Пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да дырэктара і аднаго з удзельнікаў ТАА «Расмірбуд» Кірылы Зяневіча.
Ён падазраецца ў крадзяжы сродкаў СТАА «Белвінгеслагістык», што будуе пад Ракавам вялізны транспартна-лагістычны цэнтр.
Будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра пад Ракавам пачалося ў 2010 годзе, хоць сам праект з'явіўся на свет за тры гады да гэтага.
Але фактычна тры гады пайшло на розныя ўзгадненні і выбудоўванне дзелавых адносін паміж партнёрамі. Менавіта будаўніцтва ТЛЦ пад Ракавам дало старт бурнаму развіццю транспартна-лагістычнага бізнэсу ў Беларусі.
У рэалізацыі вялікага інвестпраекта ўзялі ўдзел дзве літоўскія кампаніі (лагістычная «Вінгес тэрміналас» і будаўнічая «Алвора)» і адна беларуская (найбуйнейшая транспартная кампанія «Белінтэртранс»).
Усе трое сталі заснавальнікамі СТАА «Белвінгеслагістык», на якое і былі ўскладзены функцыі па рэалізацыі праекта.
Але ўжо праз год пасля пачатку будаўніцтва паміж удзельнікамі пачаліся сур'ёзныя канфлікты. Падставай для іх стала ўзрастанне кошту праекта.
Паводле сцвярджэння беларускага боку, кошт праекта з незразумелых прычынаў вырас проці меркаванага першапачаткова на 4 мільёны еўра. Удзельнікі СТАА «Белвінгеслагістык» адзін за адным пабеглі ў Гаспадарчы суд, выстаўляючы адзін аднаму ўзаемныя прэтэнзіі. Але аднымі толькі гаспадарчымі пазовамі бакі не абмежаваліся.
Пры канцы 2011 года па заяве аднаго з удзельнікаў заводзіцца першая крымінальная справа ў дачыненні да дырэктара СТАА «Белвінгеслагістык» Вячаслава Сікорскага.
Яго абвінавацілі ў тым, што з сакавіка да кастрычніка 2011 года ён, не атрымаўшы пісьмовага згоды ўдзельнікаў таварыства, выплаціў сабе больш за 300 мільёнаў рублёў матэрыяльнай дапамогі на будаўніцтва жылля.
Зрэшты, яшчэ да гэтага рэпутацыя СТАА «Белвінгеслагістык» была падмочаная, калі ГУУС Мінгарвыканкама завяло крымінальную справу ў дачыненні да намесніка дырэктара кампаніі.
Праўда, яму ставіліся ў віну эпізоды па працы не ў СТАА «Белвінгеслагістык», а карупцыйныя справы на ранейшай пасадзе - у крэсле дырэктара КУП «УКБ адміністрацыі Партызанскага раёна г.Мінска".
Новая крымінальная справа, якая ўзбуджана па выніках будаўніцтва ТЛЦ пад Ракавам, стала чарговым вынікам работы па пошуку і падліку зніклых грошай. Аднак цяпер фігурантам разбору сталі не службовыя асобы СТАА «Белвінгеслагістык», а кіраўнік аднаго з падрадчыкаў.
Гаворка ідзе пра дырэктара і ўдзельніка ТАА «Расмірбуд» Кірылу Зяневіча. Паводле звестак Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, ТАА «Расмірбуд» атрымала ад СТАА «Белвінгеслагістык» перадаплату ў суме больш за 330 мільёнаў рублёў за пастаўку шчэбеню. Аднак пастаўка так і не была ажыццёўлена, а грошы не вернутыя дагэтуль. На думку праваахоўных органаў, на самай справе падазраваны з самага пачатку не меў намеру выконваць абавязацельствы па пастаўцы.
У цяперашні час крымінальная справа для арганізацыі папярэдняга расследавання перададзена ў Следчы камітэт, які паспрабуе адказаць на галоўнае пытанне: куды выцяклі грошыкі?
Менавіта па выніках расследавання можна будзе сказаць, наколькі рэальна вінаваты Зяневіч. Аднак за кампаніяй ТАА «Расмірбуд», якую ён узначальвае, цягнецца шлейф аналагічных нявыкананых забавязанняў, адносна якіх пададзена шмат пазоваў у суды і заяваў у праваахоўныя органы. Як вынік, на цяпер ТАА
«Расмірбуд» змяшчаецца ў рэестры даўжнікоў Вышэйшага гаспадарчага суда, паколькі судом вынесены акт аб немагчымасці спагнання доўгу.
Такі акт выносіцца Гаспадарчым судом, калі ў даўжніка няма маёмасці на балансе, якая можа быць рэалізавана за даўгі, адсутнічаюць дэбіторы, няма грошай на разліковых рахунках і доўгі час не фіксуецца наагул якогасьці руху па рахунках.

Улічваючы ўсё пазасудовыя, судовыя і банкаўскія працэдуры, такі акт Гаспадарчы суд выносіць звычайна не раней чым праз год пасля ўступлення ў законную сілу рашэння суда, які пацвердзіў такое забавязанне.

У сувязі з гэтым цікава, на якой падставе сама кампанія ў дадзены момант пазіцыянуе сябе ў інтэрнэце як вельмі вядомая, добрасумленная і нават у пэўным сэнсе ўплывовая?

Здаецца, што цяперашні крымінальны скандал вакол будаўніцтва ТЛЦ пад Ракавам зусім не апошні.
Тым больш што і самое СТАА «Белвінгеслагістык» цяпер трапіла ў той самы рэестр даўжнікоў Вышэйшага гаспадарчага суда ў сувязі з тым, што прымусовае выкананне па спагнанні і яе доўгу беспаспяхова цягнецца ўжо больш за тры месяцы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?