Спорт

«Я ўжо стаміўся жыць…» Памёр легендарны беларускі футбаліст Генадзь Хасін

Яго баяўся Леў Яшын, у яго закусваў Аляксандр Пракапенка.

Пра Генадзя Хасіна ёсць два апокрыфы, і абодва яны звязаны з пачуццём страху. Першы: яго баяўся вялікі варатар Леў Яшын. Другі: з ім у машыне баяліся ездзіць пасажыры.

І тое, і другое — праўда, хай і памножаная на час, які міфалагізуе любыя падзеі.

Яшыну ён сапраўды часцяком забіваў. Галкіпер маскоўскага «Дынама», лепшы варатар свету ХХ стагоддзя і алімпійскі чэмпіён-1956, ён нічога не мог зрабіць са страшэнным ударам беларускага нападаючага-самародка. Толькі казаў: «Зноў у Мінску гэты Хас, не ведаеш, што ён будзе рабіць на полі…»

Забіць геніяльнаму Яшыну — гэта быў усесаюзны шык і блакітная мара для любога гульца той эпохі, і ўжо адно гэта ўздымала Хасіна ў вачах заўзятараў на недасяжную вышыню. Магутны ўдар гарманічна дапаўняў карціну, месцамі таксама пераходзячы ў фальклор. Кажуць, аднойчы ў Кіеве ён так улупіў па варотах, што мяч куляй заляцеў у сетку — і такой жа куляй адскочыў назад у поле. Усё адбылося імгненна — і суддзя нават не заўважыў, не зафіксаваў гол…

Машыну ён таксама вадзіў майстэрскі, яшчэ не ведаючы, што ў незалежнай Беларусі будзе ганяць на буржуйскім BMW да 80 з гакам гадоў. А тады, у адлігавыя 60-я, фарсіста круціў стырно айчыннай «Волгі» і часам рэальна запалохваў спадарожнікаў.

Прычына ў тым, што Хасін быў касавокім — і праз гэты свой дэфект насіў яшчэ адну красамоўную мянушку. «Бі, Касы!» — крычалі яму з трыбун балельшчыкі, а ён і не крыўдзіўся. Вока пашкодзіў падчас улюбёнага футбола — прыляцела буцай саперніка. Тыя, хто не ведаў пра гэтую траўматычную фізіялогію, палахліва ўжымаліся ў сядзенне яго рэактыўнага аўто. Кіроўца ліха гойсаў па мінскіх вуліцах, а ім здавалася, што ён зусім не глядзіць на дарогу…

Па тым часе ў яго была звычайная, тыповая біяграфія. «Дзіця вайны», ураджэнец Барысава, з прыходам гітлераўцаў быў звезены маці ў Самарканд — да родзічаў.

Вярнуліся у 1944-м, у спаленую, зруйнаваную Беларусь, дзе футбол стаў аддушынай для цэлага пакалення падлеткаў. Удар ужо тады быў, што трэба, ён і вывеў у людзі — і давёў да мінскага «Дынама», мроі ўсіх беларускіх футбалістаў.

Пазней, ужо стаўшы ўлюбенцам мінскай тарсіды, Хас-Касы мог з’ехаць туды, дзе да хлеба з маслам дадалася б чорная ікра і агні сапраўды вялікага горада. Запрашалі кіеўскае і маскоўскае «Дынама», «Спартак» — адтуль і да сборнай СССР, дзе верхаводзілі Яшын са Стральцовым, заставался б зрабіць крок-другі.

Але ён застаўся дома, дзе ўсё сваё і ўсе свае. Пад асабістую гарантыю Пятра Машэрава вырашыць кватэрнае пытанне. Кіраўнік Рэспублікі футбол любіў да адурэння і слова стрымаў. Генадзь Хасін з маладой жонкай-прыгажуняй — салісткай балета — стаў уладальнікам камфартабельных апартаментаў каля Плошчы Перамогі.

Так і дагуляў у правінцыйным Мінску — так і не рызыкнуў, не зведаў, на што быў здатны па гамбургскім рахунку. Калі потым і задаваў на гэты конт пытанні, то толькі сам сабе. Беларускія заўзятары пра тое не пыталіся — доўгія гады хадзілі на стадыён («на Хаса») і няслі з сабой падзяку.

З «Дынама» ён сыйшоў даволі рана — у 28, але ж і век спартсмена ў тыя часы быў карацейшы. Не дацягнуў да «бронзавага» сезона-1963 — перабраўся ў Гомель, затым Яраслаўль, Запарожжа… Гэта ўжо была дарога з кірмаша, і вопытны Хасін тое разумеў. Да пасляфутбольнага жыцця ён падрыхтаваўся добра.

На «дэмбелі» звычайна жыццё бяжыць хутчэй, аднак былы форвард Хас і тут глядзеў наперад шырока адкрытымі вачыма. Ён выбраў нестандартны для ўчорашняга футбаліста шлях — пайшоў працаваць у агульнахарч, дзе і заставаўся да пенсіі.

Мінскія бары «Свіслач» і «Нёман», пасля прыходу перабудовы і дэмакратыі — СП «Фрайдзіс», «Іспанскі куток». На гэтай ніве Хасін не гуляў у камандзе — выключна кіраваў, знайшоўшы ў сабе годныя прадпрымальніцкія якасці.

У «Нёман» да яго забягаў з вядомай патрэбай «народны футбаліст» Аляксандр Пракапенка. «Хас, дай закусіць…» — і Хас, добрая душа, даваў.

Сваё апошняее інтэрв’ю ён даў у 2016-м. Двойчы адзначыў, што цалкам задаволены жыццём. Жанаты другім шлюбам, маладая, як сам сказаў, жонка — «57 гадоў». Дзеці, унукі. Здароўе, вядома, ужо не тое, але сілы хапае, каб давіць педалі BMW і глядзець на дарогу своеасаблівым сваім позіркам. Праўда, напрыканцы з языка нечакана сарвалося: «Скажу шчыра, стаміўся я ўжо жыць…» І наўрад ці гэта быў гумар.

І яшчэ Генадзь Барысавіч з горада Барысава тады нібыта падкрэсліў сваю беларускую самасвядомасць. Сказаў, што іншыя легенды той пары — Эдуард Малафееў, Міхаіл Мустыгін і Веніямін Арзамасцаў — «не нашы». Без крыўд: людзі выдатныя, сябравалі добра, футбалісты былі — ого-го. Аднак «не такога склада, як мы». Бо расіяне, якіх тады завозілі ў Мінск па дынамаўскай лініі цэламі пачкамі.

«Карэнных беларусаў з нашага пакалення амаль ужо не засталося, — сумна разважаў герой не нашага часу. — Толькі трое — я, Лёня Ерахавец ды Ваня Савосцікаў».

Наступныя гады зруйнуюць нават гэтую кволую ідылію. Іван Савосцікаў сыдзе з жыцця летам 2018-га, Леанід Ерахавец — восенню 2019-га, Генадзь Хасін — 4 лістапада 2020-га.

Апошні карэнны з той плеяды, ён пражыве 85 гадоў.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Мы чакалі Полк Каліноўскага, каб вызваліў нас». Палітвязень патлумачыў, чаму папрасіў аб памілаванні

«Мы чакалі Полк Каліноўскага, каб вызваліў нас». Палітвязень патлумачыў, чаму папрасіў аб памілаванні

Усе навіны →
Усе навіны

Далай-лама прыдумаў, як вызначыць сабе намесніка і абхітрыць Кітай1

У Вільні будуць шукаць магілу Вітаўта. Пошукі, якія праводзіліся стагоддзе таму, прывялі да вялікіх адкрыццяў, але мэты не дасягнулі10

Сталіца Паўднёвай Карэі перажывае нашэсце чорных жукоў2

Украінскія палярнікі зрабілі незвычайнае ФОТА цюленя, які адпачывае на крызе1

Украінскі вайсковец знайшоў каля беларускай мяжы зубы маманта1

У цэнтры Масквы выбухнуў аўтамабіль з ветэранамі ФСБ3

«Давялося сыр на касе пакінуць». Як беларусы рэагуюць на ноу-хау з падвойнай маркіроўкай тавараў5

«Хочацца, каб мы жылі не з нуля». Уладальнік сядзібы Горватаў расказаў пра рэстаўрацыю, захаваныя каштоўнасці і «Белую пані Нароўлі»2

Напярэдадні вялікіх выхадных стаў кепска працаваць сайт Беларускай чыгункі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы чакалі Полк Каліноўскага, каб вызваліў нас». Палітвязень патлумачыў, чаму папрасіў аб памілаванні

«Мы чакалі Полк Каліноўскага, каб вызваліў нас». Палітвязень патлумачыў, чаму папрасіў аб памілаванні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць