Меркаванні11

Беразоўскі: чалавек экстрыму

Памёр Барыс Беразоўскі. Сыходзіць эпоха.

Недзе напаткаў думку, што насамрэч тое — італійскае — Адраджэньне было пры бліжэйшым разглядзе не такой ужо мілай зьявай, як здаецца з пэрспэктывы стагодзьдзяў — бесьсьмяротны жывапіс, вальнадумства там. Чалавек — мера ўсіх рэчаў у грамадзтве, якое выломвалася са строгіх рэлігійных правілаў, азначала: я — мера ўсіх рэчаў, я — закон для сябе і для сьвету. Вось гэта — пра Беразоўскага.

Першы алігарх Расеі, той, хто нагой адчыняў дзьверы ў крамлёўскія кабінэты, той, хто у 1996 годзе сабраў каманду, якая забясьпечыла перамогу Ельцына, той, хто зрабіў Пуціна, а потым стаў ягоным хіба ня самым галоўным і сур’ёзным ворагам, чалавек, каго найбольш ненавідзелі ў Расеі — гэта ўсё пра Барыса Беразоўскага.
У адным з інтэрвію на пытаньне, якая галоўная якасьць рускага чалавека, ён адказаў: экстрым. Гэта і сапраўды пра рускіх, але найперш пра сябе. І тое, што па крыві быў габрэям, гэта значыць у Расеі, «в этом христианнейшем из миров», у нечым чужым, ізгоем — штурхала быць у экстрыме рускім з рускіх: дакажу, перамагу.

Як у стужцы Лунгіна «Алігарх», калі герой, сьпісаны зь Беразоўскага, зьбіты, ледзь не забіты, выходзіць на шашу і сутыкаецца з кавалькадай машын, на якіх ягоная каманда ўцякае ў Шарамецьева ад разгрому бізнэс-імпэрыі боса. Герой сядае ў машыну і загадвае: «У Маскву!» Кепскі чалавек? Так, кепскі, кепскі, пытаньняў няма. Грэшны? Ну так, хаця аўтар гэтых радкоў ня рабін, ня ксёндз і ня поп.

Але калі ў 1996 годзе ўсе рыхтаваліся да ўвацарэньня Зюганава, не ў апошнюю чаргу дзякуючы волі і энэргіі Беразоўскага гэты трэнд быў зламаны і «чырвоныя» да ўлады ў Расеі не вярнуліся.
Ці ў 1999 годзе, калі Расея чакала на Крэмль Прымакова, менавіта Беразоўскі зрабіў зь нікому невядомага былога шэфа ФСБ нацыянальнага героя і пераможцу.
Ну, а пазьней — хіба ня мог ён ціха дажываць свае дні, купаючыся ў грашах, заробленых (а і накрадзеных) у такіх памерах, што хапала і на ўнукаў? Ды мог, зразумела. Не захацеў.
Хаця калі б хацеў, дык ня стаў бы тым, кім стаў, яшчэ тады, напачатку 90-х. Бо для таго, каб у тыя гады выйграць у гангстэрскім сьвеце рускага капіталізму, які тады нараджаўся, патрэбныя былі выключныя якасьці — волі, розуму, характару. У каго іх не было — той ці разарыўся, ці сеў, ці атрымаў кулю.

Некалі Сьвятлана Алексіевіч, атрымаўшы прэмію «Трыюмф», спансараваную Беразоўскім, і паўдзельнічаўшы ў прыёме, які той ладзіў у гонар ляўрэаткі, на якім быў увесь маскоўскі бамонд, казала мне: «Я ня ведаю яго справы і ўплывы, але ён там быў проста самым глыбокім, цікавым і разумным». Наўрад ці тое была адно ўдзячнасьць — Алексіевіч казала тое мне прыватна.

Стасункі Беразоўскага з Лукашэнкам — асобная і цікавая тэма. Была і вайна — тая ж справа Шарамета, у якой Лукашэнка абвінавачваў менавіта Беразоўскага, было і сяброўства супраць Пуціна ўжо пасьля эміграцыі Беразоўскага. Матывам сяброўства было, мяркую, ня толькі супадзеньне інтарэсаў, але і падабенства тыпаў асобаў.
Беразоўскі, пасварыўшыся з Пуціным, палюбіў дэмакратыю? Лукашэнка любіць Расею? Кіньце дурное. Я — мера ўсіх рэчаў, я дыктую гэтаму сьвету закон — вось вышэйшая асалода для людзей такога кшталту. Нават ня іхныя мільёны ці мільярды. А гульня па вышэйшых стаўках, экстрым, як і было сказана. Гульню тую Беразоўскі па вялікім рахунку прайграў. А жыцьцё… А хіба што і выйграў. Пражыў так, што не было пакутліва балюча за бязмэтна пражытыя гады, як пісаў клясык савецкай літаратуры. А сышоў, калі вакно фантастычных магчымасьцяў, адкрытае крахам «чырвонай» імпэрыі, зачынілася канчаткова. Сышоў час, які ў той жа Брытаніі, дзе скончыліся дні Беразоўскага, быў, калі Фрэнсіс Дрэйк — пірат і рабаўнік — рабіўся каралеўскім адміралам і лордам. А потым эпосе рамантычнага амаралізму прыйшоў канец і «людзям Флінта» стала не да песенек.

Сьмерць сабрата па зброі — кепскі сыгнал і для беларускага партнэра Барыса Абрамавіча. Насамрэч Аляксандар Лукашэнка, пры ўсёй яго ідэалягічнай «савецкасьці» — таксама дзіця 90-х, часу «флібусьц’ераў і авантурыстаў».

Ну, а вяртаючыся да нябожчыка, стаць сымбалем эпохі — мяркую, таксама заслуга. Тым больш, што эпоха тая — усё ж эпоха вызваленьня. Ды і наагул наша, мая эпоха.

Так што — мір праху.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Палякі ўсё часцей не прапускаюць да сябе беларусаў на аўтамабілях. Вось у чым праблема8

Палякі ўсё часцей не прапускаюць да сябе беларусаў на аўтамабілях. Вось у чым праблема

Усе навіны →
Усе навіны

Ракета SpaceX, імаверна, ужо сутыкнулася з Месяцам2

Войскі беспілотных сістэм Расіі ўзначаліў ураджэнец Слуцка13

Буяны беларускі рэцыдывіст разбіў камеру відэаназірання ў расійскім СІЗА1

У Паўночнай Македоніі памерла беларуская турыстка

Павольна сыходзьце, не паварочваючыся да яго спінай. Пад Асіповічамі заўважылі вялікага мядзведзя4

Беларускія спецслужбы выведваюць інфармацыю пра ўдзельнікаў канферэнцыі «Новая Беларусь»9

«Я трымаў дзве галоўкі часнаку, а ён ляцеў за мной». Прадавец з Херсона расказаў, як за ім ганяўся расійскі дрон5

ЗША сталі часцей адмаўляць беларусам у прытулку6

Wildberries паскарае будаўніцтва хаба ў «Вялікім камені» на фоне атак на склады ў Расіі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палякі ўсё часцей не прапускаюць да сябе беларусаў на аўтамабілях. Вось у чым праблема8

Палякі ўсё часцей не прапускаюць да сябе беларусаў на аўтамабілях. Вось у чым праблема

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць