Пані Ірына не трымае закваску, а проста залівае аржаную муку кіслым малаком і пакідае на 12 гадзін.
Лісця назбіралі з восені, каб на ім выпякаць хлеб.
У закваску дадаецца пшанічная мука і соль, замешваецца цеста.
Хлеб пяклі толькі ў чыстай хаце.
Фота з унікальнай гісторыяй, якое з'ездзіла ў Амерыку.
Хлеб будзе выпякацца на патэльнях, бо чэрань няроўная.
Калі рукамі фармуецца бохан, цеста зверху нібыта нацягваецца.
Пасля боханы трэба "пасадзіць" у печ.
Праз хвілін дваццаць хлеб змочваецца вадой, каб скарынка была крамяная.
У вёску Жораўка (Любанскі раён) мы прыехалі пакаштаваць хлеба, які выпякае пані Ірына Жудрык — дырэктарка мясцовага Дома культуры. У 2008 годзе яна арганізавала аматарскае аб’яднанне «Кулідка» (кулідка — гэта тое, што і бохан).
«Дом хлеба» (як называюць яго мясцовыя жыхары) месціцца ў звычайнай вясковай хаце, дзе жанчыны рэгулярна выпякаюць хлеб так, як іх навучылі ў свой час матулі.
— Хлеб я пачала пячы даўно, яшчэ дзяўчынкай. І не выходзіла спачатку, і плакала, і цяжка было (бо цеста ж замешвала на ўсю сям’ю), але ж мусіла маме дапамагаць. Цяпер, праз шмат гадоў, ужо сама вярнулася да гэтай справы, — распавядае пані Ірына.
Калі мы прыехалі, печ была распаленая і рошчына ўжо заквашаная.Пані Ірына расказала, якім чынам рашчыняла хлеб: яна не трымае закваску, а проста залівае аржаную муку кіслым малаком і пакідае на 12 гадзін. Далей робіць цеста: дадае пшанічнай мукі, солі і замешвае. Гадзіны тры цеста будзе ферментавацца. Тым часам мы можам агледзецца і пагаманіць з гаспадыняй.
На сцяне вісяць павялічаныя старыя фотаздымкі.Адзін з іх вельмі адметны. На ім сям’я з дзецьмі,
самы малодшы хлопчык — гэта дзед апошняй гаспадыні хаты, Іван Пыж. У пачатку ХХ стагоддзя ён паехаў у Амерыку на заробкі, узяўшы з сабою здымак сваёй сям’і і плеценую з лазы валізу. А вяртаўся назад з той самай валізай, у якой ляжаў здымак, павялічаны і аздоблены прыгожай рамай.Той самы, што вісіць цяпер на сцяне перад намі. А валіза таксама захоўваецца — у музеі ў Любані.
Па хаце расстаўленыя цікавыя артэфакты: вялізны куфар, старыя ложкі, стол і дзве даўжэзныя лавы, насупраць печы — шыкоўны даўні суднік. Каля печы ціха чакае кухоннае начынне, хлебная лапата ў тым ліку. На печы вісіць вянок. Кабета тлумачыць:
— Увосень назбіралі дубовага і кляновага лісця, каб падкладаць пад кулідкі, пакуль яны выпякаюцца.
Пані Ірына запрашае да стала і трактуе нас свойскім маслам і салёным сырам. Наш хлеб, што мы прывезлі з сабою, быў у гэтай кампазіцыі надзвычай дарэчы. Пакуль трушчым гэтую смакату, распытваем, як выпякалі хлеб раней, пра стаўленне да яго.
— Зазвычай мама рашчыняла хлеб у суботу звечару, ніколі не рабіла гэта ў непрыбранай хаце — каб не абразіць хлеб.Таму папярэдне ўсё чыста вымывала і прыбірала, вымывалася сама. Толькі потым бралася за хлеб: рашчыняла на ноч, назаўтра зранку замешвала цеста і ўдзень выпякала.
Пакуль цеста падыходзіла, дзецям належала паводзіць сябе прыстойна, бо хлеб любіць цішыню і спакой.Надзвычай важнай была дзея, калі хлеб саджалі ў печ. Гаспадыня вельмі не любіла, як
І кожная гаспадыня была перакананая, што ейны хлеб — найлепшы. Таму пазычаць яго не любілі, казалі, маўляў, «яна [суседка] ж мне такога не верне».Потым з’явіўся хлеб крамны і гэта была вялікая палёгка — можна было болей не выпякаць яго самастойна. Але па некаторым часе шмат хто ад крамнага хлебу адмовіўся.
Нас цікавіць пытанне: што дадавалі даўней у хлеб?
— Выпякалі хлеб з кменам, а таксама з мацярдушкай. Асабліва смачны быў хлеб з сушанымі чарніцамі!
А ці ўдзельнічаў хлеб у святочных абрадах?
— На Каляды, напрыклад, была завяздёнка: калі на небе поўня, на ноч на падваконне, пад месячнае святло, клалі адмысловую булачку. Яна выпякалася такім чынам: перад тым, як пасадзіць у печ бохан хлеба, на ім пальцам крэмзалі крыжык, потым гэты крыжык на невялікім кавалку цеста здымалі з бохана і выпякалі асобна. Назаўтра гэтую булачку дзялілі паміж усімі сямейнікамі, давалі жывёле — на здароўе і спор.
Пакуль мы гаманілі, цеста саспела і ў печы дагарэлі дровы. Гаспадыня адгортвае жар з чарэні і ставіць на яго патэльні, каб прагрэць. Печ вельмі старая і чарэнь ужо няроўная, таму кулідкі выпякаюцца на патэльнях.
Мокрымі рукамі кабета набірае ў далоні цеста і пачынае фармаваць булку. Бохан адрозніваецца ад камяка цеста тым, што яго верхняя паверхня нацягваецца, дзеля гэтага цеста нібыта падтыкаецца знізу.Далей гаспадыня кладзе яго на патэльню і ставіць у печ. Калі ўсе кулідкі сфармаваныя і размешчаныя ў печы, яна закрываецца засланкай. Праз хвілін дваццаць кулідкі трэба дастаць і змачыць вадой — каб верхняя скарынка была крамяная. Пасля гэтага хлеб будзе дапякацца яшчэ каля гадзіны. Гаспадыня смяецца:
— Суседзі любяць, калі я пяку тут хлеб: кажуць, цяжка хату абмінуць — такі водар стаіць! Часта заходзяць, каб хаця пакаштаваць хатняга хлеба.
Кабета распавяла пра ідэі развіцця праекту: яна плануе стварыць музей, дзе можна будзе ўбачыць шлях ад зерня да хлеба. Але хата старая і патрабуе сур’ёзнага рамонту, таму ўсе экспанаты пакуль захоўваюцца на гарышчы. Але пані Ірына не губляе энтузіязму і, пакуль мы збіраемся ад’язджаць, рашчыняе хлеб на заўтра.