Грамадства

Ціханоўская выйшла ў лідары рэйтынгаў кандыдатаў на Нобелеўскую прэмію

І эксперты, і букмекеры лічаць, што Святлана Ціханоўская — адна з самых імаверных прэтэндэнтак.

Ціханоўская пачынала сваю прэзідэнцкую кампанію як нікому невядомая хатняя гаспадыня. Праз два месяцы сацыёлагі выявілі, што за яе збіраецца галасаваць большасць беларусаў.

Нешта падобнае адбываецца з Нобелеўскай прэміяй. Месяц таму Ціханоўская разглядалася як кандыдат у трэцім дзясятку.

Аднак учора нарвежскія эксперты, якія сочаць за тэмай, у інтэрв’ю агенцтву Ройтэрз назвалі Ціханоўскую ў ліку фаварытаў. Іншыя лідары рэйтынгу — юная экалагічная актывістка Грэта Тунберг і міжнародныя арганізацыі, якія змагаюцца за свабоду прэсы.

Чуйныя букмекеры таксама змянілі стаўкі. Ціханоўская і Камітэт абароны журналістаў падраслі, стаўкі на расійскага антыкарупцыйнага блогера Аляксея Навальнага і Сусветную арганізацыю аховы здароўя знізіліся.

Усяго сёлета на Нобелеўскую прэмію міру вылучаныя 329 кандыдатаў. Сярод іх ёсць як асобы, так і арганізацыі. Нарвежскі Нобелеўскі камітэт называе толькі агульную лічбу вылучаных, але не разгалошвае ані спіс, ані шорт-ліст. Нарвежскі парадак адбору выключае любыя інсайды і лабіраванне. Поўныя спісы публікуюцца, але толькі праз 50 гадоў, калі робяцца гісторыяй.

Рашэнне прымае камітэт, складзены з пяці чалавек, выбраных нарвежскімі парламентарыямі. Яны традыцыйна рэпрэзентуюць розныя палітычныя сілы: правых, левых і цэнтрыстаў.

Канечне, Нобелеўская прэмія міру — не тая тэма, якую лёгка прадбачаць букмекерам. Тым не менш стаўкі на сайтах адлюстроўваюць уяўленні людзей пра тое, што і хто цяпер у трэндах.

Месяц таму абсалютным фаварытам лічылася Сусветная арганізацыя аховы здароўя за яе ролю ў барацьбе з пандэміяй кавіду. Або, магчыма, больш вузка — COVAX, праграма паставак вакцын ад каранавіруса небагатым краінам.

На другім месцы ў спісе фаварытаў ішоў зняволены расійскі антыкарупцыйны блогер Аляксей Навальны.

Сярод фаварытаў называлі таксама экалагічную актывістку Грэту Тунберг і Джасінду Ардэрн, прэм’ер-міністарку Новай Зеландыі — краіны, якая найбольш паспяхова прайшла пандэмію.

Зрэшты, спісы букмекераў на Нобель міру заўсёды трохі смешныя. У іх фігуруюць і асобы, якія на слыху, але шанцаў на прэмію не маюць ніякіх: сярод такіх, да прыкладу, Дональд Трамп, Уладзімір Пуцін і Эманюэль Макрон.

У 2012 годзе ў ліст прэтэндэнтаў на Нобеля ўваходзіў беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі. Тады ён быў зняволены — фармальна абвінавачаны ў нясплаце падаткаў, але фактычна за сваю дапамогу рэпрэсаваным у Беларусі. Сёлета Бяляцкі арыштаваны наноў, разам з калегамі па праваабарончым цэнтры «Вясна».

У 2020 годзе лаўрэатам прэміі стала Харчовая праграма ААН — за яе ролю ў ліквідацыі голаду ў бедных краінах.

Было б незвычайна, калі б два гады запар прэмію атрымлівалі праграмы ААН. Зрэшты, СААЗ, пры ўсёй павазе да яе, трапляла і пад крытыку за павольнасць у сваёй рэакцыі на пандэмію кавіду.

У 2019 годзе, апошнім перад пандэміяй, Нобеля атрымаў прэзідэнт Эфіопіі Абій Ахмед Алі — за мірнае вырашэнне канфлікту з Эрытрэяй, які дзесяцігоддзямі забіраў жыцці з двух бакоў.

Лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру абвяшчаюць у пятніцу першага поўнага тыдня кастрычніка — сёлета гэта 8 кастрычніка. Але рашэнне камітэт прымае да канца верасня.

39-гадовая Святлана Ціханоўская, якая вырасла ў рабочай сям’і ў маленькім палескім гарадку Мікашэвічы, не займалася палітыкай, пакуль за палітыку не быў арыштаваны яе муж-відэаблогер. На выбары яны пайшла з вельмі простай праграмай — аднаўленне законнасці ў краіне, вызваленне палітзняволеных і правядзенне новых, сумленных выбараў. Гэтая праграма аб’яднала самыя розныя слаі насельніцтва. Заслуга Ціханоўскай і яе штаба ў тым, што беларускі рух за дэмакратыю і грамадзянскія правы меў выключна мірны і інклюзіўны характар.

Лукашэнкаўцы выціснулі Ціханоўскую з краіны, спадзеючыся такім чынам зменшыць маштаб пратэстаў супраць свайго 27-гадовага кіравання, за час якога Беларусь ператварылася ў адну з найбяднейшых краін Еўропы, цалкам залежную ад расійскіх энергетычных субсідый. Аднак маніфестацыі толькі ўзмацніліся, натхніўшы барацьбітоў за дэмакратыю і правы чалавека ва ўсім свеце. Усё гэта надало постаці Святланы Ціханоўскай сусветную вядомасць і значэнне. Яна — хатняя гаспадыня, якая змяніла хаду гісторыі. Менавіта таму яна і трапіла ў лік кандыдатаў на Нобелеўскую прэмію міру.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Главное»: хто стаіць за найбольшай сеткай рэгіянальных тэлеграм-каналаў Беларусі. Яе сляды вядуць у Расію4

«Главное»: хто стаіць за найбольшай сеткай рэгіянальных тэлеграм-каналаў Беларусі. Яе сляды вядуць у Расію

Усе навіны →
Усе навіны

Расіяне вядуць наступленне на Сумшчыне і маюць пэўныя поспехі2

У Еўропе донар спермы з мутацыяй, што выклікае рак, стаў бацькам 67 дзяцей

«Чыстая выпадковасць»: фільм пра помсту палітзняволеных атрымаў Залатую пальмавую галіну ў Канах8

Хрыста Грозеў: Мельнікава як мінімум год, а хутчэй за ўсё, паўтара перадавала інфармацыю беларускім спецслужбам64

У Турцыі знікла беларуска з хлопчыкам2

Колю Лукашэнку занеслі на дошку гонару БДУ15

У Мінску знайшлі на вуліцы незвычайнага павука1

Ілан Маск вырашыў адысці ад палітыкі і вярнуцца да сваіх праектаў у космасе2

Расія пачала сцягваць свае войскі да мяжы ў раёне Харкава3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Главное»: хто стаіць за найбольшай сеткай рэгіянальных тэлеграм-каналаў Беларусі. Яе сляды вядуць у Расію4

«Главное»: хто стаіць за найбольшай сеткай рэгіянальных тэлеграм-каналаў Беларусі. Яе сляды вядуць у Расію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць