Першы «Кірмаш» у Гомелі адбыўся 4 красавіка гэтага года і прадэманстраваў 11 праектаў розных накірункаў: ад арт-хаўса і цырка да арт-вёскі і пешаходнай вуліцы.

Гэтым разам у цэнтры ўвагі «Кірмашу», які адбудзецца ў Гомелі 17 кастрычніка, — музыка. А значыць, у пошук абвяшчаюцца:

- Грамадска значныя музычныя праекты, падзеі, канцэпцыі, стратэгіі (напрыклад, фармавання музычнай, стылёвай адметнасці ўстановы) і іншае. Вітаюцца як гісторыі «праходу» праекта праз агонь, ваду і медныя трубы, так і ідэі, якія толькі-толькі нарадзіліся і якія не зашкодзіць «абкатаць» у коле калег, аднадумцаў і многіх пакуль не ідэнтыфікаваных», але ўжо неабыякавых людзей.

- Аўтары музычных праектаў: музыкі, арганізатары канцэртаў, арт-дырэктары, кіраўнікі навучальных музычных установаў і многія іншыя, хто ідзе па жыцці з музыкай.

- Шырокая публіка. Асаблівыя прыкметы: зацікаўленасць у паляпшэнні якасці і росце колькасці музычных падзей.

Фармат: «маланкавая размова» — гэта некалькі 5-хвілінных прэзентацый, створаных загадзя ў PowerPoint, Prezi.com і г.д. «Кірмаш праектаў» уключае таксама абмеркаванне прадстаўленых праектаў і галасаванне за найлепшы.

Навошта такая сустрэча? Адмыслоўцам у музычнай сферы «Кірмаш праектаў» будзе карысны, каб падзяліцца цікавым, каштоўным досведам, атрымаць ацэнку калег, пачаткоўцам — прадставіць новыя ідэі і, галоўнае, знайсці партнёраў для іх рэалізацыі! Гледачы (сярод якіх таксама будзе нямала адмыслоўцаў) могуць натхніцца творчым арганізацыйным запалам, даць парады, узяць удзел у рэалізацыі таго ці іншага культурніцкага праекта.

Каб стаць удзельнікам «Кірмашу праектаў», неабходна да 13 кастрычніка ўключна даслаць на электронную скрыню [email protected] прэзентацыю, у якую абавязкова ўключыць:

— назву прэзентацыі*;

— сутнасць прэзентацыі (што менавіта вы хочаце прадставіць: праект, стратэгію, кампанію, канцэпцыю і г.д.)*.

Для праектных ідэй і канцэпцый:

— мэты і задачы (чаму і каму гэты праект неабходны);

— фармат праекта, яго ўнікальнасць і (ці) неабходнасць;

— калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;

— якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія шукаеце (каманда, дзеянні, партнёры, бюджэт).

Для рэалізаваных праектаў таксама:

— вашыя поспехі і цяжкасці ў рэалізацыі;

— як вы бачыце развіццё праекта ў будучыні.

Для канцэпцый ці стратэгіі:

— апісанне: сутнасць, бачанне;

— мэтавыя аўдыторыі.

Больш падрабязна пра падрыхтоўку прэзентацыі для «Кірмашу праектаў» можна даведацца тут. Таксама з усімі пытаннямі звяртайцеся да каардынатара кампаніі «Будзьма беларусамі!» па Гомельскім рэгіёне Яўгена Меркіса (тэл: +37544 7494166).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?