Грамадства

Ціханоўская выйшла ў лідары рэйтынгаў кандыдатаў на Нобелеўскую прэмію

І эксперты, і букмекеры лічаць, што Святлана Ціханоўская — адна з самых імаверных прэтэндэнтак.

Ціханоўская пачынала сваю прэзідэнцкую кампанію як нікому невядомая хатняя гаспадыня. Праз два месяцы сацыёлагі выявілі, што за яе збіраецца галасаваць большасць беларусаў.

Нешта падобнае адбываецца з Нобелеўскай прэміяй. Месяц таму Ціханоўская разглядалася як кандыдат у трэцім дзясятку.

Аднак учора нарвежскія эксперты, якія сочаць за тэмай, у інтэрв’ю агенцтву Ройтэрз назвалі Ціханоўскую ў ліку фаварытаў. Іншыя лідары рэйтынгу — юная экалагічная актывістка Грэта Тунберг і міжнародныя арганізацыі, якія змагаюцца за свабоду прэсы.

Чуйныя букмекеры таксама змянілі стаўкі. Ціханоўская і Камітэт абароны журналістаў падраслі, стаўкі на расійскага антыкарупцыйнага блогера Аляксея Навальнага і Сусветную арганізацыю аховы здароўя знізіліся.

Усяго сёлета на Нобелеўскую прэмію міру вылучаныя 329 кандыдатаў. Сярод іх ёсць як асобы, так і арганізацыі. Нарвежскі Нобелеўскі камітэт называе толькі агульную лічбу вылучаных, але не разгалошвае ані спіс, ані шорт-ліст. Нарвежскі парадак адбору выключае любыя інсайды і лабіраванне. Поўныя спісы публікуюцца, але толькі праз 50 гадоў, калі робяцца гісторыяй.

Рашэнне прымае камітэт, складзены з пяці чалавек, выбраных нарвежскімі парламентарыямі. Яны традыцыйна рэпрэзентуюць розныя палітычныя сілы: правых, левых і цэнтрыстаў.

Канечне, Нобелеўская прэмія міру — не тая тэма, якую лёгка прадбачаць букмекерам. Тым не менш стаўкі на сайтах адлюстроўваюць уяўленні людзей пра тое, што і хто цяпер у трэндах.

Месяц таму абсалютным фаварытам лічылася Сусветная арганізацыя аховы здароўя за яе ролю ў барацьбе з пандэміяй кавіду. Або, магчыма, больш вузка — COVAX, праграма паставак вакцын ад каранавіруса небагатым краінам.

На другім месцы ў спісе фаварытаў ішоў зняволены расійскі антыкарупцыйны блогер Аляксей Навальны.

Сярод фаварытаў называлі таксама экалагічную актывістку Грэту Тунберг і Джасінду Ардэрн, прэм’ер-міністарку Новай Зеландыі — краіны, якая найбольш паспяхова прайшла пандэмію.

Зрэшты, спісы букмекераў на Нобель міру заўсёды трохі смешныя. У іх фігуруюць і асобы, якія на слыху, але шанцаў на прэмію не маюць ніякіх: сярод такіх, да прыкладу, Дональд Трамп, Уладзімір Пуцін і Эманюэль Макрон.

У 2012 годзе ў ліст прэтэндэнтаў на Нобеля ўваходзіў беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі. Тады ён быў зняволены — фармальна абвінавачаны ў нясплаце падаткаў, але фактычна за сваю дапамогу рэпрэсаваным у Беларусі. Сёлета Бяляцкі арыштаваны наноў, разам з калегамі па праваабарончым цэнтры «Вясна».

У 2020 годзе лаўрэатам прэміі стала Харчовая праграма ААН — за яе ролю ў ліквідацыі голаду ў бедных краінах.

Было б незвычайна, калі б два гады запар прэмію атрымлівалі праграмы ААН. Зрэшты, СААЗ, пры ўсёй павазе да яе, трапляла і пад крытыку за павольнасць у сваёй рэакцыі на пандэмію кавіду.

У 2019 годзе, апошнім перад пандэміяй, Нобеля атрымаў прэзідэнт Эфіопіі Абій Ахмед Алі — за мірнае вырашэнне канфлікту з Эрытрэяй, які дзесяцігоддзямі забіраў жыцці з двух бакоў.

Лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру абвяшчаюць у пятніцу першага поўнага тыдня кастрычніка — сёлета гэта 8 кастрычніка. Але рашэнне камітэт прымае да канца верасня.

39-гадовая Святлана Ціханоўская, якая вырасла ў рабочай сям’і ў маленькім палескім гарадку Мікашэвічы, не займалася палітыкай, пакуль за палітыку не быў арыштаваны яе муж-відэаблогер. На выбары яны пайшла з вельмі простай праграмай — аднаўленне законнасці ў краіне, вызваленне палітзняволеных і правядзенне новых, сумленных выбараў. Гэтая праграма аб’яднала самыя розныя слаі насельніцтва. Заслуга Ціханоўскай і яе штаба ў тым, што беларускі рух за дэмакратыю і грамадзянскія правы меў выключна мірны і інклюзіўны характар.

Лукашэнкаўцы выціснулі Ціханоўскую з краіны, спадзеючыся такім чынам зменшыць маштаб пратэстаў супраць свайго 27-гадовага кіравання, за час якога Беларусь ператварылася ў адну з найбяднейшых краін Еўропы, цалкам залежную ад расійскіх энергетычных субсідый. Аднак маніфестацыі толькі ўзмацніліся, натхніўшы барацьбітоў за дэмакратыю і правы чалавека ва ўсім свеце. Усё гэта надало постаці Святланы Ціханоўскай сусветную вядомасць і значэнне. Яна — хатняя гаспадыня, якая змяніла хаду гісторыі. Менавіта таму яна і трапіла ў лік кандыдатаў на Нобелеўскую прэмію міру.

Каментары

Цяпер чытаюць

Што вядома пра жанчыну, якая загінула ў аўтобусе, што вёз беларускіх футбалістаў-школьнікаў у Геленджык?18

Грамадстваудакладнена18

Што вядома пра жанчыну, якая загінула ў аўтобусе, што вёз беларускіх футбалістаў-школьнікаў у Геленджык?

Усе навіны →
Усе навіны

«Я не хачу ў загончык беларушчыны». Кныровіч адказаў на крытыку за ўдзел у канцэрце на Дзень Расіі85

Беларуска знайшла італьянскую сям’ю, якая прыняла яе пасля Чарнобыля. Яна думала, што італьянцы яе кінулі11

Джорджа Мелоні на саміце G7 пахвалілася, што перамагла шкодную звычку4

21‑гадовага хлопца са Светлагорска пасадзілі за палітыку. Хлопец жыў у дзетдоме, а нядаўна сам стаў бацькам1

Колькасць абортаў у Беларусі абнавіла гістарычны мінімум. Але на Магілёўшчыне іх усё больш4

Брытанскі тэлевядучы Джэрэмі Кларксан паведаміў, што ў яго дыягнаставалі рак2

Стала вядома пра арышт яшчэ аднаго каліноўца Андрэя Сяргеева

Найлепшы бамбардзір чэмпіянату свету — аўтагол

Новы мем — чалавек-вентылятар. Часам нават чалавек-кандыцыянер3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра жанчыну, якая загінула ў аўтобусе, што вёз беларускіх футбалістаў-школьнікаў у Геленджык?18

Грамадстваудакладнена18

Што вядома пра жанчыну, якая загінула ў аўтобусе, што вёз беларускіх футбалістаў-школьнікаў у Геленджык?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць