Гісторыя2222

Чаму незалежная Беларусь не зрабілася сапраўды беларускай?

Канец 1980-х — пачатак 1990-х гадоў і дагэтуль застаецца перыядам, які часцей за ўсё абмяркоўваецца ў сучасным беларускім грамадстве і выклікае абсалютна процілеглыя меркаванні.
Адна з нявырашаных праблем, на якую за два дзесяцігоддзі так і не знайшлося адказу — чаму партыйнай эліце не была патрэбная незалежнасць. Сапраўды, чаму кіраўніцтва Беларусі не падтрымала ідэю незалежнасці? Прасцей за ўсё абвінаваціць іх у кансерватыўнасці, пасрэднасці, адсутнасці стратэгічнага мыслення і г.д. Але такі ход выглядае занадта просталінейным. Насамрэч, усё выглядае цікавей і адначасова прасцей.

Для таго, каб знайсці адказ на пытанне, варта перанесціся ў канец 1970-х — пачатак 1980-х гадоў. Большасць кіруючых пасадаў у Беларусі тады займалі прадстаўнікі «партызанскага пакалення».
Найбольш вядомымі сярод іх былі К. Мазураў, П. Машэраў, Ц. Кісялёў, С. Прытыцкі, І. Палякоў і іншыя. Яны прайшлі ў маладосці праз партызанскія атрады або ваявалі на фронце, былі вылучаны на партыйную працу пасля вайны і з прыходам на пасаду першага сакратара Кірыла Мазурава (1956) паступова занялі у Беларусі ўсе найбольш істотныя пасады.

Яшчэ з пасляваенных гадоў галоўная ўвага ў айчыннай эканоміцы надавалася прамысловасці. Менавіта падчас кіравання «партызан» пачалося будаўніцтва шэрагу буйных прамысловых аб’ектаў, а рэспубліка пераўтварылася ў зборачны цэх для усяго СССР.

Парадокс, але пры гэтым «партызаны» куды лепш разбіраліся не ў прамысловасці, а ў сельскай гаспадарцы. Самі яны паходзілі з вёсак, прычым выхоўваліся ў адносна беларускамоўным асяроддзі. Так, тагачасныя палітычныя забабоны не давалі ім нават тэарэтычных магчымасцяў для правядзення беларусізацыі. Але не перашкаджалі дэманстраваць асабістае станоўчае стаўленне да прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. У гэтым, бадай, адна з прычын таго, чаму дзеянні «партызанскіх» лідараў атрымалі станоўчую ацэнку ў айчыннай мемуарыстыцы.

Але, паўтаруся, у прамысловасці «партызаны» не былі спецыялістамі. Таму за практычную распрацоўку рашэнняў у гэтай сферы адказвалі гаспадарнікі.
Адной з найбольш уплывовых у іх асяроддзі з’яўлялася так званая «мінская гарадская індустрыяльная група» (тэрмін прапанаваў амерыканскі даследчык Майкл Урбан). Прадстаўнікі апошняй, якія нарадзіліся за дзесяцігоддзе да вайны, прайшлі школу буйных прамысловых прадпрыемстваў, працавалі не столькі ў партыйных камітэтах, колькі на вытворчасці. Напрыклад, Мікалай Слюнькоў, нефармальны лідар групы, толькі два гады з’яўляўся першым сакратаром мінскага гаркаму. Большая частка яго кар’еры прайшла на Мінскім трактарным заводзе і ў агульнасаюзным Дзяржплане.

На пачатку 1980-х гадоў у Савецкім Саюзе, як і ў Беларусі, былі відавочныя прыкметы эканамічнага крызісу. Узяцца за выпраўленне сітуацыі на месцах павінны былі спецыялісты ў гэтай сферы — гаспадарнікі. (Паколькі ўладу ўсё задавальняла ў грамадска-палітычнай сферы, ніхто не прапанаваў ідэолагам узяць стырно ў свае рукі). 11 студзеня 1983 года памёр першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі Ціхан Кісялёў. Амаль імгненна, праз суткі на яго месца быў прызначаны Мікалай Слюнькоў.

Менавіта Мікалай Мікітавіч (зразумела, са згоды цэнтральнага кіраўніцтва) правёў адну з самых маштабных кадравых чыстак, што зведала Беларусь у мінулым стагоддзі.
За кароткі час Слюнькоў выдаліў з вышэйшага кіраўніцтва ўсіх патэнцыйных канкурэнтаў (каго адправіў на пенсію, каго на дыпламатычную працу). Ключавыя пасады сакратара ЦК КПБ па прамысловасці, кіраўніка рэспубліканскага Дзяржплана, пазней прэм’ера занялі прадстаўнікі «мінскай гарадской індустрыяльнай групы», якія затрымаліся ва ўладзе дзесяцігоддзе, да 1994-га. Амаль адначасова прайшла чыстка Міністэрства ўнутраных спраў. Цікава, што МУС узначаліў Віктар Піскароў, які ў 1970-я гады працаваў са Слюньковым і ўзначальваў упраўленне ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкаму. Характэрна, што нават пасаду сакратара ЦК КПБ па ідэалогіі заняў «гаспадарнік» — Валерый Пячэннікаў.

«Мінская гарадская індустрыяльная група» сапраўды здолела нармалізаваць справы ў эканоміцы (зразумела, у кантэксце агульнасавецкай сітуацыі). Таму эканамічны крызіс прыйшоў у Беларусь пазней, чым у іншыя савецкія рэспублікі (у гэтым, дарэчы, адна з прычын слабой актыўнасці насельніцтва ў перабудовачных працэсах). Але ў ідэалагічнай сферы назіраліся адваротная сітуацыя. Так, большасць прадстаўнікоў гэтай групы нарадзілася ў вёсцы. А вось адукацыю і першыя прафесійныя крокі яны зрабілі ў гарадах, дзе дамінавала менавіта руская мова. Таму большасць з іх ставілася да мовы як да рудымента, які з часам абавязкова знікне. Таму не дзіўна, што заклікі да абуджэння нацыянальнай свядомасці не маглі не выклікаць у іх нічога іншага, як устойлівую алергію.

Зразумела, існуе вялікая спакуса параўнаць станоўчых «партызан» і дрэнных мінскіх «гаспадарнікаў». Неаднаразова даводзілася сустракаць у друку іх супрацьпастаўленне, а таксама думкі, што калі б Пётр Міронавіч затрымаўся на сваёй пасадзе, гісторыі Беларусі развівалася б у іншым кірунку.
Але маё меркаванне цалкам супрацьлеглае. Як ні дзіўна гэта прагучыць, прыход «мінскай гарадской індустрыяльнай групы» з’яўляўся заканамерным і ў нечым нават адносна прагрэсіўным крокам для Беларусі. Чаму?

Якімі б станоўчымі якасцямі гісторыкі ні надзялялі «партызан», апошнія былі абсалютна савецкімі людзьмі, якія і падумаць не маглі пра самастойнасць і незалежнасць. Так, «гаспадарнікі» нібыта таксама супраціўляліся суверэнітэту Беларусі. Але хачу звярнуць увагу на вельмі істотны момант: гэта непрыняцце мела месца на духоўна-ідэалагічным, а не на эканамічным узроўні. Як і ў марксізме, іх быццё вызначала свядомасць. Так, прадстаўнікі мінскай групы таксама былі савецкімі людзьмі, якія не атаясамлялі сябе з нацыянальнай культурай. Але на працы ім увесь час даводзілася сутыкацца з канкрэтнымі гаспадарчымі пытаннямі. Між тым, ступень цэнтралізацыі у тыя часы была надзвычай высокай. Напрыклад, на ўзроўні Палітбюро магло вырашацца, колькі кінатэатраў можа працаваць у Адэсе. Таму ў «гаспадарнікаў» пакрысе з’яўлялася імкненне да пэўнай самастойнасці ў эканамічных пытаннях. Узнікаў своеасаблівы эканамічны патрыятызм.

Гэта праяўлялася ў розных сітуацыях. Напрыклад, будучы прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч, якія ў 1980-я займаў шэраг адказных пасадаў у апараце ЦК КПБ, а потым узначальваў рэспубліканскі Дзяржплан, настойліва супраціўляўся спробам перавесці яго ў Маскву.
Бо ўсведамляў, што там будзе пятым колам у возе, а тут зможа рэальна ўплываць на справы. Або Мікалай Слюнькоў, які ўвайшоў у склад гарбачоўскага Палітбюро, у канцы 1980-х прапаноўваў дэцэнтралізаваць вытворчасць і ўтварыць у РСФСР 6–7 рэгіёнаў, якія б мелі ўсю паўнату гаспадарчай улады і роўныя правы з саюзнымі рэспублікамі. Нягледзячы на тое, што яго выказванні датычыліся толькі Расіі, прыняцце такой праграмы відавочна змяніла б характар функцыянавання эканомікі ўсяго Саюза.

Таму Вячаслаў Кебіч (як прадстаўнік «мінскай гарадской індустрыяльнай групы») і парламенцкая большасць у Вярхоўным Савеце 12 склікання, пайшлі, адпаведна, на падпісанне і ратыфікацыю Белавежскіх пагадненняў, кіруючыся не прагай да незалежнасці, а сваімі прагматычнымі разлікамі (эканамічным патрыятызмам і імкненнем самім вырашаць рэспубліканскія гаспадарчыя пытанні). І пакуль рух адбываўся ў гэтым рэчышчы, падтрымлівалі пераўтварэнні (як і культурныя ініцыятывы, якія не падрывалі асноў тагачаснага грамадства). Але як толькі ўзнікла магчымасць дасягнуць незалежнасці ў свядомасці людзей, рэзка павярнулі назад. У гэтым і заключаецца як гістарычнае значэнне, так і абмежаванасць пакалення 1980-х гадоў.

У той сітуацыі Беларусі не хапіла палітыкаў іншага пакалення, якія, кіруючыся або рамантычнымі, або прагматычна-кар’ернымі пранцыпамі, забыліся пра ўласнае палітычнае мінулае і зрабілі стаўку на нацыянальныя лозунгі.
Такім шляхам пайшлі лідары большасці былых савецкіх рэспублік (Гейдар Аліеў, Нурсултан Назарбаеў, Эдуард Шэварднадзэ і іншыя). Парадокс, але ці не адзіным такім палітыкам у Беларусі з’яўляўся сакратар мінскага гаркаму, а потым першы міністр замежных спраў Пётр Краўчанка.

Дык можа ўся справа ў кадравых зменах пачатку 1980-х гадоў? Але прыход ва ўладу «гаспадарнікаў» з’яўляўся агульнасавецкай тэндэнцыяй. На сітуацыю ў рэспубліцы паўплывалі працэсы русіфікацыі, якія пачаліся задоўга да прыхода ва ўладу «мінскай гарадской індустрыяльнай групы». Але менавіта дзеянні апошніх заклалі падмурак для далейшага развіцця сённяшняй Беларусі.

Каментары22

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе9

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп прапанаваў тэлевядоўцу пасаду міністра абароны 5

«Гэта не заробак, гэта бонус». Некаторым беларусам падабаецца атрымліваць частку зарплаты прадуктамі2

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву65

«Як людзі на такое вядуцца? Ды вельмі проста». Расповеды беларусаў, якія працавалі тэлефоннымі ашуканцамі12

Алексіевіч пра маршы пратэсту: Цяпер было б больш жорстка, была б кроў. А тады мы думалі, што гэта свята24

Трамп абвясціў імя свайго дарадцы па нацбяспецы11

Атрад беларускіх добраахвотнікаў «Тэрор» заявіў пра самароспуск9

У Абхазіі пасля пратэстаў і перакрыцця мастоў адпусцілі з-пад варты апазіцыянераў

Слюнькін: Адным толькі вызваленнем палітвязняў Лукашэнка Трампа не зацікавіць3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе9

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе

Галоўнае
Усе навіны →