяржаве»
43-гадовага Яўгена Краснянскага прызналі вінаватым у здрадзе дзяржаве (частка 1 арт. 356 КК) і ўхіленні ад выплаты страхавых унёскаў (частка 1 арт. 243-3 КК), піша «Вясна». У рэальнасці такія справы цяпер найчасцей маюць палітычны характар.

8 жніўня Мінскі гарадскі суд разгледзеў справу супраць кіраўніка маркетынгавай кампаніі Satio Яўгена Краснянскага. Акрамя пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, яму назначылі 25 тысяч рублёў штрафу.
Раней Следчы камітэт паведамляў, што мужчына падрыхтаваў для адной з замежных арганізацый даследаванне, якое ўтрымлівае «загадзя ілжывыя звесткі пра палітыку краіны ў галіне аховы здароўя ў частцы прыманых мер па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй».
Сцвярджалася, што сацыялагічны аналіз рабіўся кампаніяй, якая не мела акрэдытацыі ў Беларусі, і яго вынікі былі «ангажаваны і адпаведны запытам заказчыка».
Вядома, што разам з Яўгенам Краснянскім былі затрыманыя дзве жанчыны: мінчанкі 37 і 43 гадоў. Яны нібыта праводзілі сацыялагічнае даследаванне пра наяўнасць пераваг сярод грамадзян у развіцці краіны з дапамогай інтэграцыі з краінамі Еўрапейскага саюза.
Каб прыйсці да пажаданага выніку, жанчыны нібыта апытвалі тых, хто мае «загадзя негатыўнае стаўленне да наяўнай у дзяржаве палітычнай сістэмы і канстытуцыйнага ладу». Прысуды жанчынам невядомыя.
Satio — беларуская даследчая кампанія, якія працавала больш за 20 гадоў і праводзіла маркетынгавыя даследаванні. У 2016 годзе кампанія разам з конкурсам «Брэнд года» была прададзеная міжнароднаму холдынгу Civitta. Кіраўніцтва холдынгу тады абяцала захаваць і кампанію, і конкурс.
У ліпені 2024 года кампанія вырашыла закрыць свой беларускі офіс і пайшла ў ліквідацыю, а месяц таму стала вядома, што яна сышла ў банкруцтва, прычым яе доўг перад крэдыторамі перавышае 1 млн рублёў, пісаў Office Life. Імаверна, гэтая ліквідацыя стала вынікам палітычнага пераследу.
Удакладненне. У пачатковай версіі артыкула памылкова пісалася, што Satio — беларуская маркетынгавая кампанія.
-
У Мінску адкрылі новую дыспетчарскую станцыю замест знесенай савецкай. Але будынка там няма — толькі бытоўка і біятуалет
-
У Беларусі за апошнія гады ліквідавалі 40 праваслаўных прыходаў
-
У Беларусі перастала працаваць сістэма анлайн-кантролю за рухам тавараў — ад шын да фенаў. Гэта не першы такі збой сёлета
Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал
Каментары